Да чаго рыхтуюць Беларусь і навошта Лукашэнку гарантыі бяспекі?

Гарантыі бяспекі, якія Аляксандр Лукашэнка цяпер патрабуе ад Расеі, маюць сэнс толькі ў выпадку падрыхтоўкі да эскалацыі – то бок значнага павелічэння расейскай вайсковай прысутнасці і пашырэння ролі Беларусі ў канфлікце. Шэраг трывожных сігналаў на гэты конт можна заўважыць і ўнутры краіны. Ці можа гэта прывесці да ўступлення Беларусі ў вайну?

Здымак мае ілюстарцыйны характар. Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы з вышэйшым вайсковым кіраўніцтвам на палігоне ў Беларусі. 6 студзеня 2023 года. Фота: Andrei Stasevich / BelTA Pool Photo / AP / East News

Гарантыі бяспекі Шрёдзінгера

Міністр абароны РФ Сяргей Шайгу 10 красавіка прыляцеў у Менск з «з паўнамоцтвамі і даручэннямі», сфармуляванымі на падставе дамоўленасцяў Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі, якія былі дасягнуты на мінулым тыдні ў Маскве. Узаемасувязь менскага візіту і маскоўскай сустрэчы падкрэслівалі абодва бакі. Лукашэнка паведаміў, што падчас перамоваў з Пуціным ён паставіў пытанне аб нейкіх гарантыях бяспекі для Беларусі.

«Увогуле гэта гучала на перагаворах так, што ў выпадку агрэсіі супраць Беларусі Расейская Федэрацыя абараняе Беларусь як уласную тэрыторыю. Вось такія нам патрэбны гарантыі бяспекі», – заявіў ён.

Лукашэнка так і не патлумачыў канкрэтна, як павінны выглядаць гэтыя гарантыі з юрыдычнага пункту гледзішча, але узгадаў прапанову  Уладзіміра Пуціна на гэта конт: «Нам трэба прарэвізаваць усе нашы дамовы і пагадненні – Беларусі і Расеі, – паглядзець, які нарматыўны прававы акт міждзяржаўнага характару трэба прыняць зараз, каб гарантаваць поўную бяспеку Беларусі».

Гэтая заява выглядае вельмі дзіўна. Рэч у тым, што раней Лукашэнка, і да, і пасля пачатку поўнамаштабнай агрэсіі супраць Украіны неаднаразова падкрэсліваў, што ў РФ і Беларусі створана адзіная абаронная прастора і «фактычна адзіная армія», якая ў выпадку вонкавай агрэсіі будзе ваяваць разам. «Калі на нашу краіну будзе здзейснены напад, тут будуць сотні тысяч расейскіх войскаў, якія з сотнямі тысяч беларусаў будуць адстойваць гэтую святую зямлю», – заяўляў ён 28 студзеня 2022 году. «Калі трэба, Расея па дамове будзе абараняць Беларусь як сваю тэрыторыю. Калі трэба прымяніць ядравую зброю, крый божа, вядома, яна будзе выкарыстана… Таму тэрыторыя Беларусі абароненая Расейскай Федэрацыяй», – падкрэсліваў ён у інтэрв’ю AFP у ліпені 2022 года.

Здымак мае ілюстарцыйны характар. На здымку (злева направа) – Сяргей Шайгу і Уладзімір Пуцін. Фота: Sputnik / Reuters / Forum

Пагадненні, падпісаныя Беларуссю і РФ, сапраўды прадугледжваюць пэўныя абавязкі ў вайсковай сферы. У пункце 20 супольнай ваеннай дактрыны Саюзнай дзяржавы гаворыцца, што «дзяржавы-ўдзельніцы разглядаюць любыя дзеянні з выкарыстаннем ваеннай сілы, накіраваныя супраць любой з дзяржаваў-удзельніц, як замах на Саюзную дзяржаву ў цэлым і будуць рабіць адпаведныя захады ў адказ з выкарыстаннем усіх сілаў і сродкаў у іх распараджэнні».

Аналагічныя абавязкі замацаваныя ў дамове АДКБ: «у выпадку ўчынення агрэсіі на любую з дзяржаваў-удзельніц усе астатнія дзяржавы-ўдзельніцы на просьбу гэтай дзяржавы-ўдзельніцы неадкладна дадуць ёй неабходную дапамогу, уключаючы ваенную, а таксама падтрымаюць сродкамі, якія знаходзяцца ў іх распараджэнні».

То бок насамрэч гарантыі бяспекі на выпадак агрэсіі супраць Беларусі існуюць даўно, і Лукашэнка на прапагандысцкім узроўні неаднойчы да гэтага аргументу звяртаўся. Нейкія дадатковыя гарантыі маглі спатрэбіцца Лукашэнку толькі ў кантэксце абмеркавання канкрэтных ваенна-палітычных рашэнняў.

Ядравы ўдар або паход на Кіеў?

Палітычны аглядальнік радыё «Свабода» Юрый Дракахруст у інтэрв’ю «Белсату» заўважыў, што, магчыма, просьба Лукашэнкі была звязаная з ядравай зброяй: каб у выпадку нападу ці канфлікту Расея магла ўжыць ядравую зброю супраць нават няядравай агрэсіі.

У ваеннай дактрыне Расейскай Федэрацыі ёсць пункт, які дазваляе нанесці ядравы ўдар у звычайным канфлікце «калі пад пагрозу пастаўленае існаванне дзяржавы» (арт. 27). У супольнай ваеннай дактрыне Саюзнай дзяржавы адпаведная норма адсутнічае: у арт. 22 ядравая зброя характарызуецца толькі як фактар стрымлівання вайны. Нельга выключаць, што дамоўленасць аб выкарыстанні ядравай зброі Лукашэнка хоча замацаваць не толькі ў ваенных дактрынах, але і ў асобным дакуменце.

Здымак мае ілюстарцыйны характар. Фота: Министерство обороны Республики Беларусь / Facebook

Аднак гэта версія не можа патлумачыць, чаму менавіта цяпер Лукашэнку спатрэбіліся дадатковыя гарантыі. Нядаўні зварот да Нацыянальнага сходу паказаў, што для ядравага шантажу беларускаму боку зусім не патрэбная афіцыйная паперка ад Пуціна. Значыць, Лукашэнку патрэбнае нешта большае, чым проста магчымасць палохаць свет новай Хірасімай.

Варта звярнуць увагу на прынцыповы момант: існыя гарантыі бяспекі з боку РФ тычацца толькі вонкавай агрэсіі – гэта прапісана ў пагадненнях і Саюзнай дзяржавы, і АДКБ. А вось калі агрэсарам будзе Беларусь, то абараняць беларускую тэрыторыю як сваю Расея зусім не абавязана. Таму ў кантэксце гіпатэтычнага ўступлення Беларусі ў вайну або хаця б проста выкарыстання расейскай арміяй беларускай тэрыторыі ў якасці плацдарма для новага паходу на Кіеў просьба Лукашэнкі аб гарантыях бяспекі сапраўды набывае сэнс. Калі наступ на Кіеў скончыцца катастрофай і ЗСУ на плячах адступаючых войскаў агрэсара зойдуць на беларускую тэрыторыю, то Лукашэнка трэба ведаць, што ён у такім выпадку не застанецца адзін.

Гэта, канешне, не значыць, што без дадатковых гарантыяў Расея не стане абараняць Лукашэнку. Як заўважыў у інтэрв’ю «Белсату» Грыгорый Ніжнікаў з Фінскага інстытуту міжнародных адносінаў, Крэмль і так лічыць Беларусь часткай сваёй  тэрыторыі. «Таму яна канешне будзе абараняць яе як саму сабе», – кажа эксперт.

Лукашэнка, імаверна, сам гэта разумее. Аднак у тым выпадку, калі Масква настойвае на пашырэнні ролі Беларусі ў вайне, выстаўленне дадатковых умоваў (напрыклад, гарантыяў бяспекі) можа быць, як мінімум, спосабам зацягнуць гэты працэс.

Колькі войскаў у Лукашэнкі, і ці варта чакаць мабілізацыі?

Павелічэнне ваеннай групоўкі РФ?

На нейкае «пашырэнне рамак» намякнуў і Шайгу, кажучы пра расейскую вайсковую прысутнасці ў Беларусі.

«Сапраўды тут дастаткова вялікая групоўка. І мы, вядома, сёння разгледзім усе пытанні яе далейшага і знаходжання, і падрыхтоўкі, і, напэўна, пашырэнні рамак, якія абмяркоўвалі разам з Уладзімірам Уладзіміравічам», – заявіў расейскі міністр.

Вядома, што з кастрычніка 2022 году ў Беларусі праходзяць падрыхтоўку расейскія мабілізаваныя, а трэнуюць іх беларускія афіцэры. Колькасць расейскай групоўкі ў розныя перыяды ацэньвалася ад некалькі тысяч да 15 тысяч чалавек. Магчыма, Расея хоча істотна павялічыць маштабы сваёй вайсковай прысутнасці ў Беларусі, што ў выпадку новай хвалі мабілізацыі выглядала б цалкам лагічным крокам.

Пры гэтым «пашырэнне рамак» не абавязкова звязана выключна з падрыхтоўкай мабілізаваных. Інстытут вывучэння вайны (ISW) раней адзначаў, што канец 2023 года будзе найбольш зручным перыядам для новага расейскага ўдару з боку Беларусі. У тым ліку таму што тады можна будзе разгарнуць наступальную групоўку пад выглядам двухбаковых вучэнняў «Захад-2023» (дата вучэнняў пакуль не прызначана).

Так ці інакш, з улікам магчымага пашырэння вайсковай прысутнасці РФ у Беларусі цалкам лагічным выглядае «зачыстка» ваенізаванай аховы Беларускай чыгункі, пра якую распавёў нядаўна Telegram-канал belzhd_live. Хвалю затрыманняў і звальненняў belzhd_live наўпрост звязвае з працай камісіі па праверцы ўзроўню абароненасці крытычна важнай інфраструктуры і тым, што «неўзабаве прагназуецца значнае павелічэнне аб’ёму вайсковых перавозак». Натуральна, што лукашэнкаўскія спецслужбы не хочуць дапусціць новай «рэйкавай вайны», а таксама распаўсюджвання звестак аб магчымым перасоўванні расейскіх вайскоўцаў па тэрыторыі краіны, таму праводзяць прэвентыўныя рэпрэсіі.

Пад «пашырэннем рамак» магло мецца на ўвазе і анансаванае раней разгортванне тактычнай ядравай зброі.

«Зараз як раз і вырашаецца: дзе, як і што будзе рабіцца. І ў дадзеным выпадку мы размаўляем пра з’яўленне расейскай вайсковай базы ў Беларусі. Вядома, што ядравая зброя будзе абараняцца Масквой, таму юрыдычна, хутчэй за ўсё, з’явіцца паўнавартасная расейская вайсковая база», – падкрэсліў у інтэрв’ю «Белсату» эксперт Грыгорый Ніжнікаў.

Магчыма, цяпер як раз і вырашаецца, колькі расейскіх жаўнераў будзе завезена на пастаяннай аснове ў Беларусь.

Рэпетыцыя мабілізацыі і доўгатэрміновае рыхтаванне

Характэрна, што размову пра гарантыі бяспекі Лукашэнка завёў на фоне чарговай праверкі баявой гатовасці беларускай арміі. У рамках гэтай праверкі праходзіць даўкамплектаванне падраздзяленняў вайсковаабавязанымі і здыманне тэхнікі з працяглага захоўвання.

Кампанія па прызыву на вайсковыя зборы праводзіцца даволі агрэсіўна: паведамляецца, што на Берасцейшчыне і Гарадзеншчыне кагосьці забіралі з ложка, іншых – проста з працы, некаторых хапалі на вуліцы. На зборы вайсковаабавязаным даюць некалькі гадзінаў, калі пашанцуе – содні. Колькасць прызваных на вайсковыя зборы не называецца, улады ўсяляк падкрэсліваюць планавасць мерапрыемстваў. Аднак цікава, што раней, у сакавіку, Лукашэнка падпісаў указ аб прызыве 250 афіцэраў запасу – гэта ў 2,5 раз больш, чым звычайна прызывалі з запасу ў мірны час. Таму можна выказаць здагадку, што агульная колькасць прызваных на вайсковыя зборы ў сакавіку-красавіку таксама вышэй паказнікаў мінулых гадоў.

Здымак мае ілюстарцыйны характар. Фота: Министерство обороны Республики Беларусь / Facebook

Сітуацыя з прызывам вайсковаабавязаных заўсёды выклікае павышаную ўвагу назіральнікаў. Тэарэтычна вайсковыя зборы могуць зрабіцца схаванай мабілізацыяй: сэнс у тым, каб забраць людзей у войска нібыта ў сувязі з планавымі мерапрыемствамі і ўжо не адпускаць іх, пакуль не пачнецца вайна. Наўрад ці цяпер рэалізоўваецца менавіта такі сцэнар: прыкметаў разгортвання наступальнай групоўкі пакуль не назіраецца. Акрамя таго, няма падставаў казаць пра тое, што зборы могуць зацягнуцца: у Мінабароны ўжо паабяцалі, што ўсе прызваныя запаснікі вярнуцца дадому да 9 траўня. Аднак выглядае цяперашняя кампанія як яшчэ адна рэпетыцыя мабілізацыі, адпрацоўка метадаў і механізмаў.

Захоўваюцца таксама прыкметы доўгатэрміновага рыхтавання беларускіх уладаў да эскалацыі. Belsat.eu раней ужо распавядаў, што шэраг законаў, якія прынялі або збіраюцца прыняць у Беларусі, можа быць сведчаннем планамернай падрыхтоўкі да вайны. Чарговую надзвычайную ініцыятыву агучыў 10 красавіка дзяржаўны сакратар Аляксандр Вальфовіч, прапанаваўшы забіраць у войска студэнтаў.

Усё гэта ўказвае на тое, што рэжым Лукашэнкі разглядае ўдзел у вайне як цалкам рэальны сцэнар, да якога варта быць гатовымі. Аднак гэта не значыць, што рашэнне аб уступленні Беларусі ў вайну або выкарыстанні беларускай тэрыторыі для расейскага наступлення на Кіеў ці Заходнюю Украіну ў выніку будзе прынятае.

Як аналітыкі ISW абгрунтавалі свае высновы наконт Беларусі і чаго не заўважылі

Глеб Нержын belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны