Слова «патрон» цяпер асацыюецца ў шмат каго не толькі з небяспечнаю для жыцця зброяй, але і са службовым вайсковым сабакам, які дапамагае ўкраінскім вайскоўцам у размініраванні вызваленай ад расейцаў тэрыторыі. Патрон – сабака пароды джэк-расэл-тэр’ер. У свае 2,5 года ён зрабіўся сімвалам руху гуманітарнага размініравання, атрымаў дзяржаўную ўзнагароду ад Уладзіміра Зяленскага і трапіў у Twitter Жустэна Трудо. «Белсат» даведаўся, як даўно Патрон служыць у ДСНС і якія мае службовыя абавязкі.
Маёр Міхайла Ільін узначальвае адну з групаў размініравання тэрыторыі Чарнігаўшчыны, нядаўна вызваленую ад расейскай арміі. Вайсковец кажа, што на гэтай тэрыторыі засталося мноства небяспечнай выбухоўкі, бомбаў і снарадаў, што не спрацавалі і могуць забраць жыцці ўкраінцаў, якія пачынаюць пакрысе вяртацца дадому.
У атрадзе маёра Ільіна служыць ужо легендарны сабака Патрон. Джэк-расэл-тэр’ер паспеў стацца героем навінаў, мэмаў і нават сімвалам міжнароднага руху гуманітарнага размініравання.
Патрон не службовы сабака. З ім з 6-імесячнага ўзросту працавалі кінолагі. Ён наведваў прыватныя і групавыя заняткі, каб сацыялізавацца з іншымі людзьмі і сабакамі.
«Ягоная вядомая разгрузка была зробленая, калі Патрону споўнілася 6 месяцаў. Там ёсць адмысловыя фіксатары, каб, калі ён паправіўся і падрос, яны яшчэ доўга служылі. Патрон мусіў паехаць у зону ААС як валанцёр, але пачалося вайсковае ўварванне, і сабака застаўся выконваць свае абавязкі. Цяпер ён дапамагае як сабака-валанцёр і стаўся паўнавартасным сябрам каманды», – кажа Ірына, сябра групы размініравання.
Маёр Ільін кажа, што працаваць выпадае кожны дзень і без выходных. Працоўны дзень пачынаецца з 8:00 і часта працягваецца нават да 20:00. «Залежыць ад аб’ёму», – кажа вайсковец.
«Роля Патрона ў тым, што гэта наш талісман, які падтрымлівае наш баявы дух. Ён працуе 24/7 у любое надвор’е. Таксама ён з дапамогаю нюху добра знаходзіць выбохоўку, і калі нешта небяспечнае ён вынюхвае – далей працуюць сапёры. Сабака ж не можа пераносіць выбухованебяспечных прадметаў на іншае месца, каб потым іх знішчыць», – адзначыў маёр Ільін.
Пасля кожнага выбуху адбываецца правяранне, ці ўсе небяспечныя матэрыялы былі знішчаныя. Патрон адмыслова рыхтаваўся адрозніваць розныя віды выбухоўкі і выбухованебяспечных матэрыялаў.
«Ён усё адчувае, таму Патрон пачынае з дапамогаю свайго пошукавага інструмента, глядзіць, ці не засталося чагосьці небяспечнага», – кажа пра ролю Патрона ў камандзе маёр Ільін.
Маёр Ільін адзначае, што служба Патрона цяпер вельмі запатрабаваная. Шмат людзей вяртаецца з Захаду, яны хочуць адбудоўваць жыццё і глядзяць, у якім стане іхная ўласнасць. Да службы размініравання штодня паступае мноства тэлефанаванняў з просьбамі размініраваць тэрыторыі, бо людзі знаходзяць рэшткі выбухоўкі, што не спрацавала.
Алесь Усцінаў, ЗХ, belsat.eu