У варшаўскім «Музеі вольнай Беларусі» 10 чэрвеня прайшла канферэнцыя «Reshape 2023», якую арганізаваў «Цэнтр новых ідэй» супольна з «Банкам ідэй». «Белсат» пераказвае, пра якія варыянты будучыні Беларусі размаўлялі на галоўнай сцэне.
Гэтай канферэнцыі 8 гадоў, але апошні раз у офлайн-фармаце яна праходзіла ў 2019 годзе ў Менску – пасля пачатку пандэміі перайшла ў онлайн-фармат. Як расказаў дырэктар па даследаваннях «Цэнтру новых ідэяў» Рыгор Астапеня, у онлайн-фармаце «цяжка будаваць сапраўдны дыялог», а беларусам «важна пагутарыць пра тое, дзе аказалася Беларусь і куды рухаецца» на чацвёрты год маштабных рэпрэсіяў і другі год вайны.
Канферэнцыя была падзеленая на тэматычныя секцыі. На бізнес-секцыі згадвалі Асацыяцыю беларускага бізнесу за мяжою ABBA і Беларускі бізнес-цэнтр у Польшчы, абмеркавалі «беларускасць» бізнесу эмігрантаў і этычнасць вядзення бізнесу ў Беларусі. На секцыі пра беларускі сегмент Youtube казалі пра тое, як ён змяніўся за два гады, як зрабіць шоў на сотні тысяч праглядаў і як зрабіць, каб беларусы глядзелі сваё.
А вось што абмяркоўвалі на секцыях пра грамадства.
Дырэктар «Цэнтру новых ідэяў» Антон Раднянкоў распытаў кіраўніка даследчага цэнтру BEROC Паўла Данейку пра Беларусь у глабальным кантэксце. Данейка даводзіў, што пачатак поўнамаштабнай вайны ва Украіне стаў «пунктам пералому» і для ягонага светапогляду, і для Беларусі, якая «ператвараецца з нацыі тутэйшых у нацыю, якая ганарыцца сабою».
Ідэалогія тутэйшых, паводле Данейкі, гэта «рабіце, што хочаце, толькі не лезьце ў маю хату». Беларусы былі гатовыя «сябраваць з усімі», падтрымліваць адносіны з усімі суседзямі і быць нейтральнымі, як Швейцарыя. Ды пачалася вайна, якая прымусіла паглядзець на суседзяў па-іншаму:
«Ёсць суседзі-вегетарыянцы і суседзі-людажэры».
Цяпер, даводзіць Данейка, увесь свет мусіць даведацца, што Беларусь – еўрапейская краіна, бо вайна дала разуменне Захаду, што Расея не ёсць еўрапейскай. Загучала «ідэя палітычна-абарончага характару» – Беларусь мае далучыцца да Еўразвязу. Данейка прызнаецца, што і сам да вайны лічыў «швейцарскі варыянт» ідэальным, але вайна прымусіла зразумець, што для Беларусі гэта адзіны шлях захавання незалежнасці. І як эканаміст ён падтрымлівае далучэнне да Еўразвязу яшчэ з адной прычыны: гэта трэба дзеля правядзення рэформаў, бо без еўразвязаўскай «дыктатуры ідэі рэформаў» Грузія, Малдова і Украіна адстаюць у эканамічным развіцці.
А што рабіць, каб у Беларусі «пакрыўджаныя рэформамі» не скінулі ўладу рэфарматараў, якія папсавалі іхную галіну дзейнасці, як то неэфектыўныя ці неэкалагічныя вытворчасці? Данейка адказвае: патрэбныя інвестыцыі ў развіццё іншых галінаў і праграмы перанавучання.
Еўраінтэграцыя, таксама як прыватызацыя, гэта інструмент, якім трэба ўмець валодаць, падкрэслівае ён. Бываюць няўдалыя прыклады, як прыватызацыя ў Вугоршчыне ці «разгром польскага караблебудаўніцтва нямецкім капіталам». Трэба вывучыць чужы досвед і чужыя памылкі, а таксама разумець, што ўступленне ў Еўразвяз – «нармальны бізнес-працэс», пры якім трэба будзе бараніцца ад пэўных бізнес-групаў.
Заснавальнік платформы «Новая Беларусь» Павел Лібер, даследчыца «Цэнтру новых ідэяў» Леся Руднік і палітычны аглядальнік Юрый Дракахруст абмеркавалі сувязь беларускай дыяспары з людзьмі ў Беларусі. Яны пагадзіліся, што няма расколу на тых, хто з’ехаў, і тых, хто застаўся. Палярызацыя, даводзіць Руднік, праходзіць па каштоўнасных лініях, і гэта варта прызнаць, каб працаваць над гэтым. Лібер расказвае, што са свайго боку бачыць, што беларусы добра ўзаемадзейнічаюць і дапамагаюць адзін аднаму незалежна ад геаграфіі, а палітычная палярызацыя якраз не дае працаваць разам.
Ніводнаму пакаленню беларускай эміграцыі яшчэ не ўдавалася «стварыць другую Беларусь за мяжою», згадваў Дракахруст: дыяспара не адыгрывала значнай ролі, калі раней спрабавала паўстаць вольная Беларусь. Толькі ў падзеях пасля выбараў 2020 года, як заўважыў Лібер, тыя, хто з’ехаў, адыгрывалі большую ролю дзякуючы лічбавым тэхналогіям.
Дыяспара можа «ствараць сэнсы»: у 1884 годзе беларускія студэнты, якія ў Санкт-Пецярбурзе выдавалі газету «Гоман», не прыдумалі, як зрабіць новую рэвалюцыю, але «прыдумалі Беларусь» як асобную нацыю са сваёй ідэнтычнасцю. У 2020 годзе лозунг «далоў Лукашэнку» не даваў залежным ад сістэмы Аляксандра Лукашэнкі адказаў на пытанні, як жыць далей – не было праекту будучай Беларусі. Новая Беларусь пачнецца ў Беларусі і не пойдзе ад мігрантаў, даводзіць Дракахруст, але:
«Дыяспара можа зрабіць ідэйны падмурак рэвалюцыі».
Беларусь, заспакойвае ён, як чэшырскі кот з казкі: сам кот нібы знікае, а ўсмешка застаецца: гэта бачна па тым, як беларускія медыі ў эміграцыі не гатовыя станавіцца медыямі для эмігрантаў.
Але дыяспара мусіць зрабіць так, каб свет чуў галасы не толькі эмігрантаў і ўладаў, як гэта адбываецца цяпер, а каб «гучала Беларусь – нашая метраполія», кажа Дракахруст. Руднік адказвае, што людзі ў Беларусі самі павінны «захацець размаўляць» – тэхналогіі гэта дазваляюць, а дыяспары трэба спрыяць жаданню размаўляць. Лібер лічыць, што палітычныя сілы-та могуць прыдумаць супольны аб’яднальны план, у які «ўсе павераць», але пакуль гэтага не адбылася, простым беларусам трэба разбудоўваць гарызантальныя сувязі, якія сталі важнымі ў 2020 годзе. І каб «дацягнуцца да Беларусі», трэба пашыраць інструментарый – магчыма, нават карыстацца неэстэтычнымі «Аднакласнікамі».
У абмеркаванні таго, куды рухаецца беларуская нацыя, бралі ўдзел палітычны аналітык Арцём Шрайбман, уладальніца лічбавага агенцтва «Reg Graphic» Надзея Зелянкова, гісторык і аўтар перадачы «Вусы Скарыны» на «Белсаце» Цімох Акудовіч.
Яны прыйшлі да высновы, якую агучыла Зелянкова:
«Захоўвайце спакой і вастрыце косы».
Зелянкова адзначае, што адрозненні між «старой Беларуссю і новай Беларуссю» кідаюцца ў вочы на візуальным узроўні: дзе дыктатура, там «непрыгожыя рэчы, непрыгожыя будынкі, непрыгожыя людзі», бо таталітарнае кіраванне прыводзіць да таго, што лаяльнасць важнейшая за крэатыўнасць. У беларусаў, верыць яна, ёсць розныя нацыянальныя ідэі, але праблема ў тым, што бракуе ўпэўненасці ў сабе, бо «нас няшмат абдымалі і казалі, якія мы малайчыны, таму нам падаецца, што мы мусім стаць нейкімі іншымі». Таму трэба вучыцца камунікаваць і распавядаць пра сябе.
Акудовіч жа кажа, што падзеленасць грамадства гэта нармальна, у большасці краінаў народ падзелены палітычнымі пытаннямі. Але ў беларусаў ёсць асаблівасць: апошнія паўтысячы гадоў амаль не было войнаў, у якіх беларусы б не ваявалі па абодва бакі супраць адно аднаго, ды не было грамадзянскіх войнаў між беларусамі без вонкавага прымусу – апошняе, што было падобна да грамадзянскай вайны, была хіба пасля смерці князя Вітаўта. Беларусы вечна ваююць адзін з адным, але не па сваім жаданні.
Ды Акудовіч задаецца пытаннем: мо любая нацыя мусіць перажыць канфлікт, а грамадзянская вайна – хоць жахлівая, але прыкмета росту? А калі прымірыцца, мо канфлікт працягнецца, пакуль адзін бок не перамеле другі?
Шрайбман пагаджаецца ў тым, што падзел – рыса любога грамадства, але кажа, што каштоўнасны падзел беларускага грамадства не перарасце ў знішчэнне адзін аднаго. Ён прагназуе, што калі нагоды для падзелу – Лукашэнка, траўма 2020 года і вайна ва Украіне – адыдуць у гісторыю, то беларускае грамадства зробіць крок наперад: або будзе сварыцца праз нешта новае, або будзе «сшывацца». Ён сумняецца, што беларускае грамадства гатовае плаціць «татальны кошт» за перамогу над другім бокам. І ў Беларусі няма геаграфічнага падзелу на прыхільнікаў і праціўнікаў Лукашэнкі, «вёска ад гораду не аддзеліцца і бацькі ад дзяцей не аддзеляцца».
Акудовіч заўважае, што нельга казаць аб тым, што ў беларусаў «адна душа» і што яна павінна абавязкова быць «заходняй»: балты і славяне, Літва і Русь – заўсёды ў гісторыі Беларусі былі розныя ідэнтычнасці і розныя мовы, адна з якіх была беларускай. Каб сшыць гэта ў адно, трэба прайсці праз нешта страшнае. Але праблема ў тым, што калі ты «заходнік», то ты любіш Захад і хочаш быць беларусам, а калі «ўсходнік», то можаш «праваліцца ў рускі мір і не разумееш, як быць усходнім беларусам». Ён заклікае «дапамагчы арганізавацца ўсходу», каб той зажыў сваім жыццём, бо асноўныя рысы беларускай ідэнтычнасці сфармаваныя «заходнікамі», а «ўсходніку ў гэтым няўтульна».
Шрайбман лічыць, што цяпер варта артыкуляваць еўрапейскі выбар. Цяпер незразумела, якім будзе рэгіён і якой будзе Расея па заканчэнні вайны ва Украіне. Пакуль Расея не дазволіць быць Беларусі не тое, што празаходняй, а нават нейтральнай, але па заканчэнні вайны, магчыма, беларусам можна будзе стаць больш амбіцыёзнымі. Цяпер еўрапейскі выбар трэба прасоўваць не таму, што ён будзе абавязкова падтрыманы, а таму, што гэта створыць сэнсы для будучай дыскусіі. І пакуль усё роўна няма электаральных кампаніяў, «можна быць смялейшымі», каб у будучай дыскусіі кампраміс быў «бліжэй да нас»
Суразмоўцы дапусцілі, што ў Беларусі адна дыктатура зменіцца наступнай – «ну, будзем змагацца далей». Ядро прыхільнікаў Лукашэнкі ўжо стала мацнейшым, кажа Акудовіч, бо займела агульнага ворага: «раней мы былі ворагам Лукашэнкі, а цяпер мы разбурылі іхную Беларусь». У іх з’явіліся гучныя галасы, але не з’явілася лідараў, без Расеі яны не змогуць арганізавацца.
Шрайбман адзначае, што палярызацыя можа дайсці да гвалтоўнай фазы, але без вонкавага фактару беларусы не пойдуць на беларусаў:
«Зможам пабудаваць інстытуты, не будзе расейскага ўварвання – грамадзянскай вайны не будзе».
Зелянкова ж прагназуе, што «калі зменіцца сітуацыя, зменяцца і меркаванні». Беларусы ў апытаннях пераважна кажуць, што яны або на баку Украіны, або за нейкі нейтралітэт. Нейкі адсотак падтрымкі Уладзіміра Пуціна ёсць нават у Эстоніі, дзе вольны доступ да інфармацыі. Таму лічбы ў Беларусі пазітыўныя і добрыя: беларусы хочуць, каб Украіна перамагла, і гэта рэжым «на іншым баку».
Алесь Наваборскі. Фота: Міра Ляселішская belsat.eu