РПЦ абвясціла пацыфізм не сумяшчальным з праваслаўным вучэннем і ерассю

Царкоўны суд Расейскай праваслаўнай царквы абвясціў пацыфізм ерассю. Пра гэта сказана ў матэрыялах справы царкоўнага суда аб пазбаўленні сану кастрамскога святара Іаана Бурдзіна, які выказваўся супраць агрэсіі Расеі супраць Украіны.

Царкоўная служба ў галоўнай царкве Узброеных сілаў Расеі. 3 красавіка 2022 года. Фота: foto.patriarchia.ru

6 сакавіка 2022 года іерэй Іаан Бурдзін у казані сказаў, што моліцца за мір на ўкраінскай зямлі. Адзін з прысутных паведаміў пра гэта паліцыю. На святара быў складзены пратакол за дыскрэдытацыю Збройных сілаў Расеі. Таксама яго вінавацілі ў публікацыі на парафіяльным сайце заявы, якая асуджае «спецыяльную ваенную аперацыю» ва Украіне і падпісаную ім заяву пра тое, што хрысціяне не могуць «заставацца ў баку, калі брат забівае брата, хрысціянін – хрысціяніна».

Суд прызнаў святара вінаватым і аштрафаваў на 35 000 расейскіх рублёў. Пасля гэтага ён таксама быў вымушаны пайсці за штат і пакінуць настаяцельства. Бурдзін паспрабаваў перайсці ў Балгарскую праваслаўную цэркву, але для гэтага яго мусілі адпусціць з РПЦ. Аднак 16 сакавіка 2023 года Бурдзіна забаранілі ў служэнні, а на 16 чэрвеня прызначылі царкоўны суд.

Пацыфізм радыкальна разыходзіцца з пазіцыяй РПЦ

У матэрыялах царкоўнага суду над Бурдзіным адзначаецца, што «ён спрабуе паўстаць у вобразе паслядоўнага пацыфіста, чужога палітычнай ангажаванасці, сцвярджаючы пры гэтым, што пацыфізм прама выцякае з вучэння Хрыста».

«Пацыфізм, якім святар Бурдзін спрабуе прыкрыцца ад абвінавачанняў у яго адрас, не сумяшчальны з сапраўдным вучэннем Праваслаўнай царквы, у прыватнасці, выкладзеным у «Асновах сацыяльнай канцэпцыі». Пацыфізм у розныя эпохі царкоўнай гісторыі прысутнічаў у ерэтычных дактрынах», – гаворыцца ў матэрыялах суду.

Дый агулам, заяўляюць у РПЦ, пацыфізм Бурдзіна «ўяўны, аднабакова арыентаваны, за ім выразна бачная яго антырасейская палітычная пазіцыя, якая ў нашай краіне ўспрымаецца як непрымальная, і што важна падкрэсліць, якая радыкальна разыходзіцца з пазіцыяй Расейскай Праваслаўнай Царквы, яму, несумненна, вядомай».

Вінавацяць Бурдзіна і ў парушэнні мноства кананічных правілаў, якія датычаць тэмы падпарадкавання, у тым ліку «цару, або князю».

«РПЦ пачынае разыходзіцца па швах». Як патрыярх Кірыла падтрымаў вайну і згубіў Украіну. І не толькі яе

Якуб Хруст belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны