У Магілёве дзяўчынка выпала з акна шостага паверху. Яна загінула

Трагедыя здарылася ўвечары 11 чэрвеня ў адным са шматпавярховікаў на вуліцы Якубоўскага ў Магілёве. Дзяўчынцы было паўтара года.

Як паведамляе Следчы камітэт, паўтарагадовая дзяўчынка была ў кватэры з бабуляй, пакуль бацькі былі ў ад’ездзе. Дзіця засталося без нагляду, калі жанчына адлучылася на кухню, каб разагрэць ежу. Малая залезла на канапу, якая стаяла побач з падаконнем, адкрыла акно і ўпала ўніз з вышыні шостага паверху. Ад атрыманых траўмаў яна загінула.

Следчы і судовы эксперт аглядаюць месца здарэння, апытваюць сваякоў і суседзяў, плануецца прызначэнне судова-медыцынскай экспертызы.

Следчы камітэт заклікае бацькоў не пакідаць малалетніх дзяцей без нагляду нават на кароткі час і абсталяваць усе вокны ў кватэры адмысловымі замыкальнымі прыладамі.

Дзеці выпадаюць з вокнаў і гінуць, хоць пра небяспеку рэгулярна папярэджваюць. Што рабіць?

Глеб Нержын belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны