Адкрылі рэгістрацыю на канферэнцыю «Новая Беларусь». Яна пройдзе 3–4 жніўня ў Вільні

Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская запрасіла да рэгістрацыі на чарговую канферэнцыю «Новая Беларусь», што пройдзе ў Вільні 3–4 жніўня. На канферэнцыі збіраюцца абмеркаваць самаідэнтыфікацыю беларусаў, расставіць стратэгічныя прыярытэты і пашукаць адказы на выклікі для Беларусі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Удзельнікі другога дня канферэнцыі дэмакратычных сілаў «Новая Беларусь». Вільня, Літва. 9 жніўня 2022 года. Фота: Белсат

Заяўкі на ўдзел прымаюць ад прадстаўнікоў беларускіх дэмакратычных сілаў, актывістаў і актывістак, грамадскіх і культурных ініцыятываў, прадстаўнікоў дыяспараў, экспертаў і журналістаў.

«Нашая салідарнасць – гэта тая каштоўнасць, якую мы захоўваем у сабе, нягледзячы на намаганні рэжыму аддаліць нас адно ад аднаго, – напісала Святлана Ціханоўская. – І вельмі важна, каб такія мерапрыемствы, як канферэнцыя “Новая Беларусь”, працягвалі заставацца пляцоўкамі для камунікацыі, якія нас аб’ядноўваць. Я спадзяюся, што падчас івэнту мы не толькі адрэфлексуем мінулыя выклікі і памылкі, але і адшукаем у дыскусіях супольнае разуменне таго, у якім кірунку працаваць беларускай дэмакратычнай супольнасці».

Рэгістрацыя для ўдзельнікаў тут, для журналістаў і блогераў тут. Арганізатары звяртаюць увагу, што адказ на заяўку прышлюць праз электронную пошту confnewbelarus@tsikhanouskaya.org (адрас заклікаюць пераправяраць, бо магчымыя правакацыі) да канца дня 19 ліпеня.

Першую канферэнцыю «Новая Беларусь» правялі ў 2022 годзе – па выніках быў створаны Аб’яднаны пераходны кабінет і праведзеныя першыя выбары ў Каардынацыйную раду. На другой канферэнцыі ў 2023 годзе пастанавілі правесці яшчэ адныя выбары ў КР паводле новай сістэмы, прэзентавалі праект «пашпарта Новай Беларусі» і звольнілі з пасады прадстаўніка Аб’яднанага пераходнага кабінету Аляксандра Азарава.

Як змяніўся вобраз Ціханоўскай за 2020–24 гады, і як яна глядзіцца побач з іншымі лідаркамі

Алесь Наваборскі belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны