Пікет – адной нагой, князь – экстрэміст, дырэктар санаторыю – здраднік. Рэпрэсіі 11 чэрвеня

Ужо чатыры гады ў Беларусі не спыняюцца маштабныя палітычныя рэпрэсіі: штодня затрыманні і суды. «Белсат» расказвае, што стала вядома за адзін толькі дзень 11 чэрвеня.

Акцыя салідарнасці адвакатуры Літвы з палітвязнем і адвакатам Максімам Знакам насупраць амбасады Беларусі. Літва, Вільня. 11 чэрвеня 2024 года. Фота: чытач «Белсату»

Ананімны Telegram-канал, звязаны з берасцейскімі сілавікамі, пахваліўся затрыманнем «радыкала»: паўдзясятка ўзброеных байцоў у поўным рыштунку схапілі аднаго мужчыну, які, як сцвярджаюць сілавікі, падчас пратэстаў 2020 года паламаў лаўку і хадзіў з адламаным кавалкам. На «пакаянным відэа» мужчына са свежымі слядамі пабояў.

На іншым ананімным канале, звязаным з менскімі сілавікамі, апублікавалі «пакаяннае відэа» з мужчынам сталага веку з рукамі за спінай, які нібыта напісаў каментар з заклікам блакаваць чыгунку ў напрамку Масквы.

Ананімны канал, звязаны з гарадзенскімі сілавікамі, пахваліўся затрыманнем дзяўчыны з Менску, якая на «пакаянным відэа» кажа, што ў 2020 годзе напісала абразлівы каментар на адрас міліцыянтаў. За гэта ёй пагражаюць крымінальнай справай.

У Менску 22 траўня ў прыёмным пакоі лякарні № 5 затрымалі мужчыну за «несанкцыянаванае пікетаванне», бо на ягонай назе была вытатуяваная Пагоня. У пастанове так і напісана: без дазволу Менгарвыканкаму «дэманстраваў навакольным грамадзянам размешчаную на правай ікраножнай цягліцы тату ў выглядзе герба Пагоня», што нібыта рабілася «з мэтай публічнага выказвання сваіх грамадска-палітычных інтарэсаў». У выніку хлопцу прысудзілі 7 содняў адміністратыўнага арышту.

«Флагшток»: на Гомельшчыне шукаюць настаўнікаў з Украіны, якія прыехалі пасля Еўрамайдану

Дзяржаўны тэлеканал АНТ распавёў, што загадчыцы аддзелу маркетынгу санаторыю «Беларусь» у Друскеніках Элене Раманаўскіене прысудзілі 6 гадоў нібыта за агентурную дзейнасць. Дырэктару санаторыю прысудзілі 9 гадоў зняволення. Імя спачатку не называлі – можна было толькі здагадвацца, што гэта Андрэй Кобель. Вечарам 11 красавіка на АНТ паказалі «пакаяннае інтэрв’ю» са зняволеным Кобелем, якога назвалі «здраднікам дзяржаве». На ім была жоўтая бірка «экстрэміста».

У судзе Горацкага раёну 25 сакавіка вынеслі новы прысуд палітзняволенаму «рэйкаваму партызану» Дзянісу Дзікуну, піша «Вясна». Суддзя Наталля Фамічова прызначыла яму яшчэ два гады зняволення ў дадатак да раней прысуджаных 23 гадоў паводле артыкулу за «Злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі» (ч.2 арт. 411 КК РБ). Гэты артыкул дазваляе бясконца трымаць зняволеных за кратамі і не патрабуе доказаў «парушэнняў». У Магілёўскім абласным судзе 18 чэрвеня адбудзецца разгляд апеляцыйнай скаргі Дзікуна. Рашэнне будзе прымаць судовая калегія пад старшынствам суддзі Сяргея Каралёва.

Паводле той жа ч.2 арт. 411 КК РБ суддзя Сяргей Кухацкавалец дадаў 9 месяцаў да 19 гадоў калоніі палітвязню і анархісту Дзмітрыю Рэзановічу. У Берасцейскім абласным судзе 28 чэрвеня разгледзяць апеляцыйную скаргу Рэзановіча. Рашэнне будзе прымаць судовая калегія пад старшынствам суддзі Мікалая Сянько.

На 14 чэрвеня ў Баранавічах запланавалі суд над дзевяццю людзьмі, якіх вінавацяць паводле «народнага» артыкулу 342 КК РБ – «Дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак». На лаве падсудных маюць апынуцца Арцём Дзёгцеў, Дзмітры Міхальцэвіч, Віталь Наўгародскі, Іван Лапкоўскі, Алег Саргавіцкі, Аляксандр Новік, Вячаслаў Калавусаў, Валянцін Суцягін і Максім Хмяльніцкі. Суддзя – Сафія Хвалько.

«Працаўнікам калоніі забаронена хадзіць у рэстараны». Жыхар Наваполацку – пра рэпрэсіі і ўцёкі з радзімы

Суды ў Беларусі працягваюць прызнаваць інтэрнэт-старонкі «экстрэмісцкімі матэрыяламі». У спіс «экстрэмістаў» трапілі сярод іншага старонкі ў сацсетках крамы адзення і сувеніраў «Князь Вітаўт» і Telegram-канал расейскага выдання «Daily Storm».

Улады таксама працягваюць адбіраць маёмасць у палітычных апанентаў. Як заўважыла «Зеркало», на электронным аўкцыёне выставілі 1/7 частку адміністрацыйнага памяшкання ў Менску, якое належыць палітвязню і прадстаўніку праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянціну Стэфановічу. Раней прадалі на аўкцыёне машыну Стэфановіча.

Прыхільнікі ўлады тым часам спадзяюцца атрымаць маёмасць за саўдзел у рэпрэсіях. «Кіберпартызаны» расказвалі, што рэктар БДУ Андрэй Кароль спадзяваўся атрымаць льготную трохпакаёвую кватэру ў Менску за тое, што быў актыўным у «зачыстцы» ўніверсітэту ад палітычна ненадзейных студэнтаў і выкладчыкаў. А «BELPOL» падлічыў, што сям’я рэктара ўжо і без таго мае аж пяць кватэраў.

Допыты на мяжы: што варта спраўдзіць пасля корпання сілавікоў у смартфоне

Алесь Наваборскі belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны