Праваахоўныя органы Польшчы маюць запісы, на якіх відаць забойцу жаўнера Матэўша Сітэка

Праваахоўным органам Польшчы вядома, як выглядае мужчына, які нанёс смяротнае нажавое раненне польскаму вайскоўцу на мяжы з Беларуссю. Пра гэта піша выданне «Rzeczpospolita».

Польскія памежнікі і паліцыя на мяжы з Беларуссю. Фота: podlaska Policja / Twitter

28 траўня сталася вядома, што мігрант, які спрабаваў нелегальна трапіць з Беларусі ў Польшчу, напаў з нажом на польскага жаўнера. Раненне было сур’ёзнае, вайскоўца даставілі ў шпіталь. 6 чэрвеня 21-гадовы Матэўш Сітэк памёр у шпіталі.

Як піша «Rzeczpospolita», у польскіх следчых ёсць запіс камераў памежнай службы, дзе зафіксаваны момант нападу на Матэўша Сітэка. На відэа бачна, як злачынец ударыў прывязаным да палкі нажом жаўнера, калі той спрабаваў перакрыць пралом у агароджы.

Якасць фатаграфіі дрэнная. Пасля праходжання спецыяльнага апрацоўвання стане зразумела, наколькі выразнай будзе выява асобы нападніка.

«У нападніка смуглая скура, што можа азначаць, што ён не афіцэр службаў Беларусі, а адзін з мігрантаў, якія перабываюць на беларускім баку», – распавяла выданню крыніца, знаёмая з гэтым запісам.

Пасля нападу на польскага жаўнера злачынца ўцёк у Беларусь. Польскія ўлады разлічваюць ідэнтыфікаваць нападніка пры дапамозе мігрантаў, якія перабываюць у памежных цэнтрах.

Нагадаем, Варшава патрабуе ад Менску выдаць падазраванага ў забойстве польскага вайскоўца і спыніць правакацыі на беларуска-польскай мяжы.

Забойства жаўнера Польшча не выбачыць. Лукашэнка правакуе сур’ёзны канфлікт

Глеб Нержын belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны