У Польшчы спрасцілі прызнанне дакументаў аб беларускай адукацыі

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда падпісаў папраўкі ў закон аб дапамозе грамадзянам Украіны. Як адзначае радыё «Свабода», адна з правак тычыцца беларусаў: пацвердзіць беларускі атэстат зараз змогуць усе, а не толькі людзі з міжнароднай абаронай.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Людзі глядзяць на Замкавую плошчу і Каралеўскі замак з вышыні аглядальнай пляцоўкі. Варшава, Польшча. 6 красавіка 2024 года. Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

Адна з паправак дае магчымасць пацвердзіць у Польшчы атэстат аб пачатковай, сярэдняй, няпоўнай сярэдняй і прафесійнай адукацыі краіны, якая дэнансавала пагадненні з Польшчай аб прызнанні дакументаў аб адукацыі. Раней пацвердзіць атэстат праз адпаведную працэдуру ў Польшчы маглі толькі асобы са статусам уцекача і дадатковай абаронай, уцекачы ад узброеных канфліктаў, стыхійных бедстваў і іншых гуманітарных крызісаў, а таксама іхныя блізкія.

Беларусь прыпыніла пагадненне з Польшчай аб супрацы ў галіне адукацыі ў лютым 2023 года. Пазней стала вядома, што ў Беларусі перасталі выдаваць даведкі для паступлення ў замежныя вышэйшыя навучальныя ўстановы.

Праўкі, якія падпісаў прэзідэнт Польшчы, таксама прадугледжваюць стварэнне пасады міжкультурнага асістэнта, які будзе працаваць у школах для дапамогі замежным грамадзянам, якія не валодаюць польскай мовай на дастатковым для атрымання адукацыі ўзроўні.

Мінадукацыі хоча паскорыць прастаўленне апастылю на дакументы

Алесь Наваборскі belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны