Улады Літвы растлумачылі, чаму забаранілі беларусам везці харчы праз мяжу

Забарона на завоз у Літву з Беларусі шмат якіх прадуктаў і напояў дзее з 3 чэрвеня, і з таго часу ўлады суседняй краіны крыху змякчылі правілы і дазволілі правозіць праз мяжу харчы для асабістага спажывання. У Мінсельгасе Літвы растлумачылі «Белсату», навошта санкцыі распаўсюдзілі на фізічных асобаў.

Прадукты падарожнікаў у пункце пропуску на мяжы з Літвою. Фота: belamova / Telegram

3 чэрвеня на літоўскіх пунктах пропуску на мяжы з Беларуссю выраслі горы выкінутых харчоў: службоўцы, спасылаючыся на новы закон, не дазвалялі правозіць амаль нічога, уключна з вадою.

Гэты нарматыўны акт забараняе імпарт у Літву сельскагаспадарчай прадукцыі і кармоў з Беларусі і Расеі. Агулам у пераліку – больш за 2800 найменняў. Прычым закон не прадугледжвае выняткаў для фізічных асобаў, што сталася сюрпрызам для падарожнікаў.

«Парушаюць правы чалавека». МЗС Беларусі занепакоенае забаронай Літвы на ўвоз беларускіх тавараў

У Міністэрстве сельскай гаспадаркі Літвы паведамілі «Белсату», што за змест закону адказнасць нясе парламент краіны, які ўхваліў дакумент, а ведамства толькі склала спіс забароненай прадукцыі:

«Хацелі б адзначыць, што фізічныя асобы таксама могуць займацца камерцыйнай дзейнасцю, таму палажэнні распаўсюджваюцца як на юрыдычных, гэтак і на фізічных асобаў».

У міністэрстве таксама нагадалі, што забарона не датычыць транзітных тавараў, а таксама харчоў, яўна прызначаных для асабістага спажывання падчас паездкі – пакункі маюць быць ускрытымі.

У адной з суполак у Facebook, прысвечанай паездкам паміж Беларуссю і Літвою, апублікавалі адказ мытні на прыватны запыт, у якім удакладняецца, што везці праз мяжу можна да 2 кілаграмаў харчоў, а каб пацвердзіць транзіт, што не падпадае пад забарону, тавары мусяць быць задэклараваныя для мытнага транзіту.

Раней у Мінсельгасе Літвы казалі, што забарона на ўвоз харчоў з Беларусі і Расеі «аслабіць эканоміку краінаў, што ствараюць пагрозу нацыянальнай бяспецы Літвы і ў той жа час умацуе нацыянальную бяспеку нашай краіны».

Дарадца абранай прэзідэнткі Святланы Ціханоўскай Алесь Аляхновіч называў абмежаванні для фізічных асобаў памылкаю і падкрэсліваў, што «такія дзеянні больш шкодзяць звычайным беларусам, чым рэжыму Лукашэнкі».

Новыя санкцыі Літвы: памылка ці злая воля?

Сцяпан Кубік belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны