Зяленскі: «Абавязкова прыйдзе час вольнай Беларусі – Беларусі ў Еўропе»

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі 11 чэрвеня выступіў на цырымоніі адкрыцця «Ukraine Recovery Conference 2024» у Берліне. Ён казаў найперш пра вайну і аднаўленне Украіны, але згадаў і Беларусь.

Уладзімір Зяленскі заклікаў супрацьстаяць агрэсіі Уладзіміра Пуціна, якая спачатку выклікае раскол, затым гібрыдную вайну, а ў выніку і поўнамаштабную.

«Еўразвяз патрэбны ўсім еўрапейцам без выключэння. Кожнай нацыі, што падзяляе супольныя каштоўнасці ўсёй Еўропы і хоча жыць, як мы, жыць у міры, – казаў Зяленскі. – Украінцы – такая нацыя. Як і нашыя суседзі ў Малдове, народ Грузіі, дзяржавы Балканаў і іншыя, што паважаюць Еўропу, свабоду і вяршэнства права. Абавязкова прыйдзе час вольнай Беларусі – Беларусі ў Еўропе».

Што да Украіны і вайны, Зяленскі казаў, што Пуцін разглядае энергарэсурсы як зброю і інструмент скарэння нацыяў. Ва Украіне расейскімі атакамі было знішчана 9 ГВт магутнасцяў, 80 % цеплавой генерацыі, траціна гідрагенерацыі. А пік спажывання энергіі ва Украіне мінулай зімой дасягаў 18 ГВт – знішчаная палова. Зяленскі дадаў пра Пуціна, што «гэта яшчэ не мяжа ягонага тэрору».

Таму Зяленскі заклікаў еўрапейцаў зрабіць усё магчымае, каб зберагчы цяперашняе і аднаўляць страчанае ўжо цяпер, каб паспець да зімы. Гэта, даводзіў ён, трэба не толькі Украіне, бо знішчаюць аб’екты, якія яднаюць украінскую энергасістэму з партнёрамі.

ЗСУ ўпершыню нанеслі авіяўдар па тэрыторыі Расеі

Зяленскі зазначае, што Украіна паказала, як з сучаснымі сістэмамі супрацьпаветранай абароны можа знішчаць любыя расейскія ракеты і дроны, яна ўжо выйграла Чорнае мора. Але Украіна мае толькі каля чвэрці ад патрэбнай супрацьпаветранай абароны, а Расея захоўвае перавагу ва ўкраінскім небе, працягвае ракетны і бомбавы тэрор, скідвае адных толькі кіраваных бомбаў да сотні на дзень.

Таму ён прасіў даць Украіне больш сістэмаў супрацьпаветранай абароны – як мінімум, яшчэ сем сістэмаў «Patriot», каб абараніць асноўныя агламерацыі.

Канцлер Нямеччыны Оляф Шольц на канферэнцыі расказаў, што Нямеччына найбліжэйшым часам перадасць Украіне трэцюю сістэму «Patriot», сістэмы «IRIS-T», «Gepard», ракеты і боепрыпасы.

Францыя хоча стварыць кааліцыю для адпраўкі інструктараў ва Украіну

Алесь Наваборскі belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны