Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 11 ліпеня

Мясцовы жыхар расчышчае завалы свайго дому, які быў разбураны пасля расейскай атакі па жылым квартале ў цэнтры Харкава. 11 ліпеня 2022 г., Украіна. Фота: Яўген Малалетка / AP Photo

«Белсат» падводзіць вынікі апошніх содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 11 ліпеня чытайце ў нашым аглядзе.

Паводле звестак Генеральнага штабу ЗСУ, з моманту поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну страты расейскага войска дасягнулі 37 400 чалавек забітымі.

Цягам апошніх содняў расейцы не спынялі наступальных дзеянняў з мэтай займець поўны кантроль над тэрыторыяй Данбасу і іншым рэгіёнамі Украіны. Пры гэтым па-ранейшаму найбольш спакойная сітуацыя адзначалася на поўначы Украіны.

Колькасць ахвяраў абстрэлу гораду Часаў Яр на Данеччыне дасягнула 24 чалавек

На валынскім і палескім кірунках цягам апошніх содняў істотных зменаў не адбылося. Пры гэтым Узброеныя сілы Беларусі працягваюць свае вучэнні на тэрыторыі Берасцейскай і Гомельскай вобласцяў. Абстрэлаў з тэрыторыі Беларусі не зафіксавана.

На сівэрскім кірунку, дзе Украіна мяжуе з Бранскай вобласцю РФ, расейцы абстралялі са ствольнай артылерыі ваколіцы населенага пункту Карповічы Чарнігаўскай вобласці.

На суседнім харкаўскім кірунку шчыльнасць расейскіх артылерыйскіх абстрэлаў была значна большай: удары прыйшліся па самім Харкаве, а таксама па населеных пунктах Базалееўка, Пятроўка, Рускія Цішкі, Слаціно, Прудзянка, Рубежнае і Благадатнае.

Ноччу расейскія вайскоўцы нанеслі ракетны ўдар па жылым доме ў Харкаве

Сам абласны цэнтр быў абстраляны двойчы – уночы і ранкам 11 ліпеня. У выніку пацярпела 31 асоба (у тым ліку двое дзяцей), трое загінулі. Удар па цывільных аб’ектах быў нанесены з РСЗА «Смерч». Мінабароны РФ прызнала факты абстрэлаў Харкава, але сцвярджае, што яны наносіліся па «пунктах дыслакацыі ўкраінскіх батальёнаў і замежных наймітаў».

Разам з тым на харкаўскім кірунку расейцы намагаліся ўтрымаць раней занятыя пазіцыі ды не дапусціць прарыву ўкраінскіх сілаў. Таксама вораг прымаў меры па забеспячэнні сваіх падраздзяленняў матэрыяльна-тэхнічнымі сродкамі.

На славянскім кірунку вораг абстраляў са ствольнай і рэактыўнай артылерыі наваколле Даброўнага, Мазанаўкі, Багародзічнага, Адамаўкі і Курулькі. Штурм расейцаў у бок Краснаполля ЗСУ адбілі, вораг адышоў на старыя пазіцыі.

На данецкім кірунку ўкраінская выведка фіксуе прыкметы падрыхтоўкі праціўніка да актывізацыі баявых дзеянняў на краматорскім і бахмуцкім кірунках.

Знішчаны авіяўдарамі шматкватэрны дом у цэнтры гораду. Барадзянка, Кіеўская вобласць, Украіна. 11 чэрвеня 2022 года. Фота: Алесь Усцінаў / Белсат

На самім краматорскім кірунку актыўных баявых дзеянняў расейцы не праводзілі, але абстралялі з артылерыі тэрыторыі каля Сівэрску, Закотнага, Серабранкі, Грыгораўкі, Белагораўкі, Верхнякаменскага і Спірнага.

На суседнім бахмуцкім кірунку ўдары прыйшліся па ваколіцах Бераставога, Пакроўскага, Саледару, Зайцавага, Вяршыні, Новалуганскага, Кляшчыеўкі і Нью-Ёрку.

На навапаўлаўскім кірунку расейцы працягваюць штурмавыя дзеянні з мэтаю паляпшэння свайго тактычнага становішча. Адначасова з гэтым яны ажыццяўляюць абстрэлы ўкраінскіх пазіцыяў па ўсёй лініі сутыкнення.

Шчыльныя абстрэлы ўкраінскіх пазіцыяў цягам апошніх содняў назіраліся таксама і на аўдзееўскім, курахаўскім і запарожскім кірунках. Пры гэтым расейцы ў чарговы раз намагаліся штурмаваць Мар’інку, аднак і гэтая спроба правалілася, вораг адступіў.

На паўднёвабужскім кірунку вораг засяродзіў асноўныя намаганні на ўтрыманні пазіцыяў і недапушчэнні прарыву ўкраінскіх сілаў. Пры гэтым расейцы працягнулі абстрэлы са ствольнай артылерыі падкантрольных Украіне населеных пунктаў па ўсёй лініі сутыкнення.

У сваю чаргу вайскоўцы 60-й асобнай пяхотнай брыгады ЗСУ ўзялі пад кантроль населены пункт Іванаўка Херсонскай вобласці. Паведамляецца пра падбітую расейскую тэхніку. Цяпер украінскія вайскоўцы наладжваюць камунікацыю з мясцовымі жыхарамі і аказваюць патрэбную дапамогу.

Пры гэтым на часова акупаваных тэрыторыях Украіны працягваюць дзейнічаць украінскія партызаны.

Учора з’явіліся паведамленні пра ліквідацыю кіраўніка прарасейскай адміністрацыі мястэчка Вялікі Бурлук Харкаўскай вобласці Яўгенія Юнакова. Таксама паведамляецца пра замах на кіраўніка херсонскай акупацыйнай адміністрацыі Уладзіміра Сальда і кіраўніка акупацыйнай адміністрацыі Мелітопальскага раёну Андрэя Сігуту.

Тым часам прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін спрасціў атрыманне грамадзянства РФ для ўсіх жыхароў Украіны. Раней гэты закон распаўсюджваўся толькі на жыхароў акупаваных тэрыторыяў Данецкай, Луганскай, Запарожскай і Херсонскай вобласцяў.

Журналісты «ВВС News» падлічылі, што з канца чэрвеня ЗСУ было нанесена 14 дакладных удараў па складах боепрыпасаў і вайсковых базах расейскай арміі на акупаваных украінскіх тэрыторыях. Адзначаецца, што ўдары наносіліся па глыбокім тыле на адлегласці да 75 км. Мяркуючы з усяго, ажыццяўляюцца яны пры дапамозе найноўшай заходняй зброі, у тым ліку амерыканскіх ракетных сістэмаў HIMARS.

Журналісты лічаць, што «ударная серыя» практычна ўплывае на стан справаў на фронце, бо можа прывесці да недахопу снарадаў у расейскіх войскаў.

Палонныя байцы палка Каліноўскага ўключаныя ў спіс на абмен

Афіцыйная прадстаўніца палка імя Кастуся Каліноўскага Хрысціна (пазыўны Чабор) у чарговым прэс-рэлізе паведаміла, што беларускія байцы Ян Дзюрбейка і Сяргей Дзёгцеў, якія трапілі ў палон пад Лісічанскам, уключаныя ў спіс на абмен.

У прэс-службе таксама пацвердзілі інфармацыю пра тое, што ў баі пад Лісічанскам, верагодна, загінулі Іван Марчук (пазыўны Брэст), Васіль Парфянкоў (пазыўны Сябро), Васіль Грудовік (пазыўны Атам) і Вадзім Шатроў (пазыўны Папік). Аднак прадстаўніца палка Каліноўскага падкрэсліла, што гэтыя звесткі неканчатковыя.

У сваю чаргу МУС так званай «ЛНР» толькі цяпер паведаміла пра ўзяцце ў палон беларусаў з атраду «Волат». Ведамства сцвярджае, што гэта была дыверсійна-выведвальная група, якую захапілі каля мястэчка Ваўчаяраўка.

BK belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату