Другі энергаблок БелАЭС уключылі ў сетку

Вечарам 10 ліпеня другі энергаблок Беларускай атамнай электрастанцыі ўключылі ў сетку пасля паспяховага завяршэння планавых выпрабаванняў. Ад сеткі другі энергаблок адключылі для выпрабаванняў 28 чэрвеня, паведамляе Мінэнерга.

БелАЭС. 25 красавіка 2021 года. Астравецкі раён, Беларусь. Фота: ВК / Белсат

Мінэнерга піша пра паспяховае завяршэнне выпрабавання рэжымаў расхалоджвання рэактара ў межах праграмы даследна-прамысловай эксплуатацыі другога энергаблоку атамнай электрастанцыі. 10 ліпеня энергаблок БелАЭС падключылі да сеткі. Цяпер ідзе паэтапны набор магутнасці рэактара.

Пакуль на энергаблоку будуць ладзіць дынамічныя выпрабаванні на розных узроўнях магутнасці з разгрузкай энергаблоку, у тым ліку да нулявога ўзроўню. Такім чынам абсталяванне рыхтуюць да праектнай магутнасці.

Раней другі энергаблок двойчы адключалі ад электрасеткі. Гэта адбывалася 28 чэрвеня і 27 траўня.

Першае ўключэнне ў сетку другога энергаблоку БелАЭС адбылося 13 траўня 2023 года ў 13:24. Увесці блок у прамысловую эксплуатацыю плануюць сёлета.

БелАЭС станецца прадметам шантажу для Еўропы? Топ-навіны за тыдзень

Алена Аляксандрава belsat.eu

Тэгі: БелАЭС
Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны