Нідэрландскі прэм’ер: Украіне далучыцца да NATO будзе складаней, чым да Еўразвязу

Прэм’ер-міністр Нідэрландаў Марк Рутэ падчас саміту NATO ў Вільні пракаментаваў магчымасць спрошчанага далучэння Украіны да Паўночнаатлантычнага альянсу. Зрабіў ён гэта ў адказ на пытанне карэспандэнта «Белсату» Аляксандра Папко.

Сцягі Украіны і NATO. Крыніца: ukrinform.pl

«NATO і Еўразвяз – розныя арганізацыі з розным шляхам далучэння. Таму выслаць Украіне запрашэнне далучыцца да ЕЗ падчас вайны магчыма, але ў NATO – нашмат складаней», – сказаў прэм’ер.

Паводле яго, Украіна атрымае гарантыі бяспекі на пераходны перыяд пасля канца вайны.

«Гэты перыяд не павінен быць доўгі. Украінскія войскі падрыхтуюць да сумяшчальнасці з узбраеннем і структураю камандавання краінаў NATO», – паведаміў Марк Рутэ.

Таксама ён адзначыў, што працэс падрыхтоўкі пілотаў F-16 для Украіны яшчэ не пачаўся, «але затрымкі з іх падрыхтоўкаю няма». ЗША пагадзіліся іх рыхтаваць усяго два месяцы таму, нагадаў ён.

NATO можа спрасціць працэдуры далучэння Украіны да альянсу

Раней генеральны сакратар арганізацыі Енс Стольтэнбэрг заявіў, што NATO павінна дамовіцца аб спрашчэнні працэдуры далучэння Украіны і не абавязваць яе выконваць так званы План дзеянняў для падрыхтоўкі да чалецтва (ПДЧ) у альянсе.

«Украіна прайшла доўгі шлях з таго часу, як у 2008 годзе мы прынялі рашэнне, што наступным крокам перад уступленнем будзе распрацоўванне і рэалізацыя Плану дзеянняў для падрыхтоўкі да чалецтва ў NATO. Украіна значна бліжэйшая да NATO, і я мяркую, што прыйшоў час адлюстраваць гэта ў рашэннях альянсу», – заявіў Енс Стольтэнбэрг.

Ён дадаў, што будзе дадзены ясны і пераканаўчы сігнал, што Украіна зробіцца чальцом альянсу.

Прэзідэнт Польшчы: На саміце NATO асобна разгледзяць беларускае пытанне

Якуб Хруст belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны