«Медыязона»: дакументальна пацверджана смерць ва Украіне 30 000 расейскіх вайскоўцаў

«Медыязона» разам з «Бі-Бі-Сі» і камандай валанцёраў дакументальна пацвердзілі імёны 30 003 расейскіх вайскоўцаў, якія загінулі пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Магіла загінулага расейскага вайскоўца Яўгена Алямкіна на могілках Учалаў. Башкартастан апынуўся ў спісе рэгіёнаў, якія часцей за іншых атрымліваюць з Украіны груз-200 – целы загінулых расейскіх салдат ва Украіне. Башкартастан, Расея. Фота: Вадзім Брайдаў / Вот Так / Белсат

На самой справе, як адзначаюць у зводцы самі аўтары, рэальная колькасць стратаў вышэйшая: згодна з падлікамі «Медыязоны» і «Медузы», усяго станам на канец траўня 2023 года ва Украіне загінула каля 47 000 чалавек (гэтыя дадзеныя атрыманыя на падставе збыткоўнай смяротнасці мужчын).

Лічба 30 003 атрымана ў выніку маніторынгу публічных паведамленняў пра гібель: пасты ў сацсетках ад сваякоў, навіны ў рэгіянальных СМІ і паведамленні мясцовых уладаў.

Пры гэтым, адзначаюць аўтары, толькі за апошнія два тыдні загінуў 1351 расейскі вайсковец. Адметна, што сярод гэтай колькасці прыкметны рост вайскоўцаў, якія належаць да ракетных войскаў і артылерыі.

Сярод загінулых цягам двух апошніх тыдняў вядомыя імёны чатырох афіцэраў у званні падпалкоўніка і вышэй: з пачатку вайны ў спісе высокапастаўленых афіцэраў значыцца 284 чалавекі, усяго ж за час вайны з лютага 2022 года загінула каля 2400 расейскіх афіцэраў.

Аўтары даследавання адзначаюць, што найбольшая колькасць загінулых паходзяць са Свярдлоўскай, Чалябінскай, Растоўскай абласцей, а таксама Башкірыі і Бураціі.

Нагадаем, што згодна са звесткамі Мінабароны Украіны агульныя страты расейскай арміі з пачатку ўварвання налічваюць 252 780.

Раман Шавель belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны