Фігурантаў «справы студэнтаў» пачалі этапаваць у калоніі. Гэта адбылося пасля безвыніковай апеляцыі, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна»
Моладзевую актывістку і сяброўку Каардынацыйнай рады Алану Гебрэмарыям, былую студэнтку БДУ Таццяну Якельчык, былую студэнту БНТУ Вікторыю Гранкоўскую этапавалі ў гомельскую жаночую калонію. Былога студэнта Ягора Канецкага этапавалі ў трэцюю калонію «Віцьба».
Кася Будзько па ранейшаму знаходзіцца ў СІЗА №1 у Менску.
Яна Арабейка, Анастасія Булыбенка, Ксенія Сырамалот, Вольга Філатчанкава і Марыя Каленік знаходзяцца ў СІЗА-3 у Гомлі.
Ілля Трахтэнберг і Глеб Фіцнер утрымліваюцца ў магілёўскай турме №4.
Усяго па «справе студэнтаў» 12 асуджаных. Толькі адзін чалавек, Глеб Фіцнер, прызнаў віну і атрымаў 2 гады калоніі. Астатнія фігуранты – 2,5 года калоніі.
Летась у дні Народнага ўльтыматуму Святланы Ціханоўскай 26 і 27 кастрычніка ў беларускіх ВНУ прайшлі масавыя акцыі пратэсту студэнцтва. А праз два тыдні, 12 лістапада, пачаліся затрыманні ў студэнцкай супольнасці.
АА belsat.eu