Юрыстка ЦБС: Сітуацыя з падачаю дакументаў на гуманітарныя візы ў Польшчы пакуль не палепшылася

«Белсат» працягвае назіраць за сітуацыяй вакол падачы беларусамі заяваў на атрыманне гуманітарных візаў у Польшчы. Аляксандр і Уладзіслаў, героі нашай папярэдняй публікацыі, зноў спрабавалі падаць дакументы, і зноў ім адмовілі. Аб праблемах з атрыманнем візаў расказваюць і іншыя беларусы. Мы паразмаўлялі з юрыстамі Цэнтру беларускай салідарнасці (ЦБС), чаму так адбываецца і ці ёсць варыянтам развязаць праблему міжнародная абарона.

Юрысты Цэнтру беларускай салідарнасці. Фота: Цэнтр беларускай салідарнасці / Telegram

Практыка і права супярэчаць адно аднаму

Рэжысёру Аляксандру і камп’ютарніку Уладзіславу паўторна адмовілі ў прыёме дакументаў у візавым цэнтры «VFS Global» 7 кастрычніка. Аляксандр прыехаў дзеля гэтага з Лодзі: «Чатыры гадзіны праседзелі ў візавым цэнтры, выматаўся жудасна, але мне зноў адмовілі з той жа прычыны». Вынік візіту Уладзіслава падобны: «Ужо ў трэці раз адмовіліся прыняць дакументы. Адмовілі, нават не гледзячы на прысутнасць у візавым цэнтры юрыстаў з ЦБС, якія прыйшлі маніторыць сітуацыю».

Як мы паведамлялі раней, юрысты Цэнтру беларускай салідарнасці патрапілі ў візавы цэнтр з перашкодамі: іх не пускалі, а пусціўшы, не хацелі прымаць дакументаў ад беларусаў, якія звярнуліся з заявамі паўторна. Пісьмовага адказу з адмоваю зноў не далі, а выклікалі паліцыю, каб справадзіць юрыстаў з памяшкання. Мы папрасілі пракаментаваць сітуацыю адну з удзельніц маніторынгу, юрыстку ЦБС Марыну Грышчанку.

«Мы лічым, што візавы цэнтр «VFS Global» перавышае свае паўнамоцтвы. Іх задача – прымаць заявы на выдачу, а не вырашаць на ўваходзе, падыходзяць ці не дакументы падаўцоў заяваў. Пытанне выдачы гуманітарных візаў – гэта кампетэнцыя Міністэрства замежных справаў. Там, а не ў візавым цэнтры, вырашаюць, наколькі слушная заява і прыкладзеныя да яе дакументы», – расказала юрыстка. 

Грышчанка лічыць, што ў выпадках Аляксандра і  Уладзіслава ёсць законныя падставы выдаць гуманітарныя візы. Бо і паводле наяўнасці чыстых старонак у пашпарце Аляксандра, і паводле тэрміну дзеяння пашпарта Уладзіслава ёсць абумоўленыя заканадаўствам ЕЗ і Польшчы выключэнні, якія падыходзяць да сітуацыі беларусаў, што ўцяклі спачатку ва Украіну ад пераследу ў Беларусі, а потым вымушаныя былі эвакуявацца ў Польшчу ад вайны ва Украіне. 

«Але работнікі цэнтру чапляюцца за агульныя фармальнасці нормаў заканадаўства, вырашаюць на месцы, што дакументы падаўцоў фармальна не адпавядаюць ні гэтым нормам, ні падпадаюць пад выключэнні, і адмаўляюцца дакументы прымаць. Яны бяруць на сябе не тыя функцыі, якія ім даручаныя. Прымаць такія рашэнні яны проста не маюць кампетэнцыі. Гэта не ўрадавая ўстанова, а прыватная арганізацыя, якая атрымала ад МЗС даручэнне прымаць дакументы», – патлумачыла адмыслоўца. 

Юрысты дапамагаюць беларусам у Візавым цэнтры ў Варшаве

Апроч таго, здзіўленне юрыстаў БПЦ выклікала няведанне польскай мовы некаторымі працаўнікамі цэнтру, якія спрабавалі размаўляць з юрыстамі па-англійску:

«Мне цікава, як яны бяруцца прымаць рашэнні пра лёс падаўцоў, калі нават не чыталі заканадаўства на мове арыгіналу». 

Зноў прэтэндэнтам на атрыманне візаў і юрыстам ЦБС працаўнікі візавага цэнтру адмовіліся выдаць тлумачэнні ў пісьмовай форме, спаслаўшыся на інструкцыі, якія ў іх ёсць. «Адзін з менеджараў нам сказаў, што ў візавым цэнтры арыентуюцца на практыку, якая склалася раней, арыентуюцца на інструкцыі. Але мы бачым, што сённяшняя практыка не адпавядае новым заканадаўчым нормам, якія змяніліся ў жніўні, калі беларусам і была нададзеная магчымасць падавацца на гуманітарныя візы, не выязджаючы з тэрыторыі Польшчы. Сітуацыя падаўцоў выключная, не падпадае пад агульныя правілы, і дзеля дапамогі ім і былі здзейснены пэўныя змены заканадаўства. А ў іх не прымаюць дакументаў». 

Юрыстка Марына Грышчанка паведаміла «Белсату», што ЦБС працягне кансультацыі з МЗС Польшчы наконт сітуацыі: «Мы разумеем, што ў работнікаў візавага цэнтру свая праўда, але людзі, якія да іх звяртаюцца і атрымліваюць адмовы, насамрэч маюць законнае права атрымаць візы, атрымаць такую падтрымку польскай дзяржавы. Таму будзем шукаць выйсця і супрацоўнічаць з МЗС. Права вышэйшае за традыцыі і нейкую традыцыйную практыку». 

Гісторыя Ксеніі

Ёсць гісторыі беларусаў, якія здолелі падаць дакументы, але ім адмовілі. Ксенія замест візы ў візавым цэнтры атрымала канверт з дакументамі і паведамленне пра адмову з прычыны таго, што яна прыбыла на тэрыторыю Польшчы не з тэрыторыі Украіны:

«Я мела візу для навучання на курсах, прыехала за дзень да вайны. Цяпер я не хачу вяртацца, бо працую з рэдакцыямі медыяў, якія ў Беларусі лічацца экстрэмісцкімі. Да таго ж, я вельмі асабіста ўспрыняла ўсё, што адбылося і адбываецца з Украінаю праз расейскую агрэсію, не раз там была, рабіла адтуль рэпартажы. Для мяне гэта балючая тэма, і я сваёй працай, як мне здаецца, раблю магчымае, каб перамога над агрэсарам набліжалася і каб увесь свет ведаў, што адбываецца ва Украіне».

Паводле суразмоўцы, у візавым цэнтры «VFS Global» у Варшаве працуюць украінцы. Калі падавала дакументы на візу, то Ксеніі «намякнулі», што, маўляў, гэты цэнтр створаны адмыслова для дапамогі ўкраінцам, а беларусам яшчэ шанцуе, што іхныя дакументы прымаюць для разгляду. Калі падчас другога візіту Ксенія забірала сваю адмову, адна з работніц цэнтру ўпікнула дзяўчыну за тое, што з тэрыторыі Беларусі на Украіну зноўку ляцяць ракеты: «Я не стрымалася і адказала, што я тыя ракеты бачыла на ўласныя вочы ды зноў збіралася ехаць на вайну ў камандзіроўку як журналістка. І я не сяджу, як яны, у бяспецы. Але праз іхную нядбайнасць цяпер не здолею паехаць, бо невядома, ці пусціць мяне Польшча назад».

Ксенія вінаваціць работнікаў цэнтру ў нядбайнасці, бо яна хацела прыкласці да звычайнага пакету дакументаў лісты з рэдакцыяў, пацверджанні аб працы, тлумачэнне, чаму яна не можа паехаць адкрываць візу ў Беларусь, ды іншыя паперы, якія адносіліся да сутнасці справы: «Работніца візавага цэнтру адмовілася браць дадатковыя паперы, сказаўшы, што, маўляў, і так усё зразумела, чаму беларусы прэтэндуюць на гуманітарную візу. І хоць я настойвала, каб падаць мае дадаткі, іх не прынялі. І вось да чаго гэта прывяло. Сітуацыя, канечне, дзікая. Я буду аспрэчваць гэтае рашэнне».

Будынак, дзе месціцца візавы цэнтр «VFS Global». Варшава, Польшча. Фота: Белсат

Журналістка таксама патлумачыла, што мела іншыя варыянты легалізаваць статус, хацела падавацца на французскі «шэнген», але паверыла абяцанням палітыкаў і пастанавіла пачакаць магчымасці падацца на гуманітарную візу ў Польшчы, пра што цяпер вельмі шкадуе. Ксенія лічыць, што праблему развязала б арганізацыя для беларусаў асобнага прыёму дакументаў, каб там сядзелі адмыслоўцы, якія больш знаёмыя з сітуацыяй беларусаў: «Інакш гэтак і будуць футболіць, арыентуючыся на ўкраінскі досвед выдачы візаў, калі дастаткова штампу ў пашпарце, што мінуў польска-ўкраінску мяжу падчас вайны. Але ж у беларусаў іншыя абставіны».

Ці трэба беларусам у Польшчы баяцца «міжнароднай абароны» і каму яна падыходзіць?

Для беларусаў, якія апынуліся ў Польшчы, прыехаўшы з Украіны, дзе ў свой час хаваліся ад рэпрэсіяў, адзін з існых варыянтаў легалізацыі – падавацца на міжнародную абарону. Паводле яшчэ адной юрысткі ЦБС Алесі Пажытак, міжнародную абарону некаторыя ўцекачы недаацэньваюць: «Міжнародная абарона толькі выглядае нейкаю больш строгаю формай легалізацыі, але гэта адзін з самых адэкватных варыянтаў развязання праблемы законнасці перабывання на тэрыторыі Польшчы».

Як расказала юрыстка, падацца на міжнародную абарону можна ў любым пункце польскай памежнай службы Польшчы: «Каб падацца, не трэба ехаць на мяжу, пункты ёсць і ў Варшаве, і ў іншых месцах Польшчы». Падаць заяву на міжнародную абарону беларусы могуць на грунце палітычнага пераследу. Пасля таго, як заява пададзеная, пройдзе пэўны час, пакуль яе разгледзяць. Гэты час зусім не абавязкова трэба правесці ў якімсьці лагеры ці пад вартаю: «Калі ў падаўцы ёсць любыя дакументы, якія пацвярджаюць  асобу, і ў дачыненні яго на тэрыторыі Польшчы не вядзецца крымінальная справа, то няма падставы, каб змяшчаць яго ў закрытым лагеры. Пражыванне ў звычайным лагеры – гэта права, а не абавязак».

Апроч магчымасці атрымаць легальны статус, міжнародная абарона прадугледжвае пэўную грашовую дапамогу.

Патлумачыла юрыстка і пра магчымасць працы: «Калі падаўца заявы меў дазвол на працу ў Польшчы, то ён яго не страчвае падчас разгляду справы аб наданні яму міжнароднай абароны. А калі пытанне аб абароне будзе вырашанае станоўча, то такая асоба набывае свабодны доступ да рынку працы».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Польская віза. Фота: Белсат

Алеся Пажытак адзначыла, што міжнародная абарона прывабна яшчэ і тым, што ў выпадку станоўчага рашэння праблема легалізацыі развязваецца бестэрмінова, чалавек атрымлівае міжнародна прызнанае пасведчанне асобы. «Яшчэ адзін міф, што пад міжнароднай абаронаю нельга ехаць у Беларусь. Паездка не забароненая, але ў такім выпадку чалавек можа страціць абарону пасля вяртання. У прынцыпе гэта лагічная выснова, што, калі чалавек паехаў туды, дзе для яго існавала пагроза, значыць, пагроза мінула. Але за паездку ў Беларусь падчас перабывання пад міжнароднай абаронай пакарання ў Польшчы няма. Гэта выключна рашэнне чалавека».

Чаканне разгляду справы аб міжнароднай абароне таксама азначае магчымасць увесь тэрмін разгляду перамяшчацца толькі па тэрыторыі Польшчы.

У сваю чаргу Марына Грышчанка патлумачыла, што на міжнародную абарону неахвотна падаюцца беларусы, якія трапілі ў Польшчу, маючы шэнгенскія візы, якіх цяпер не могуць падоўжыць, не выязджаючы з Польшчы: «Такая сітуацыя ў Аляксандра, якому адмовілі прыняць дакументы ў візавым цэнтры. Быццам яму не хапае чыстых старонак пашпарта. Маючы «шэнген», ён шмат ездзіў у іншыя краіны Еўропы, бо мае патрэбу ў разʼездах па працы. Цяпер шэнгенская віза скончылася. Гуманітарная віза, на якую ён мае права, гэтую магчымасць вольна ездзіць яму б захавала, а чаканне статусу міжнароднай абароны можа ісці да шасці месяцаў».

Апроч таго, Грышчанка звярнула ўвагу на тое, што магчымасць атрымаць гуманітарную візу была ўведзеная ў якасці альтэрнатывы міжнароднай абароне: «Міжнародная абарона сама па сабе рэч не танная для польскай дзяржавы, і сама працэдура разгляду справы, і пэўныя выплаты грашовай дапамогі ды гэтак далей. Ды і далёка не ўсе падаўцы на візу маюць патрэбу ў міжнароднай абароне, многія ўжо ўладкаваліся ў Польшчы, знайшлі сваё месца і яшчэ разлічваюць вярнуцца ў Беларусь. Гуманітарная віза для іх больш актуальны варыянт».

Беларускі цэнтр салідарнасці прадоўжыць займацца праблемаю легалізацыі беларусаў. У цэнтры гатовыя даць кансультацыю ўсім, хто мае такую патрэбу. Будзе працягвацца і супраца з польскімі ведамствамі, каб новыя нормы заканадаўства і практыка яго прымянення былі адпаведныя. Праўда, часу на паданне гуманітарных візаў для беларусаў на тэрыторыі Польшчы застаецца ўсё меней – да канца снежня 2022 года.

Візавы цэнтр «VFS Global», які прымае дакументы на польскія нацыянальныя візы. Варшава, Польшча. Фота: Белсат

Каментар МЗС Польшчы

Падчас рыхтавання публікацыі з гісторыямі Аляксандра і Уладзіслава мы зрабілі запыт у Міністэрства замежных справаў Польшчы ды атрымалі каментар, які публікуем без купюраў (пераклад з польскай):

«Памятаем, што калі пашпарт не адпавядае ўмовам, выкладзеным у арт. 77 сек. 5 Закону аб замежніках ад 12 снежня 2013 года хадайніцтва аб выдачы візы не прымаецца. Згодна з цытаваным артыкулам, праязны дакумент (звычайна пашпарт), які замежнік павінен прадэманстраваць пры падачы заявы на візу, павінен адпавядаць наступным крытэрыям:

  • тэрмін яго дзеяння павінен заканчвацца не раней як праз 3 месяцы пасля заканчэння тэрміну дзеяння візы, на якую прэтэндуе заяўнік;
  • павінны змяшчаць не менш за дзве пустыя старонкі;
  • павінны быць выдадзены цягам апошніх 10 гадоў з даты падачы заявы на візу.

Згодна з арт. 77 сек. 6 закону, у тэрміновых выпадках, абгрунтаваных інтарэсамі замежніка, можна прыняць праязны дакумент, тэрмін дзеяння якога будзе менш за 3 месяцы з моманту заканчэння тэрміну дзеяння візы.

Такім чынам, у сітуацыі, калі пашпарт замежніка несапраўдны, заяўка на нацыянальную візу, якую замежнік хацеў бы падаць з гэтым пашпартам, не можа быць прынятая. Тое самае, калі ў праязным дакуменце (пашпарце) няма як мінімум дзвюх свабодных старонак для ўклейвання візаў.

Апісаны выпадак прадстаўлення пашпарта з чатырма чыстымі старонкамі для візаў і непрыняцця заявы на нацыянальную візу нам невядомы, таму мы не можам на яго спасылацца».

Ад рэдакцыі адзначым, што ў пашпарце Аляксандра сапраўды толькі адна вольная старонка для візаў і чатыры вольныя старонкі ў раздзеле для іншых адзнак. Аднак паводле юрыстаў БЦС, у польскім Законе аб замежніках не ўдакладняецца, што старонкі павінны быць пэўнага раздзелу. Напісана толькі – не менш за дзве вольныя старонкі. Улічваючы новыя абставіны, мы напісалі новы запыт у МЗС і чакаем на яго адказ, які абавязкова апублікуем.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Польская віза. Фота: Белсат

Высновы

Выглядае так, што магчымасць атрымаць гуманітарную візу, не выязджаючы з Польшчы, – гэта варыянт толькі для тых, у каго з пашпартам усё ў парадку, ды і то не для ўсіх. То бок опцыя не ў тым, каб развязаць праблемы ўсіх уцекачоў, а ў тым, што ёсць магчымасць не ехаць у Беларусь, каб падавацца на візу там. Усе астатнія ўцекачы ад рэпрэсіяў і вайны, у каго з дакументамі нешта не так, павінны шукаць іншыя варыянты легалізаваць свой статус, адзін з якіх – міжнародная абарона.

Атрымалася, што беларусы дарма чакалі паўгода прыняцця гэтага закону і тым самым толькі пагоршалі сваю сітуацыю. Многія беларускія ўцекачы з Украіны і ад палітычнага пераследу ў Беларусі былі гатовыя падавацца на міжнародную абарону адразу, але ва ўправах і ва ўрадзе Польшчы ім казалі пачакаць, абяцаючы, што пытанне будзе развязанае па спрошчанай працэдуры, як тое было зроблена для ўцекачоў-украінцаў. Пакуль людзі чакалі заканчэння складанага працэсу перамоў паміж лідарамі беларускай апазіцыі і польскім урадам, у іх скончыліся шэнгенскія візы і тэрмін дзеяння пашпартоў, узніклі іншыя праблемы з дакументамі.

Мажліва, у гэтым чаканні быў свой сэнс. Выглядае так, што даць міжнародную абарону таму мноству ўцекачоў, якія прыехалі ў Польшчу ў лютым 2022, было складана – тэхнічна, арганізацыйна, фінансава. Таму добра, што некаторыя з тымчасовых прэтэндэнтаў на міжнародную абарону цяпер здолеюць атрымаць нацыянальную гуманітарную візу ў Польшчы. Але відавочна, што праблемы астатніх беларускіх уцекачоў заслугоўваюць увагі і, як мінімум, тлумачэння. Ёсць спадзяванне, што так і будзе. Прынамсі яшчэ нікога з Польшчы за парушэнне візавага рэжыму не дэпартавалі. Яшчэ дзеюць правілы «ковіднае пагрозы».

Нацыянальная віза ў Польшчы. Як падавацца, колькі каштуе і як доўга чакаць

Антон Тачняк belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны