Сітуацыя ва Украіне: расейцы наступаюць вялізнымі сіламі на ўсходзе

«Белсат» падводзіць вынікі 595-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 11 кастрычніка чытайце ў нашым аглядзе.

Купянскі і ліманскі кірункі

На паўночным усходзе Украіны Узброеныя сілы РФ працягваюць наступаць каля населеных пунктаў Сынькоўка і Іванаўка (на поўначы і ўсходзе ад гораду Купянск адпаведна). Паводле Генеральнага штабу Збройных сілаў Украіны, за содні на гэтых участках фронту было адбіта больш за 30 атак праціўніка.

Падрыхтоўка вайскоўцаў 22-й асобнай механізаванай брыгады, якая знаходзіцца ў ваколіцах Бахмуту, Украіна. 22 верасня 2023 года. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Белсат

Між тым прарасейскі тэлеграм-канал «Рыбарь» сцвярджае, што каля Сынькоўкі УС РФ, атакуючы ўздоўж чыгуначнай лініі з боку сяла Ліман Першы, занялі тры апорныя пункты ЗСУ. Адзначаецца, што такім чынам расейцы ўклініліся ў абарону праціўніка на глыбіню да аднаго кіламетра.

Паводле крыніцы, падобная сітуацыя назіраецца і каля Іванаўка, дзе войскі РФ штурмуюць пасадкі. Заяўляецца, што на гэтым участку прасоўванне складае каля паўтара кіламетра.

У Міністэрстве абароны РФ фіксуюць няўдалыя контратакі ўкраінцаў каля Сынькоўкі і Іванаўкі.

СБУ выкрыла імаверных наводчыкаў удару па сяле Гроза, ад якога загінулі 55 чалавек

На суседнім ліманскім кірунку расейцы наступаюць каля сяла Макееўка ў Сватаўскім раёне Луганскай вобласці і Дзібровы ў Краматорскім раёне Данецкай.

Тэлеграм-канал «Два майора» піша аб паступовым атачэнні расейцамі Макееўкі з флангаў.

У сваю чаргу ЗСУ контратакуюць каля Макееўкі, а таксама праводзяць свае атакі на тэрыторыі Серабранскага лясніцтва.

Бахмуцкі кірунак

На бахмуцкім кірунку найбольшая актыўнасць абодвух бакоў фіксуецца на поўдні ад аднайменнага раённага цэнтру.

Паводле Генштабу ЗСУ, за содні ўкраінскія вайскоўцы дасягнулі поспеху на ўсходзе ад сёлаў Клішчыеўка і Андрэеўка. Пры гэтым тут жа атакуюць і расейцы, што ўказвае на сустрэчны характар баёў на гэтым участку фронту.

У гэты ж час «Белорусский силовик» заяўляе пра займанне УС РФ некалькіх апорных пунктаў у ваколіцах Клішчыеўкі і Андрэеўкі.

Праўкраінскі «Бахмутський Балу» адзначае вялікую колькасць рэзерваў расейцаў, якія няспынна перакідаюцца да лініі сутыкнення.

Расейскі ваенкар Сямён Пегаў фіксуе сустрэчныя баі і каля сяла Курдзюмаўка, якая знаходзіцца далей на поўдзень па лініі фронту.

Аўдзееўскі і мар’інскі кірункі

На поўначы ад Данецку працягваецца маштабная наступальная аперацыя расейцаў у ваколіцах Аўдзееўкі.

Тэлеграм-канал «Два майора» піша, што войскі РФ занялі важную вышыню на паўночным захадзе ад гораду, а таксама падышлі да ўскрайкаў сяла Бэрдычы. Адначасова з гэтым войскі РФ атакуюць на поўдні ад Аўдзееўкі з ваколіцаў Вопытнага.

«НгП раZVедка» гаворыць пра поспехі расейцаў каля Бэрдычаў і Вопытнага, таксама ідуць атакі з боку сяла Спартак.

У адказ украінскі бок перакідае пад Аўдзееўку рэзервы і вядзе контрбатарэйную барацьбу.

Мінабароны РФ паведаміла пра паляпшэнне становішча па пярэднім краі каля Аўдзееўкі.

Украінскія вайскоўцы. Фота: Генеральний штаб ЗСУ / General Staff of the Armed Forces of Ukraine / Facebook

Між тым аналітыкі праекту Deepstate мяркуюць, што на другія содні наступу на аўдзееўскім кірунку расейцы маюць нязначныя поспехі, пры гэтым самыя панеслі істотныя страты ў жывой сіле і тэхніцы. Паводле крыніцы, расейскае камандаванне разлічвала на бліцкрыг, але гэтага не адбылося.

На суседнім мар’інскім кірунку расейцы правялі больш за 10 атак у ваколіцах аднайменнага гораду і Краснагораўкі, але, паводле Генштабу ЗСУ, поспеху не дасягнулі.

Бярдзянскі кірунак

Украінскае камандаванне паведаміла пра адбіццё атак праціўніка каля населеных пунктаў Залатая Ніва і Валодына.

Сямён Пегаў піша пра контратакі расейцаў каля Лэваднага і Старамаёрскага, а таксама пра сустрэчныя баі каля Новаданецкага.

Зменаў па лініі фронту на бярдзянскім кірунку не зафіксавана.

Мелітопальскі кірунак

Аналітыкі праекту Deepstate фіксуюць баі каля сёлаў Вэрбовае і Навапрокапаўка, а таксама адзначаюць спробы расейцаў перахапіць ініцыятыву на мелітопальскім кірунку.

У гэты ж час украінскае камандаванне паведамляе пра стрымліванне праціўніка каля Вэрбовага і Інжэнэрнага.

Але агулам пакуль ніводнаму з бакоў не ўдаецца змяніць сітуацыю на гэтым участку фронту.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Зяленскі прыехаў у Брусель, ЗША анансавалі новы пакет дапамогі

Таццяна Міронава belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны