Пра што не маўчаць кветкі? Расказваем пра фільм Андрэя Куцілы, які перамог на Варшаўскім кінафестывалі

Пра карціну «Калі кветкі не маўчаць» стала вядома раптоўна: у праграме прэстыжнага Варшаўскага кінафестывалю аказаўся адзін беларускі фільм, і гэта была дакументальная стужка Андрэя Куцілы пра беларускія падзеі мінулага года.

Гэта «адразу так»: раней на міжнародных кінапляцоўках пра Беларусь пасля апошніх прэзідэнцкіх выбараў расказваў толькі «Кураж» Аляксея Палуяна.

Цяпер жа мы займелі яшчэ адну грунтоўную рэфлексію на супраціў: стужка здабыла некалькі ўзнагародаў, а фестываль беларускіх фільмаў «Бульбамуві», што пройдзе з 12 да 14 лістапада ў Варшаве, – казырную частку сваёй праграмы.

Кінафестываль «Bulbamovie» пройдзе ў Варшаве 12–14 лістапада. Апублікавалі праграму

Звесткі пра кіно, па-партызанску створанае падчас беларускіх падзеяў мінулага года, сапраўды з’яўляюцца рэдка і са скрыпам: з 9 жніўня 2020 года здымаць у Беларусі зрабілася небяспечна, калі ты не «Беларусьфільм». Бо калі ты не «Беларусьфільм», значыць, звяртаеш увагу на актуальныя пытанні, а калі ты факусуешся на актуальных пытаннях, то перашкаджаеш дзяржаве манапольна ствараць выгадную ёй карціну рэальнасці.

Такім чынам, Андрэй Куціла – найхутчэй, таксама непажаданая ў краіне асоба, бо героямі ягонага фільму сталі жанчыны ў прыватнасці і сем’і ў цэлым, якія па-рознаму перажываюць досвед сутыкнення з дзяржаўным гвалтам мінулага жніўня.

Адпаведна, пасля сусветнай прэм’еры на Варшаўскім кінафестывалі назад Куцілу лепш не сунуцца. Пагатоў ён і раней сутыкаўся з дзяржаўным непрыманнем. Напрыклад, у 2018 годзе, калі камісія пры Міністэрстве культуры забараніла паказваць ягоны фільм у Нацыянальным конкурсе кінафестывалю «Лістапад», і гэта абярнулася скандалам.

«Хацелася б свята, але боль ад тэмы фільму не праходзіць». Андрэй Куціла – пра перамогу на кінафестывалі

Стужка «Калі кветкі не маўчаць» пачалася з таго, што на Акрэсціна трапіла Андрэева сястра, прычым у самы гарачы час. Каля сценаў на Акрэсціна рэжысёр тады зняў кароткаметражку «Муры» – пра тое, як людзі шукалі затрыманых блізкіх. Але гісторыю сястры ён перажываў проста як чалавек: чакаў яе каля брамы без камеры, пра што пазней жартаваў, што, відаць, ён не на 100 % дакументаліст.

Хутка ідэя захаваць сястру ў гэтым кантэксце, паказаць, як яна дае рады атрыманай траўме, усё ж прыйшла яму ў галаву, і тая пагадзілася на здымкі. Пазней у якасці герояў фільму да яе далучыліся іншыя людзі, у тым ліку з фізічнымі траўмамі, і пайшло-паехала. Рэжысёр сачыў за сваймі пераважна гераінямі, бо сярод іх была сястра, і агулам менавіта жанчыны пасля хвалі гвалту абудзілі іншых, а таксама Андрэй здымаў характары ды замалёўкі на вуліцы, бо самае галоўнае ў той час дзеялася там.

«Штовечар «гулялі ў тэтрыс» – так мы называлі ўкладванне спаць чатырнаццаці чалавек у двухмясцовай камеры»

Атрымаўся чорна-белы, як заўсёды ў Куцілы, фенаменальна назіральны фільм. Карціна «Калі кветкі не маўчаць» стала ці не самай асабістай у фільмаграфіі дакументаліста, калі не адзіна асабістай: раней, наколькі можна меркаваць, сям’я і кіно ў рэжысёра былі асобнымі гісторыямі, а матэрыялу для аналізу багата, усё ж Куціла застаецца адным з самых гучных сучасных беларускіх дакументалістаў.

З нагоды нашага апошняга ўжо больш як года варта перагледзець ягоную карціну «Стрыптыз і вайна» – пра дзядулю, падпалкоўніка савецкай авіяцыі, і ўнука-стрыптызёра, якія жывуць у адной кватэры ды пэўным чынам дэманструюць цывілізацыйныя стыкі ў краіне.

Андрэй таксама вядомы стужкамі «Цар гары» альбо «Summa», апошняя атрымала галоўную ўзнагароду ў сваёй катэгорыі на кінафестывалі IDFA ў Амстэрдаме, а гэта Каны для дакументалістаў.

У дакументальным конкурсе Варшаўскага кінафестывалю фільм «Калі кветкі не маўчаць» у выніку перамог: кажуць, сябры журы, якія нават не ведалі пра крызіс у Беларусі, не змаглі ўстаяць. Потым ён узяў Спецыяльную згадку журы на фестывалі дакументальнага кіно ў чэшскай Іглаве, і гэта, мяркую, толькі маленькая частка таго, што ў выніку здабудзе фільм.

Наступны паказ стужкі пройдзе 12 лістапада на фестывалі «Бульбамуві». Арганізатар фэсту Януш Гаўрылюк упэўнены, што гэты твор зробіцца першым беларускім фільмам, які атрымае «Оскар».

belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны