На «Віцебскдрэў» гарэў цэх МДФ. Эвакуявалі 35 чалавек, адзін пацярпелы

Пра інцыдэнт на віцебскім прадпрыемстве «Віцебскдрэў» паведаміла абласная прэса, потым з’явілася паведамленне МНС пра аднаго пацярпелага. Паводле ведамства, у цэху МДФ успыхнула пылапаветраная сумесь. Узгаранне ліквідаванае. 

Супрацоўнікі МНС ратуюць траўмаванага чалавека на «Віцебскдрэве». Скрын відэа: МНС

«У Віцебску на прадпрыемстве «Віцебскдрэў» – здарэнне. На месцы працуюць ратаўнікі і медычныя службы», – паведамілі «Витебские Вести».

Крыху пазней зʼявілася паведамленне МНС: «Ратаўнікі эвакуявалі 35 чалавек. Папярэдне – адзін мужчына пацярпеў».

На апублікаваным МНС відэа чутна, як абвяшчаецца «пажарная небяспека». Акрываўленага чалавека на насілках змяшчаюць у аўтамабіль хуткай дапамогі.

Як стала вядома пазней, у пацярпелага выявілі чэрапна-мазгавую траўму і пашкоджанні шкілету твару. Яго даставілі ў шпіталь для правядзення аперацыі. МНС паведамляла, што працаўнік быў траўмаваны жалезнай арматурай.

Папярэдняй прычынай пажару на «Віцебскдрэве», паводле МНС, стала ўспышка пыла-паветранай сумесі з узгараннем у цэху МДФ. Былі пашкоджаныя 250 квадратных метраў сценавых сэндвіч-панэляў звонку цэху. Пажар быў ліквідаваны.

Як часта на беларускіх прадпрыемствах гінуць рабочыя: журналісты атрымалі звесткі МУС

Зміцер Міраш belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны