Літоўская чыгунка хоча вярнуць «Беларуськалію» аванс за транспартаванне ўгнаенняў

Дзяржаўная літоўская чыгуначная кампанія шукае спосабы вярнуць аванс, выплачаны «Беларуськаліем» за транспартаванне калійных угнаенняў у студзені-лютым наступнага года. Пра гэта піша Delfi.

«Наша мэта – вярнуць грошы за студзень і люты, мы будзем шукаць шляхі і яшчэ раз пастараемся іх вярнуць», – сказаў BNS прадстаўнік літоўскіх чыгунак па сувязях з грамадскасцю Мантас Дубаўскас.

Паводле ягоных словаў, кампанія ўжо спрабавала пагасіць гэты дадатковы аванс праз Swedbank 7 снежня, пасля сустрэчы з прэмʼер-міністрам, за дзень да ўступлення ў сілу санкцый ЗША ў адносінах да «Беларуськалія», але 8 снежня грошы былі вернуты на рахунак чыгункі, паколькі расейскі карэспандэнт-банк ВТБ, які абслугоўвае «Беларуськалій», адхіліў перавод сродкаў.

Дубаўскас не назваў суму вяртання. Па ацэнках BNS, яна можа скласці каля 10 млн еўра за два месяцы паслугаў перавозак.

Як прымусіць санкцыі працаваць?

Нагадаем, у Літве адразу два міністры заявілі аб гатоўнасці пайсці ў адстаўку з-за «рэпутацыйнай шкоды Літве». Прычынай стала сітуацыя з амерыканскімі санкцыямі ў адносінах да прадпрыемства «Беларуськалій». Яны пачалі дзеяць 8 снежня, аднак Літоўская чыгунка працягвае транспартаваць беларускія ўгнаенні – бо перавозка ўжо аплачана.

Міністр транспарту Марус Скуодзіс прапанаваў увесці нацыянальныя санкцыі супраць транзіту калійных угнаенняў з Беларусі. Прэмʼер-міністр Літвы Ігрыда Сіманітэ падкрэсліла, што не бачыць магчымасці працягу гэтага транзіту.

РР belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны