У Літве беларускай краме адмовілі ў абслугоўванні банкаўскага тэрмінала

У Літве беларускай краме з вопраткай і аксесуарамі адмовілі ў абслугоўванні банкаўскага тэрмінала. Як стала вядома «Белсату», гэта здарылася праз некалькі дзён пасля адкрыцця шоу-рума. Кампанія, якая абслугоўвае тэрміналы для аплаты, заявіла, што беларусы «не прайшлі праверку на бяспеку».

Вопратка з беларускімі нацыянальнымі сімваламі. Фота: «A2.Print» / Instagram

Крама «A2.Print» адкрылася ў Вільні тыдзень таму. Там гандлююць вопраткай і аксесуарамі з нацыянальнай беларускай сімволікай. І пасля некалькі дзён працы кампанія, што абслугоўвае тэрмінал для аплаты банкаўскімі карткамі, абвесціла пра спыненне супрацы.

У самой краме гэта не лічаць дыскрымінацыяй, але прызнаюць: беларускі пашпарт цяпер – рызыка.

«Гэта міжнародная кампанія. Яны дзейнічаюць паводле сваіх правілаў і рэгламентаў. Ніхто не хоча браць на сябе рызыкі, а беларускі пашпарт цяпер для еўрапейскіх кампаній – рызыка», – кажуць у краме.

Там яшчэ спадзяюцца, што фірма перадумае і ўзновіць супрацу.

«Альтэрнатыву пакуль не знайшлі, пішам лісты гэтым, просім даць час і магчымасць выправіць штосьці. Сёння даслалі цэлы пакет дакументаў, якія пацвярджаюць, што ў нас усё чыста. Гэта нагадала, якую бітву мы перажылі, адкрываючы бізнес-рахунак у банку. Нас правяралі паўтара месяцы, яны толькі што аналізы не запыталі тады», – распавялі ў «A2.Print».

Раней эканамісты Офісу Святланы Ціханоўскай і Асацыяцыі беларускага бізнесу за мяжой падлічылі, што са жніўня 2020 года да чэрвеня 2022-га беларусы зарэгістравалі ў Еўразвязе больш за 2000 кампаніяў, з якіх 1639 – у Польшчы, яшчэ каля 200 – у Літве. Таксама ў Еўразвязе за гэты час з’явіліся каля 2000 беларускіх прадпрымальнікаў і стартапаў.

Сяргей Крот belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны