Колькасць бедных у Беларусі ў трэцім квартале 2023 года склала 3,5 % ад усяго насельніцтва ці каля 320 тысяч чалавек, паведамляе праект «Вашы грошы» са спасылкай на афіцыйную статыстыку.
Паводле аналітыкаў, у папярэднім квартале сёлета бедных было больш. Скарачэнне іхнай колькасці было магчымым дзякуючы паскоранаму росту заробкаў і нізкай інфляцыі (яна ў чацвёртым квартале зноў значна вырасла).
Бедным у Беларусі лічыцца чалавек з даходам каля 360 рублёў на месяц.
Большасць бедных у нашай краіне жыве ў вёсках – 6,2 %. У гарадах – 2,8 %.
Самы высокі ўзровень беднасці мае Магілёўская вобласць – 5,4 %. У гэтай жа вобласці традыцыйна самыя нізкія заробкі.
Далей ідзе Гомельская вобласць – там 5,1 % бедных. Потым – Віцебская і Берасцейская з 4,9 %. У Менскай і Гарадзенскай вобласцях узровень беднасці складае 2,6 %. Самыя заможныя беларусы жывуць у Менску – у сталіцы бедных усяго 1,1 %.
Марыя Міхалевіч belsat.eu