У БХК непакояцца, што Мацкевіч мае цвёрды намер распачаць сухую галадоўку, што з улікам узросту можа мець незваротныя наступствы.
Вядомы беларускі філосаф, метадолаг і грамадскі дзеяч, вядоўца «Белсату» Уладзімір Мацкевіч 4 лютага пачаў галадоўку: яго больш за паўгода трымаюць у няволі без суда і, як ён кажа, без следства. Ён дамагаецца змены меры стрымання і спынення «імітацыі следчага працэсу», перадачы справы ў суд. Калі патрабаванні не будуць задаволеныя праз 10 дзён галадавання, Мацкевіч казаў, што гатовы перайсці да сухой галадоўкі – адмовіцца не толькі ад ежы, але і ад вады.
Эксперты Беларускага Хельсінскага камітэту звярнуліся ў працоўную групу Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў у пытанні адвольных затрыманняў, да спецдакладчыкаў у пытанні аб праве кожнага чалавека на найвышэйшы дасягальны ўзровень здароўя, у свабодзе выказвання меркавання і ў сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі наконт справы палітвязня, піша праваабарончы цэнтр «Вясна».
«Мы папрасілі спецдакладчыкаў прыняць тэрміновыя захады ў гэтай справе, паколькі цвёрды намер Уладзіміра пачаць сухую галадоўку і трымаць яе да выканання яго патрабаванняў з улікам узросту можа мець незваротныя наступствы для яго жыцця і здароўя», – расказалі аўтары звароту.
Уладзімір Мацкевіч падкрэсліваў: галадаванне – гэта не жэст адчаю, а яго асэнсаваны філасофскі ўчынак, праяўленне пазіцыі і таго, што ён можа і мусіць рабіць тут і цяпер.
Яго затрымалі 4 жніўня 2021 года, выставілі абвінавачванне ў «Арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (арт. 342 КК РБ).
АА belsat.eu