Беларусь пад санкцыямі ў той ці іншай ступені ўжо больш за 27 гадоў. Але калі краіна ўваходзіла ў 2020 год амаль без санкцыйных абмежаванняў, то пасля масавых рэпрэсіяў, а затым захопу самалёта, міграцыйнага крызісу і саўдзелу ў расейскім нападзе на Украіну санкцыйныя спісы разрасліся да сотняў імёнаў і дзясяткаў назваў кампаніяў. «Белсат» згадвае, як і за што ўводзілі санкцыі.
Спрошчаная храналогія ўвядзення санкцыяў такая.
Падрабязней – ніжэй.
«Санкцыйную гісторыю Беларусі» можна адлічваць з 13 студзеня 1997 года. Тады Парламенцкая асамблея Рады Еўропы прыпыніла статус Нацыянальнага сходу Беларусі як «спецыяльнага госця» ў сувязі са зменамі ў Канстытуцыю Беларусі і з тым, што Нацыянальны сход, сабраны Аляксандрам Лукашэнкам са сваіх прыхільнікаў пасля разгону Вярхоўнага савету, не меў дэмакратычнай легітымнасці. Восенню таго ж года Еўразвяз афіцыйна абмежаваў фармат афіцыйных адносінаў з Беларуссю і замарозіў шэраг напрамкаў эканамічнай супрацы.
У 1998 годзе Еўразвяз і Злучаныя Штаты пачалі ўводзіць візавыя абмежаванні супраць Лукашэнкі і чыноўнікаў ягонага рэжыму.
У верасні 2004 года Еўразвяз ухваліў першыя персанальныя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі: пад іх трапілі Юрый Сівакоў, Віктар Шэйман, Дзмітрый Паўлючэнка і Уладзімір Навумаў, якіх назвалі адказнымі за знікненні (імаверна, забойствы) Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Юрыя Захаранкі і Дзмітрыя Завадскага.
У кастрычніку 2004-га Злучаныя Штаты прынялі Акт аб дэмакратыі ў Беларусі, які забараніў розныя тыпы негуманітарнай фінансавай дапамогі Беларусі з боку ЗША, стратэгічны экспарт і дзяржаўныя інвестыцыі ў Беларусь, закрыў доступ у Штаты шэрагу лукашэнкаўскіх чыноўнікаў.
Краіны Захаду не прызнавалі ніводныя выбары ў Беларусі пасля 1997 года свабоднымі і справядлівымі, крытыкавалі ўлады Беларусі за разгоны дэманстрацыяў і палітычныя рэпрэсіі, уводзілі ў сувязі з гэтым новыя санкцыі. Але затым санкцыі замарожвалі ці скасоўвалі, калі бачылі ад рэжыму Лукашэнкі пазітыўныя сігналы, як то вызваленне палітвязняў. І зноў уводзілі праз новыя рэпрэсіі.
На пачатак 2020 года адносна Беларусі засталося даволі мала санкцыяў – з 2015 года было «пацяпленне» і з Еўразвязам, і са Штатамі. Захоўваліся персанальныя санкцыі ЗША і Еўразвязу супраць людзей з атачэння Лукашэнкі (чатыры чалавекі ў спісе Еўразвязу і 10 у спісе ЗША), а таксама эмбарга на пастаўку зброі, якое ЗША і Еўразвяз увялі ў 2011 годзе і штогод працягвалі.
Цікава, што ў 2020 годзе самыя першыя санкцыі адносна Беларусі ўвяло Злучанае Каралеўства – яшчэ ў студзені. Але тое быў тэхнічны момант: Каралеўства выходзіла з Еўразвязу, праз гэта «адключалася» ад ягоных санкцыяў, але захоўвала практычна такія ж уласныя. А ўжо праз два тыдні па тых брытанскіх санкцыях у Менск прылятаў Дзяржаўны сакратар ЗША, ціснуў руку Лукашэнку і анансаваў прызначэнне амбасадара ў Беларусь.
Відавочная фальсіфікацыя вынікаў прэзідэнцкіх выбараў-2020 і беспрэцэдэнтны гвалт супраць удзельнікаў мірных пратэстаў выклікалі маштабныя санкцыі.
Першымі ўвялі санкцыі ў сувязі з гэтым Літва, Латвія і Эстонія: 31 жніўня забаранілі ўезд Лукашэнку і яшчэ 29 афіцыйным асобам з Беларусі. 25 верасня яны пашырылі санкцыі на сотню чыноўнікаў. 29 верасня Злучанае Каралеўства і Канада абвясцілі пра санкцыі адпаведна супраць 8 і 11 чыноўнікаў.
Яшчэ да таго санкцыі збіраўся ўвесці Еўразвяз, але Кіпр блакаваў рашэнне, бо патрабаваў падтрымаць санкцыі адносна Турэччыны. Спрэчка была звязаная са здабычай газу ў кіпрскай эканамічнай зоне ўсходняга Міжземнаморʼя, Беларусі не тычылася. Да згоды прыйшлі толькі ў ноч на 2 кастрычніка.
2 кастрычніка 2020 года Еўразвяз дадаў у санкцыйныя спісы 40 чыноўнікаў з Беларусі (на дадатак да 4 са старых спісаў) – не толькі візавыя абмежаванні, але і замарозку актываў. У той жа дзень ЗША ўвялі санкцыі супраць 8 чыноўнікаў. Затым 6 лістапада спісы Еўразвязу пашырылі на Аляксандра Лукашэнку і яшчэ 14 чалавек. Да санкцыяў Еўразвязу далучаліся іншыя краіны, у тым ліку Швейцарыя і Украіна.
17 снежня Еўразвяз увёў першыя санкцыі супраць беларускіх прадпрыемстваў: у спіс трапілі «Белтэхэкспарт», «Дана Холдынгз», «Сінэзіс», электрамеханічны завод «Агат», 140-ы рамонтны завод, Менскі завод колавых цягачоў і Упраўленне справамі Лукашэнкі. Тым жа пакетам Еўразвяз увёў персанальныя санкцыі супраць яшчэ 29 чалавек.
23 снежня ЗША на дадатак да новых візавых абмежаванняў увялі санкцыі супраць менскіх АМАП і ГУУС, атраду КДБ «Альфа» і Цэнтральнай выбарчай камісіі. ЗША таксама пашыралі візавыя абмежаванні 18 лютага 2021 года.
На тле гвалту і рэпрэсіяў Беларусь пазбавілася права правесці супольна з Латвіяй Чэмпіянат свету па хакеі 2021 года. Але гэта не было пакараннем за рэпрэсіі: кіраўнік Міжнароднай федэрацыі хакею наадварот хацеў «выкарыстаць спаборніцтвы як інструмент для замірэння», ды шэраг кампаніяў адмовіўся ад спонсарства чэмпіянату, калі б ён прайшоў у Беларусі.
Але да пэўнага моманту санкцыі заставаліся збольшага сімвалічнымі. Ці не самым жорсткім крокам было нават не ўвядзенне санкцыяў, а аднаўленне прыпыненых: ЗША 19 красавіка 2021 года «размарозілі» санкцыі супраць канцэрну «Белнафтахім» і звязаных з ім кампаніяў.
23 траўня 2021 года ў Беларусі прымусова пасадзілі пасажырскі самалёт «Ryanair» – як аказалася, каб затрымаць журналіста Рамана Пратасевіча. Захоп самалёта з пагрозамі бомбай і баявой авіяцыяй абурыў заходніх палітыкаў – некаторыя называлі гэта «паветраным пірацтвам». Мноства авіякампаніяў адмовілася лятаць у Беларусь.
4 чэрвеня Еўразвяз забараніў беларускім авіякампаніям палёты над сваёй тэрыторыяй і выкарыстанне сваіх аэрапортаў.
21 чэрвеня Еўразвяз і ЗША ўвялі санкцыі, якія звязвалі ўжо не толькі з рэпрэсіямі, але і з захопам самалёта. Пад санкцыі Еўразвязу трапілі яшчэ 78 чалавек і 8 кампаніяў, у тым ліку МАЗ і БелАЗ. ЗША ўключылі ў санкцыйныя спісы яшчэ 16 чалавек і 5 арганізацыяў, у ліку якіх Камітэт дзяржаўнай бяспекі, ГУБАЗіК, Унутраныя войскі.
24 чэрвеня Еўразвяз ухваліў сектаральныя санкцыі: забарону на продаж у Беларусь абсталявання, якое можа быць выкарыстанае ў ваенных мэтах; абмежаванні гандлю нафтапрадктамі і хларыдам калію (праўда, не забарона на продаж усяго калію), абмежаванне доступу да рынку капіталу, забарону страхавання беларускім дзяржаўным органам і агенцтвам.
Дарэчы, пасля захопу самалёта да санкцыяў далучылася аж Новая Зеландыя: 17 чэрвеня ўвялі візавыя абмежаванні супраць Лукашэнкі і паўсотні ягоных чыноўнікаў. Разам з тым, новазеландская кампанія «Ravensdown», якая пастаўляла ў краіну каля паловы ўгнаенняў, вырашыла адмовіцца ад пакупкі беларускага калію і шукаць альтэрнатыўных пастаўнікаў.
22 чэрвеня 2021 года Лукашэнка заявіў, што ў адказ на санкцыі перастане «бараніць» Еўропу ад нелегальнай міграцыі і кантрабанды. Хоць усплёск спробаў незаконнага пераходу беларуска-літоўскай мяжы грамадзянамі трэціх краінаў заўважалі за месяц да таго, аказалася, што Лукашэнка анансаваў штучнае стварэнне яшчэ большага міграцыйнага крызісу.
1 жніўня 2021 года на Алімпійскіх гульнях у Токіа разгарэўся скандал: беларускую бягунню Крысціну Ціманоўскую спрабавалі прымусова вывезці на радзіму, а яна баялася трапіць за краты праз відэа, дзе яна крытыкавала спартовых чыноўнікаў. Ціманоўскую даставілі ў бяспеку з дапамогай паліцыі.
На гадавіну выбараў, 9 жніўня 2021 года ЗША абвясцілі пра санкцыі супраць 23 асобаў і 21 арганізацыі, у тым ліку «Беларуськалію» і ГТФ «Нёман». Пад тыя санкцыі трапіў і Нацыянальны алімпійскі камітэт, але, паводле прэс-рэлізу, не за Ціманоўскую, а праз падазрэнні ў выкарыстанні НАК для адмывання грошай і абыходу санкцыяў. У той жа дзень пра новыя санкцыі абвясцілі Злучанае Каралеўства і Канада.
8 лістапада больш за тысячу мігрантаў пад кіраўніцтвам сілавікоў з Беларусі штурмавалі памежны пераход «Кузніца» (па беларускі бок «Брузгі»). На наступны дзень Польшча афіцыйна спыніла рух праз гэты пераход. З цягам часу закрыюцца амаль усе памежныя пераходы на межах Беларусі з Еўразвязам: застануцца адкрытымі два з Польшчай (адзін – выключна для грузавікоў), два з Літвой і адзін з Латвіяй.
2 снежня 2021 года ЗША і Канада, Еўразвяз і Злучанае Каралеўства ў тлумачэннях новых санкцыяў згадвалі ўжо не толькі рэпрэсіі, але і міграцыйны крызіс – і пад іх трапілі не толькі звязаныя з крызісам асобы і арганізацыі. Еўразвяз увёў санкцыі супраць 17 асобаў і 11 арганізацыяў, у тым ліку «Белавіі», «Беларуснафты», «Гродна Азоту» і «Белшыны». ЗША абвясцілі пра санкцыі супраць 20 чалавек і 12 арганізацыяў, у тым ліку супраць Міністэрства фінансаў Беларусі і «Банку развіцця», «Беларускай калійнай кампаніі» і «Слаўкалію», «Белтэхэкспарту» і шэрагу вайсковых заводаў, «Трансавіяэкспарту» і асобных самалётаў.
Акрамя таго, праз трансляцыю «пакаяннага інтэрв’ю» Пратасевіча Белтэлерадыёкампанію выключылі з Еўрапейскага трансляцыйнага звязу – БТ страціла правы на многія трансляцыі, а таксама на ўдзел у «Еўрабачанні».
Пазней ЗША пашыралі таксама візавыя абмежаванні. Пад адно з пашырэнняў трапілі неназваныя падазраваныя ў спробе выкрадання Ціманоўскай. Праўда, былога трэнера Ціманоўскай адхілілі ад спорту толькі ў канцы лютага 2024 года.
Ці сталі міграцыйны крызіс і скандал на Алімпіядзе прычынамі новых санкцыяў, ці былі толькі каталізатарам або проста фонам, невядома.
Рэжым Лукашэнкі выступіў суагрэсарам у вайне ва Украіне – гэта прызнаваў і сам Лукашэнка. Хоць беларускія войскі не ўвайшлі на тэрыторыю Украіны, расейскія войскі выкарысталі Беларусь як плацдарм для нападу і працяглы час вялі з беларускіх зямлі і неба абстрэлы Украіны. Яшчэ за дзень да поўнамаштабнай вайны лукашэнкаўскія чыноўнікі запэўнівалі, што такога не будзе.
Пра планаваны напад заходнія саюзнікі Украіны ведалі загадзя, перад самым нападам ужо пачалі ўводзіць санкцыі адносна Расеі. ЗША, Еўразвяз і Літва яшчэ да нападу разважалі пра дадатковыя санкцыі адносна Беларусі за спрыянне расейскай агрэсіі. За тыдзень да нападу Украіна спыніла транзіт беларускіх калійных угнаенняў, а Еўразвяз унёс у санкцыйныя спісы яшчэ два беларускія банкі.
25 лютага – на наступны дзень пасля ўварвання – Еўразвяз увёў першыя санкцыі ў сувязі з нападам. Эканамічная частка не зачапіла Беларусь, але ў спіс персанальных санкцыяў трапілі не толькі расейскія чыноўнікі (у тым ліку Уладзімір Пуцін), але таксама і 20 беларускіх.
Еўразвяз 2 сакавіка абвясціў пра новыя гандлёвыя абмежаванні адносна Беларусі і пра санкцыі супраць яшчэ 22 асобаў. Затым пад санкцыі Еўразвязу трапілі Нацбанк Беларусі і яшчэ тры банкі, якія адключылі ад сістэмы SWIFT, а таксама дарожны грузавы транспарт, «Беларуськалій» і тытунёвыя кампаніі.
ЗША 15 сакавіка ўвялі санкцыі супраць асабіста Аляксандра Лукашэнкі і ягонай афіцыйнай жонкі (якая, дарэчы, трапіла нават пад санкцыі Украіны – у адрозненне ад ейнага мужа). Затым Штаты прыпынілі гаднлёвыя стасункі з Беларуссю, уводзілі санкцыі супраць беларускіх заводаў і чыноўнікаў, абмежавалі экспарт у Беларусь звыш 1200 відаў тавараў – ад электрапрыбораў да тканіны і фарбаў.
На момант публікацыі ў санкцыйных спісах Еўразвязу 233 чалавекі з Беларусі і 38 беларускіх кампаніяў. У санкцыйных спісах Упраўлення кантролю замежнымі актывамі ЗША 118 чалавек і 87 кампаніяў з Беларусі.
Акрамя таго, невядомая колькасць людзей пад амерыканскімі візавымі абмежаваннямі. Таксама пад санкцыямі Мінфін, Нацбанк і асобныя (не ўсе) банкі і асобныя (не ўсе) беларускія тавары. Новыя санкцыі ўводзяць як адносна Беларусі з прывязкай да рэпрэсіяў, так і адносна Беларусі і Расеі разам узятых у сувязі з вайной.
Да санкцыяў Еўразвязу далучыўся шэраг краінаў, а некаторыя ўвялі ўласныя або дадатковыя. Свае санкцыйныя спісы маюць Літва, Латвія і Эстонія (якія таксама ўваходзяць у Еўразвяз і падтрымліваюць ягоныя санкцыі), Украіна, Злучанае Каралеўства (якое з Еўразвязу выйшла), Нарвегія, Швейцарыя, Злучаныя Штаты, Канада, Японія, Аўстралія і Новая Зеландыя.
Ды пакуль магутныя санкцыі не абвалілі беларускую эканоміку, як таго чакалі ў першыя месяцы поўнамаштабнай вайны. Як тлумачыў «Белсату» эканаміст Зміцер Крук, беларуская эканоміка аказалася надзвычай адаптыўнай, ды і дапамагла расейская, якая сама пацярпела ад санкцыяў не так моцна, бо ў крытычны момант здолела стабілізаваць сітуацыю.
Саўдзел у нападзе на Украіну наклаў на Беларусь абмежаванні, ці не горшыя за санкцыі. Беларусь страціла Украіну як буйнога гандлёвага партнёра і стала куды больш прывязаная эканамічна і палітычна да Расеі, якая можа пацягнуць за сабой на дно. Да таго ж, у некаторых краінах стаўленне да беларусаў заўважна пагоршылася. Шмат дзе беларускае грамадзянства можа стаць прычынай дыскрымінацыі. Сама Беларусь стала «таксічнай» для супрацы, краіну пакінулі многія заходнія кампаніі і брэнды.
Цяпер дэмакратычныя сілы Беларусі заклікаюць не толькі да новых санкцыяў, але і да «затыкання дзіраў» ва ўжо ўведзеных – закрыцця шляхоў абыходу санкцыяў (Еўразвяз, дарэчы, толькі ў сакавіку-2024 крыміналізаваў абыход санкцыяў). Таксама дэмакратычныя сілы Беларусі дамагаюцца выдачы ордару на арышт Лукашэнкі ад Міжнароднага крымінальнага суду – такі ўжо выдалі на Пуціна.
Акрамя таго, сваякі палітычных зняволеных заклікаюць скарыстацца санкцыямі для вызвалення палітвязняў: адны прапануюць пайсці на саступкі, другія просяць увесці санкцыі менавіта за ўтрыманне палітычных зняволеных. Дэмакратычныя сілы ўжо рыхтуюць такія санкцыі.
Намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету і лідар Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка адзначыў у каментары «Белсату», што палітычныя зняволеныя цярпяць не толькі ад невыносных умоваў і катаванняў, але і ад прымусовай працы, за якую атрымліваюць ад 3 цэнтаў да 1,4 долара на месяц. Такую працу Латушка называе рабскай. А прадукцыя, якую зняволеныя вырабляюць, адкрыта прадаецца (хай і без пазнакі «зроблена ў калоніі») у Беларусі і за мяжой, можа быць экспартаваная ў тым ліку на рынкі краінаў Еўразвязу.
«Даходы ад беларускага турэмна-прамысловага канвееру значныя, – падкрэслівае Латушка. – І гэтыя даходы паступаюць для фінансавання як утрымання ўлады Лукашэнкі, так і для фінансавання ажыццяўлення саміх рэпрэсіяў».
Таму НАУ звярнулася да партнёраў з прапановай «праваабарончага пакету санкцыяў», скіраваных на групы тавараў, якія вырабляюць рукамі палітвязняў у месцах пазбаўлення волі. Гэта мэбля і пасцельныя рэчы, абутак і прадметы адзення, вырабы з некаштоўных металаў, абсталяванне і механічныя прылады.
Інфармацыю пра ўмовы працы палітвязняў і прадукцыю, якую іх прымушаюць вырабляць, НАУ перадала ў наднацыянальныя органы дзяржаваў Еўразвязу, міністэрствы замежных справаў шэрагу краінаў, а таксама спецыяльнаму прадстаўніку Еўразвязу па санкцыях і дэпутатам Еўрапарламенту. А Еўрапарламент заклікаў да ўзмацнення санкцыяў у тым ліку за прымусовую працу зняволеных у рэзалюцыі 8 лютага.
Алесь Наваборскі belsat.eu