«Хацеў паспець да 8 сакавіка, але пачалася вайна». Алесь Плотка з Кіева дасылае «Вершніц»

Беларускі музыка і літаратар Алесь Плотка жыве ў Кіеве і пакуль не плануе з’яджаць. Ён плануе перакласці сатырычную кнігу, працягваць займацца літаратурай, а цяпер рассылае з Украіны саколкі са знакамітаю выяваю з ягонай кнігі «Байсан».

Алесь Плотка ў часе імпрэзы «Ноч нерасстралянай паэзіі». Кіеў, Украіна. 29 кастрычніка 2021 года. Фота: Белсат

«Выява гэтая не новая. Мы з гэтаю вершніцаю час ад часу рабілі тышорткі. Звычайна гэтым займаўся Павел Белавус з крамы Symbal.by, але цяпер Паша сядзіць, а крама разгромленая. У 2020 годзе мы выкладалі выяву ў вольны доступ. А тут проста было такое адчуванне, што варта зрабіць дадатковы, трэці наклад. Распаўсюд сувенірнай прадукцыі – не зусім мой занятак, але з’явілася такая спантанная ідэя», – распавядае Плотка.

У трэцім накладзе вершніца – на ружовым фоне, больш падобным да першых футболак, а не на чырвоным, як было ў другім выпуску. «Мы тады былі заігрывалі з колерамі. У мяне была грунтоўная размова з феміністкамі, ці варта выкарыстоўваць ружовы колер. Потым нам з Пашам захацелася зрабіць у больш кананічных, бела-чырвоных колерах. А цяпер гэта вяртанне да каранёў. Я прапанаваў Уладзю зрабіць кіслотны такі колер, каб дадаць нейкіх фарбаў», – кажа Плотка.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: symbal.by

Тышорткі чакалі Алеся каля месяца ў скрынцы. Друк рабілі ў Харкаве, і пошта дала рады, але ўмяшаліся расейскія войскі.

«Мой стары прыяцель па нефармальнай маладосці робіць розныя тышорткі, ягоны бізнес – у Харкаве. Ён хуценька надрукаваў, бо я дужа хацеў паспець да 8 сакавіка. І роўненька 24 лютага ранічкаю на пошце была ўжо пасылка. Яна прастаяла месяц, пакуль я не змог яе забраць і перадаць часткова ў Львоў ды іншыя месцы», – расказвае Алесь.

Геаграфія пасылак уключае не толькі бліжэйшыя краіны. Футболкі разляцеліся ў Польшчу, ЗША, Грузію, Іспанію, Нямеччыну, Канаду, Чэхію і Літву.

«Пошта працуе даволі добра. Напрыклад, амерыканская пошта – гэта проста супер. Я дасылаў у адзін дзень у ЗША і ў Польшчу. Дык у ЗША людзі ўжо паатрымлівалі тышорткі, а ў Польшчы яшчэ чакаюць», – кажа літаратар.

Алесь Плотка прызнаецца, што не гатовы рабіцца другім Symbal.by, але мае на думцы змясціць выяву на міжнароднай пляцоўцы, каб любы ахвотны мог замовіць сабе рэч з адпаведным прынтам.

Мне ва Украіне добра жыць

Дзеяч застаецца ў Кіеве, бо з улікам усіх акалічнасцяў пачуваецца там на месцы: «Мне тут добра жыць. Я свядома сюды пераехаў з Чэхіі. Не жыву ў Беларусі пастаянна ўжо гадоў 5. Я бачыў і бачу плюсы ва Украіне, чаму тут хочацца жыць, і спадзяюся пратрымацца тут максімальна. Я мушу канстатаваць, што, можа, прыйдзецца з’ехаць, калі пытанне з заблакаванымі рахункамі зацягнецца. Тады ўсе беларусы, якія намагаюцца тут застацца і плаціць падаткі ва Украіне, будуць вымушаныя з’ехаць. Але калі пытанне разруліцца, ніхто не ведае, бо ідзе вайна. Будзе цяжка, але складанасці ўжо даўно нармальныя для нас», – адзначае Алесь.

Бамбасховішча ў бары «Торвальд». Кіеў, Украіна. 24 лютага 2022 года. Фота: Белсат

Вялікім болем для Алеся сталася гісторыя з пабам «Торвальд», які пераехаў у Кіеў з Віцебску і якога ўкраінскі ўласнік выгнаў з памяшкання. «У дыяспары жывуць розныя людзі. І «Торвальд» аб’ядноўваў усіх. Там гуртаваліся розныя людзі, а падчас вайны там стварылася валанцёрская база і жылі ўдзельнікі баявых дзеянняў. Я не ведаю дэталяў, але ведаю, што ва ўласніка пабу Віталя Броўкі цяпер вельмі няпросты перыяд. Два чалавекі – уласнікі бару – абодва беларусы, і іхныя рахункі заблакаваныя. Я хачу выказаць хлопцам маральную падтрымку і спадзяюся, што гэтае месца, як птушка-фенікс, адродзіцца. Вось у іх праблемы – людзі ўклалі ўсё ў месца, якое стала знакавым для беларусаў. А ў мяне што, дробязі», – разважае наш суразмоўца.

Валанцёрства і літаратура

Цяпер у Кіеве, як і ва ўсёй Украіне, вольныя рукі вельмі патрэбныя. Але Алесь прызнаецца, што на 100 % аддавацца гэтай годнай справе не мае магчымасцяў: «Мне таксама трэба працаваць і зарабляць на хлеб. Калі я пайду праваланцёру два месяцы, то я апынуся проста на вуліцы і стану абсалютна не карысным. Маёй справаю жыцця застаецца літаратура. Калі ёсць нейкі час, то я намагаюся займацца ёю. Пра Беларусь-2020 было напісана небагата. Да таго ж цяпер займаюся перакладам кнігі журналіста Аляксандра Чарнухі. Ён напісаў «Свінні».

Гэта сатырычная кніга пра маленькі беларускі гарадок, дзе пачаўся мор свіней, і мясцовы апарат стварае інфармацыйную кампанію, каб пераканаць беларусаў, што свініна – гэта дрэнна.

«Пасля вайны зоймемся пастаўкамі будматэрыялаў». Валанцёры з Нідэрландаў перадалі ва Украіну дзясяткі спецмашын

«Гэта вельмі класная кніга і вялікая праца. У беларускай літаратуры вельмі мала гумару, то я бачу ў ёй працяг Мрыя і «Запісак Самсона Самасуя». Саша арыгінал напісаў па-расейску, а я б хацеў у гэтым годзе яе перакласці. Не ведаю, за якія грошы і як выдаць. Цяпер гэта ўсё робіцца для сябе і для вечнасці», – прызнаецца літаратар.

Алесь Плотка кажа, што цяпер для яго валанцёрства – своеасаблівы чын для выпускання энергіі з цела. Нават пайсці паплесці маскавальныя сеткі – гэта ўжо палёгка.

«Людзі кажуць, што творчым асобам так добра, бо мы можам нешта напісаць. Я магу з гэтым пагадзіцца. Я магу напісаць верш, і гэта будзе пэўная тэрапія. Пішуць багата мае землякі-беларусы. Я вельмі ўдзячны ўсім, хто піша пра Украіну. Але, шчыра кажучы, мы ўсе па-рознаму адчуваем гэты боль. Тут ёсць людзі, якія на гэтай хвалі захацелі стаць больш украінцамі, чым самі ўкраінцы. Я так не хачу, няма такіх планаў. Я ўсё адно застаюся беларусам, хай і ў такіх няпростых умовах. І з разуменнем беларусаў ва Украіне і беларускай літаратуры ва ўкраінскай. Працягнем сваю справу, што рабіць. Час жа мы не абіраем», – перакананы Алесь Плотка.

«Думаюць, што забіваючы, вызваляюць ДНР і ЛНР». Саша Філіпенка – пра сваю новую кнігу і пра тое, як яна тлумачыць сённяшнія падзеі

МГМ belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны