Як вызваляць палітвязняў, калі ў Беларусі трываюць рэпрэсіі? Дыскусія Каардынацыйнай рады

Каардынацыйная рада працягвае дыскутаваць на тэму вызвалення палітвязняў. «Белсат» транслюе дыскусію на тэму: «Вызваленне палітвязняў — здрада ці перамога? Ці можна вызваляць людзей, калі ў краіне працягваюцца рэпрэсіі?».

У Беларусі вельмі шмат палітычных зняволеных. Але дакладная колькасць невядомая: сваякі вязняў і самі зняволеныя баяцца, што «афіцыйны» статус можа пагражаць дадатковымі рэпрэсіямі, а перавагаў ад статусу не будзе. У час мінулай дыскусіі гэта згадвалі – і праваабаронцы запэўнівалі, што рэпрэсіі чыняць без аглядкі на спісы «Вясны» ці іншых арганізацыяў, а зняволеным аказваюць падтрымку незалежна ад статусу.

Таксама існуюць розныя крытэры: «Вясна» і шэраг арганізацыяў лічыць, што палітвязняў цяпер каля 1500, тады як «DissidentBy» налічвае 1768 зняволеных з палітычных матываў і настойвае на больш шырокім азначэнні «палітвязень», бо лічыць старыя крытэры неактуальнымі пасля прававога дэфолту. Прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінету ў сацыяльных пытаннях Вольга Гарбунова казала, што ў Беларусі можа быць больш як пяць тысяч палітвязняў, але «Вясна» перакананая, што разыходжанне з іхнымі лічбамі не такое вялікае.

Але як вызваляць людзей, калі на іх месца садзяць новых? Пра гэта 12 траўня а 17-й гадзіне па Менску будуць дыскутаваць палітолаг Павел Усаў, прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету ў замежных справах Валер Кавалеўскі і прадстаўніца аб’яднання сваякоў палітвязняў Святлана Мацкевіч. Дыскусію будзе мадэраваць сябра Каардынацыйнай рады, журналіст Ян Рудзік.

Родныя палітвязняў усё часцей нічога не ведаюць пра блізкіх за кратамі

belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны