У Белгарадзе ў выніку выбуху абрынуўся пад’езд шматпавярховіку. Не менш за 20 пацярпелых

Расейскія ўлады абвінавацілі ЗСУ ў абстрэле жылых кварталаў Белгараду. У выніку атакі абрынуўся пад’езд шматпавярховага дому. Паводле пракрамлёўскага каналу «Shot», пацярпелі 33 асобы. У Міністэрстве аховы здароўя Расеі пацвердзілі шпіталізацыю 17 параненых, у «надзвычайных службах» кажуць пра 20.

Пашкоджаны пасля выбуху шматпавярховы дом у Белгарадзе, Расея. 12 траўня 2024 года. Фота: bbbreaking / Telegram

Губернатар Белгародскай вобласці Вячаслаў Гладкоў у сваім Telegram-канале напісаў, што «Белгарад і Белгародскі раён зазналі масаваны абстрэл з боку ЗСУ». Паводле чыноўніка, у адным доме «ў выніку беспасярэдняга трапляння снарада» абрынуўся пад’езд з дзясятага да першага паверху.

Пры гэтым Мінабароны Расеі сцвярджае, што шматпавярховік «быў пашкоджаны фрагментамі адной са збітых ракетаў “Точка-У”»:

«Падчас адбіцця атакі расейскімі сродкамі СПА знішчаныя 6 ракетаў “Точка-У”, 4 рэактыўныя снарады “Vampire” і 2 рэактыўныя снарады “Вольха”».

Выбух у Белгарадзе: імаверна, на горад упала расейская авіябомба

Відэа з месца здарэння сведчыць, што пад’езд дому спачатку абрынуўся не цалкам: на месцы застаўся дах. Ён абваліўся падчас пошукава-ратавальнай аперацыі. У той момант траўмы атрымалі тры ратавальнікі, паведамілі ў МНС Расеі. Паводле ведамства, з-пад абломкаў дасталі 16 асобаў.

Следчы камітэт Расеі завёў крымінальную справу аб тэракце. У ведамстве заявілі, што ў выніку інцыдэнту «ёсць загінулыя і пацярпелыя», аднак ліку не назвалі.

Telegram-канал «Shot» піша, што ЗСУ, імаверна, планавалі атакаваць цеплавую электрастанцыю непадалёк. Ва Украіне абстрэлу афіцыйна не каментавалі. Пры гэтым кіраўнік Цэнтру супрацьдзеяння дэзынфармацыі пры Радзе нацыянальнай бяспекі і абароны Андрэй Каваленка не выключыў, што шматпавярховік узарвалі, бо на відэа «не бачна аб’ектаў, якія падаюць»:

«Цалкам падобна на правакацыю Расеі або інфармацыйную прадукцыю з раздзіманнем сітуацыі дзеля апраўдання далейшых удараў па жылых дамах украінскіх гарадоў».

«З’ехаць, каб не трапіць пад дывановую зачыстку сваіх жа». Як жыве Белгародская вобласць?

Сцяпан Кубік belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны