Вайскоўцы ЗСУ вызвалілі яшчэ адзін населены пункт

Збройныя сілы Украіны вызвалілі сяло Старажовае ў Данецкай вобласці, якое было пад акупацыяй з сакавіка 2022 года. Пра гэта раніцаю 12 чэрвеня паведаміла намесніца міністра абароны Ганна Маляр.

Вайскоўцы ЗСУ ў вызваленым паселішчы Старажовае. Крыніца: annamaliar / Telegram

«Адэскія марпехі ў рамках контрнаступальных дзеянняў вызвалілі сяло Старажовае Данецкай вобласці, якое было пад акупацыяй з сакавіка 2022 года», – паведаміла 35-ая асобная брыгада марской пяхоты ў Facebook.

Таксама адзначаецца, што ў выніку зачысткі населенага пункту было знішчана каля паўсотні расейскіх салдатаў, чацвёра ўзятыя ў палон. «Сёння дзяржаўны сцяг зноў лунае над Старажовым, і так будзе з кожным населеным пунктам, пакуль мы не вызвалім усю ўкраінскую зямлю», – дадаюць украінскія вайскоўцы.

Абаронцы апублікавалі відэа з вызваленага паселішча.

Увечары 11 чэрвеня ўкраінскае кіраўніцтва расказала пра новыя поспехі на фронце, у тым ліку пра вызваленне некаторых населеных пунктаў. Гэтак, намесніца міністра абароны Ганна Маляр паведаміла пра вызваленне паселішчаў Благадатнае і Макараўка ў Данецкай вобласці. Агулам на поўдні ўкраінскія вайскоўцы на двух кірунках прасунулася наперад на адлегласць ад 300 да 1500 метраў. Таксама ў Міністэрстве абароны Украіны заяўляюць, што працягваюцца штурмавыя дзеянні ў ваколіцах Бахмуту.

Нагадаем, 10 чэрвеня Уладзімір Зяленскі пацвердзіў пачатак контрнаступу, але адмовіўся распавядаць падрабязнасці.

«Важна, што Расея адчувае заўсёды, што ім нядоўга засталося, на маю думку. Контрнаступальныя і абарончыя дзеянні адпаведныя адбываюцца ва Украіне. На якой стадыі – я не буду казаць падрабязна. Лічу, што мы гэта абавязкова будзем адчуваць», – заявіў Зяленскі падчас прэс-канферэнцыі з прэм’ер-міністрам Канады Жустэнам Трудо.

Пра тое, што Украіна пачала контрнаступ, 9 чэрвеня казаў і Пуцін.

Алена Рувіна belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны