Новы віток ядравага шантажу: што стаіць за пагрозамі Масквы?

Ядравы шантаж ужо даўно зрабіўся адметнаю рысаю палітыкі Расеі. Сталыя пагрозы ў значнай ступені абясцэніліся, аднак Уладзімір Пуцін не пакідае спробаў паўплываць такім чынам на Захад. Апошнім часам назіраецца відавочная актывізацыя намаганняў Масквы ў гэтым кірунку.

Удзел падраздзяленняў Узброеных сілаў Беларусі ў другім этапе вучэнняў з нестратэгічнымі ядравымі сіламі Узброеных сілаў Расеі. 12 чэрвеня 2024 года. Фота: Министерство обороны Республики Беларусь / Telegram

Ядравыя вучэнні: другія, трэція, дзясятыя…

11 чэрвеня Расея абвесціла пра пачатак другога этапу вучэнняў, разлічаных на рыхтаванне да баявога выкарыстання нестратэгічнай ядравай зброі.

Заяўляецца, што ў вучэннях бяруць удзел і расейскія, і беларускія вайскоўцы. 12 чэрвеня начальнік Генеральнага штабу Павел Муравейка апавёў, што на гэтым тыдні адпрацоўвалася разгортванне аператыўна-тактычных комплексаў «Іскандэр» і беларускай авіяцыі са «спецыяльнымі боепрыпасамі». Дзеянні вайскоўцаў Муравейка ацаніў вельмі высока: паводле генерала, усе кантрольныя нарматывы былі выкананыя нават з апераджэннем тэрміну:

«Ужо цяпер магу з упэўненасцю заявіць: падраздзяленні і часткі Узброеных сілаў Беларусі да выкарыстання спецыяльнай ядравай зброі гатовыя».

Дзе менавіта праходзяць вучэнні, няясна: пра канкрэтныя лакацыі ў Беларусі ўвогуле нічога не паведамляецца. Разам з тым Міністэрства абароны РФ 12 чэрвеня заявіла, што частка ядравых манеўраў адбываецца з удзелам злучэнняў Ленінградскай вайсковай акругі. Акрамя таго, мусяць быць задзеяныя караблі Вайскова-марскога флоту РФ. То бок геаграфія вучэнняў беларускім кірункам дакладна не абмяжоўваецца.

Удзел Беларусі ў другім этапе нестратэгічных ядравых вучэнняў Уладзімір Пуцін праанансаваў яшчэ падчас свайго візіту ў Менск 23–24 траўня. Аляксандр Лукашэнка тады заявіў журналістам, што «гэта нашае трэцяе трэнаванне з моманту размяшчэння ядравай зброі на тэрыторыі Беларусі», хаця застаецца няясным, калі і дзе адбыліся папярэднія. «У расейцаў, мусіць, дзясяткі такіх трэнаванняў. Нічога дзіўнага», – дадаў палітык.

Новыя пагрозы

Каментуючы ў эфіры «Вось так» цяперашнія ядравыя вучэнні, навуковы супрацоўнік Венскага цэнтру раззбраення і нераспаўсюду Мікалай Сокаў зазначыў, што гэта найперш «гульня на нервах».

«Вучэнні, звязаныя з тактычнай ядравай зброяй – гэта адзін з сігналаў, каб нагадаць, што, маўляў, у нас ёсць ядравая зброя, мы можам яе прымяніць. Гэта хутчэй гульня на нервах. Чыста палітычныя сігналы», – падкрэсліў эксперт.

Паказальна, што цяперашнія манеўры разгортваюцца на фоне абвастрэння ядравай рыторыкі Масквы.

Міністр замежных справаў РФ Сяргей Лаўроў 30 траўня заявіў, што ў выпадку разгортвання Злучанымі Штатамі наземных ракетаў сярэдняй і малой далёкасці (РСМД) Расея можа пайсці на дадатковыя крокі ў сферы ядравага стрымлівання. Акрамя таго, Лаўроў зазначыў, што Расея будзе разглядаць перадачу Украіне знішчальнікаў F-16 як «наўмыснае сігнальнае дзеянне NATO ў ядравай сферы», бо гэтыя самалёты ёсць «асноўным сродкам дастаўкі ў межах так званых супольных ядравых місіяў NATO».

Удзел падраздзяленняў Узброеных сілаў Беларусі ў другім этапе вучэнняў з нестратэгічнымі ядравымі сіламі Узброеных сілаў Расеі. 12 чэрвеня 2024 года. Фота: Министерство обороны Республики Беларусь / Telegram

5 чэрвеня падчас Пецярбургскага міжнароднага эканамічнага форуму шэраг пагрозаў агучыў Пуцін. Па-першае, паабяцаў сіметрычны адказ на рашэнне краінаў Захаду дазволіць Украіне выкарыстоўваць заходнюю зброю супраць аб’ектаў на тэрыторыі РФ. Па-другое, Пуцін заклікаў Захад не даводзіць Расеі да выкарыстання ядравай зброі.

«У нас жа ёсць ядравая дактрына – паглядзіце, што там напісана. Калі нечыя дзеянні будуць пагражаць нашаму суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці, мы лічым для сябе магчымым выкарыстоўваць усе існыя ў нашым распараджэнні сродкі», – заявіў ён.

Расейскі кіраўнік зазначыў, што пакуль умовы для выкарыстання ядравай зброі не склаліся: «Але дактрына – гэта жывы інструмент. Мы ўважліва глядзім, што адбываецца ў свеце вакол нас і не выключаем унясення нейкіх зменаў у гэтую дактрыну».

Намеснік міністра замежных справаў Расеі Сяргей Рабкоў 11 чэрвеня развіў думку Пуціна, зазначыўшы, што «непрымальныя эскалацыйныя дзеянні ЗША і іх саюзнікаў» ставяць «на ўвесь рост пытанне, як базавыя дакументы ў сферы ядравага стрымлівання могуць быць прыведзеныя ў большую адпаведнасць з цяперашнімі патрэбамі».

Пры гэтым ні Пуцін, ні Рабкоў сутнасці магчымых зменаў не раскрылі.

Лукашэнка прыгразіў знішчыць мільён чалавек. Тлумачым, чаму, хутчэй за ўсё, гэта блеф

Што можна змяніць у ядравай дактрыне

Фактычна Масква пагражае перамаляваць «чырвоныя лініі», то бок афіцыйна змяніць умовы выкарыстання ядравай зброі.

Паводле арт. 27 цяперашняй Ваеннай дактрыны РФ, ядравая зброя можа быць выкарыстаная толькі ў двух выпадках: 1) калі праціўнік сам ударыць па Расеі або па яе хаўрусніках зброяй масавага знішчэння; 2) калі на Расею нападуць з выкарыстаннем звычайнай зброі, але пад пагрозу будзе пастаўленае існаванне расейскай дзяржавы.

Віктар Хрэнін падчас вучэнняў падраздзяленняў Узброеных сілаў Рэспублікі Беларусь з нестратэгічнымі ядравымі сіламі Узброеных сілаў Расейскай Федэрацыі. 12 чэрвеня 2024 года. Фота: Министерство обороны Республики Беларусь / Telegram

Аналагічная норма ёсць у яшчэ адным базавым дакуменце – Асновы дзяржаўнай палітыкі Расейскай Федэрацыі ў галіне ядравага стрымлівання. Там зазначаецца, што ядравае стрымліванне ажыццяўляецца ў дачыненні дзяржаваў або кааліцыяў дзяржаваў, якія валодаюць ядраваю зброяй, а таксама тых дзяржаваў, якія валодаюць «значным баявым патэнцыялам сілаў агульнага прызначэння».

Умовы, якія вызначаюць магчымасць выкарыстання Расеяй ядравай зброі:

  • паступленне дакладнай інфармацыі пра старт балістычных ракетаў, якія атакуюць тэрыторыі РФ і (або) яе саюзнікаў;
  • выкарыстанне праціўнікам ядравай зброі або іншых відаў зброі масавага паражэння па тэрыторыях РФ і (або) яе саюзнікаў;
  • уздзеянне праціўніка на крытычна важныя дзяржаўныя або вайсковыя абʼекты РФ, вывад з ладу якіх прывядзе да зрыву дзеянняў ядравых сілаў у адказ;
  • агрэсія супраць РФ з выкарыстаннем звычайнай зброі, калі пад пагрозу пастаўленае існаванне дзяржавы.

Што з гэтага можна змяніць? Насамрэч варыянтаў няшмат. Тэарэтычна Расея можа далей развіць канцэпцыю «эскалацыі дзеля дээскалацыі» і прапісаць у базавых дакументах магчымасць выкарыстаць ядравую зброю ў выпадку больш абмежаваных формаў вонкавай агрэсіі. Або ўключыць настолькі расплывістыя фармулёўкі, што іх можна будзе трактаваць увогуле як заўгодна.

З ваеннага пункту перапісванне паперак нічога змяніць не можа. Так званая ядравая дактрына – гэта не закон і не міжнародная дамова, а добраахвотная дэкларацыя. Сама па сабе яна не ёсць перашкодаю для выкарыстання ядравай зброі. Рашэнне ў любым выпадку прымае толькі адзін чалавек – Уладзімір Пуцін.

Адна з асноўных задачаў падобных публічных дакументаў – зрабіць больш празрыстымі свае намеры. Каб патэнцыйны праціўнік добра разумеў, дзе тыя самыя «чырвоныя лініі», пры перасячэнні якіх распачнецца ядравая вайна. То бок насамрэч мэта любога карэктавання базавых дакументаў у ядравай сферы заключаецца не ў тым, каб стварыць умовы для нанясення ядравага ўдару, а ў тым, каб папярэдзіць праціўніка пра магчымыя наступствы.

Праблема «чырвоных лініяў»

Падзеі апошніх двух гадоў паказваюць: рыторыка Масквы наконт «чырвоных лініяў» пераважна пабудаваная на блефе.

Напрыклад, улетку 2022 года намеснік старшыні Савету бяспекі РФ Дзмітрый Мядзведзеў заявіў, што ў выпадку нападу на Крым для Украіны наступіць «судны дзень» (намёк на ядравы ўдар). Аднак пачынаючы са жніўня 2022 года ЗСУ рэгулярна б’юць па вайсковых аб’ектах у Крыме і «судны дзень» дасюль не надышоў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Сябра выбарчай камісіі праходзіць міма разбуранага будынку з мабільнаю скрыняю для галасавання і дакументамі падчас наведвання мясцовых жыхароў на трэці дзень рэферэндуму аб далучэнні самаабвешчанай Данецкай Народнай Рэспублікі да Расеі. Марыупаль, Украіна. 25 верасня 2022 года. Фота: Alexander Ermochenko / Reuters / Forum

У верасні 2022 года перад правядзеннем псеўдарэферэндуму на Луганшчыне, Данеччыне і Запарожжы Масква заявіла, што на новыя тэрыторыі будзе распаўсюджвацца ядравая дактрына і Расея гатовая выкарыстаць усе магчымыя сродкі для абароны сваёй тэрытарыяльнай цэласнасці. Неўзабаве Расея страціла Херсон, і гэта не прывяло да ядравай эскалацыі (хаця такі варыянт у пэўны момант, імаверна, абмяркоўваўся). Больш за тое, з часам вайна ўсё далей стала распаўсюджвацца на міжнародна прызнаную тэрыторыю РФ. Няспынныя абстрэлы і атакі беспілотнікаў, якія часам даляталі да Масквы і Ленінградскай вобласці, серыя магутных дыверсійных рэйдаў у Белгародскую і Бранскую вобласці – усё гэта не пацягнула за сабой эскалацыі.

Пастаўкі Украіне заходняга ўзбраення, у тым ліку нямецкіх танкаў, Пуцін таксама не раз называў «чырвонымі лініямі». Нягледзячы на гэта, Захад паступова перадаваў ЗСУ ўсё больш прасунутую зброю, а сваіх пагрозаў расейскі кіраўнік не зрэалізаваў.

У траўні 2024 года ўкраінскія беспілотнікі зладзілі шэраг атак на стратэгічна важныя РЛС, якія ёсць часткаю сістэмы ранняга папярэджання аб ядравым ракетным нападзе. Паводле медыяў, Злучаныя Штаты былі занепакоеныя сітуацыяй і баяліся «дэстабілізацыйнага эфекту» ад украінскай аперацыі. Пры жаданні Крэмль мог трактаваць гэты выпадак як атаку на «крытычна важныя дзяржаўныя або вайсковыя абʼекты РФ», пра што гаворыцца ў Асновах дзяржаўнай палітыкі Расейскай Федэрацыі ў галіне ядравага стрымлівання. Замест гэтага Масква проста зрабіла выгляд, што нічога сур’ёзнага не здарылася.

Натуральна, што на трэцім годзе вайны ў вачах Захаду ядравая рыторыка Крамля ў значнай ступені абясцэнілася. Падчас Пецярбургскага міжнароднага эканамічнага форуму Пуцін нават трошкі паскардзіўся на гэта:

«Чамусьці на Захадзе думаюць, што Расея ніколі гэтага [ядравай зброі] не выкарыстае».

Праводзячы супольныя з Беларуссю вучэнні і разважаючы пра змену ядравай дактрыны, Пуцін хоча прымусіць свет ізноў успрымаць ягоныя пагрозы ўсур’ёз і гэтак уплываць на рашэнні краінаў Захаду. Мэта Крамля – як мінімум не дапусціць далейшага рассоўвання межаў падтрымання Украіны з боку заходніх саюзнікаў (дазвол на ўдары ATACMS, скіраванне натаўскіх вайскоўцаў і г. д.).

Байдэн: пагроза прымянення Пуціным тактычнай ядравай зброі – рэальная

Глеб Нержын belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны