Суд Баранавічаў і Баранавіцкага раёну вынес 11 ліпеня прысуд у крымінальнай справе, заведзенай на мясцовага жыхара Паўла Лінкевіча. Мужчыну прызналі вінаватым у прычыненні цяжкага пашкоджання супрацоўніку міліцыі (ч. 2 арт. 147 КК) у жніўні 2020 года. Прысуд – 7 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, паведамляе «Вясна».
Рашэнне прыняў суддзя Мікалай Кміта.
Паводле матэрыялаў справы, у жніўні 2020 года ў Баранавічах 35-гадовы мужчына, кіруючы пазадарожнікам, учыніў наўмысны наезд на супрацоўніка органаў унутраных справаў, які ахоўваў грамадскі парадак. Міліцыянт у выніку нібыта трапіў у шпіталь. Супрацоўнікі ДАІ пераследавалі абвінавачанага, але кіроўца кінуў свой аўтамабіль паблізу вёскі Антанова, а сам схаваўся.
Як стала вядома праваабаронцам, Павел Лінкевіч з’ехаў у Польшчу, але ў пачатку траўня вярнуўся ў Беларусь, быў затрыманы і змешчаны пад варту. Судовы працэс доўжыўся ўсяго пяць дзён – з 6 ліпеня.
Паўла Лінкевіча прызналі вінаватым паводле ч. 2 арт. 147 КК («Наўмыснае прычыненне цяжкага пашкоджання цела») і асудзілі да 7 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Паўла Лінкевіча пакуль няма ў спісе палітычных вязняў Беларусі. На дзень 12 ліпеня ў Беларусі прызнаныя палітычнымі вязнямі 1234 чалавекі.
ЗК belsat.eu