На судзе над Паўлам Мажэйкам і Юліяй Юргілевіч глядзелі ўлюбёны серыял маці Юліі. Сталі вядомыя дэталі працэсу

Як праходзіць суд над ім і адвакаткай Юліяй Юргілевіч.

Павел Мажэйка і Юлія Юргілевіч падчас суда. Фота: belta.by

Працэс распачаўся ў панядзелак 10 ліпеня і праходзіць у адкрытым рэжыме. На паседжанні пускаюць сваякоў і проста ахвочых паслухаць. У першы дзень пусцілі каля 7-8 чалавек. На другі дзень слухачоў пасадзілі на адну лаўку ў самай маленькай залі Гарадзенскага абласнога суду.

«Павел і Юлія выглядаюць у цэлым добра, здаровым. У аўторак былі больш стомленымі», – распавядае Ірына.

У панядзелак і аўторак паседжанні цягнуліся каля трох гадзінаў. У справе – 4 тамы. Першыя тры зачыталі за першы ж дзень. У другі – глядзелі аўдыё- і відэадоказы.

Паўла Мажэйку і адвакатку Юлію Юргілевіч абвінавачваюць па двух эпізодах – за 23 лютага і 30 сакавіка 2022 года. Нібыта ў гэтыя дні Юлія распавяла Паўлу ў тэлефоннай размове пра сваё звальненне з адвакатуры і пра прысуд Алесю Пушкіну.

Пракурор спрабуе даказаць, што менавіта Павел «размясціў» гэтую інфармацыю на старонцы тэлеканалу Белсат, прызнанага беларускімі ўладамі экстрэмісцкім фармаваннем – у нявызначаны час, нявызначаным спосабам, праз нявызначаных асобаў. Перадачу звестак Белсату следчыя расцанілі як «спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 2 арт. 361 КК).

Павел і Юлія адразу цалкам адмовілі віну.

«У лістах ён намагаецца нас падтрымаць – і яны сапраўды дадаюць сілаў». У Горадні пачалі судзіць журналіста і грамадскага дзеяча Паўла Мажэйку

Юлію Юргілевіч возяць на суд з карцару і ў судзе яна заявіла, што яе трымаюць у «скоцкіх умовах», а таксама, што ёй не далі азнаёміцца з крымінальнай справай.

Сярод доказаў абвінавачання:

  • запісы тэлефонных размоваў. У той жа час няма доказаў часу размоваў, бо білінг тэлефонаў паказвае, што ў дні «злачынства» 23 лютага і 30 сакавіка 2022 ніякіх тэлефанаванняў між Юліяй і Паўлам не было;
  • раздрукоўкі артыкулаў з сайта Белсату за гэтыя даты;
  • ні намер на «размяшчэнне», ні факт перадачы інфармацыі для публікацыі, ні спосаб публікацыі, ні датычныя да гэтага асобы следствам «не вызначаныя».

Ірына распавядае, што ў судзе «замест доказаў разглядалася рознае інфармацыйнае смецце». Так, напрыклад, суд гадзіну глядзеў дыск з улюбёным серыялам Юлінай маці, канфіскаваны пры ператрусе. Калі суддзя сказаў, што дыск будуць глядзець, у залі засмяялася прысутная жанчына, пасля чаго яе выдалілі з працэсу. Яшчэ адна жанчына засмяялася падчас праслухоўвання прамовы Юліі Юргілевіч на фразе «менты» – распаўсюджанае абывальніцкае слова». Яе таксама выдалілі з судовай залы.

Таксама цягам гадзіны слухалі запіс адвакацкай прамовы Юліі падчас працэсу Андрэя Аўсіевіча. Працэс той адбыўся ажно за паўгода да працэсу Алеся Пушкіна.

Яшчэ столькі ж часу прысвяцілі праслухоўванню запісаў побытавых размоваў бацькі Паўла і запіс праслушкі з нейкага незразумелага месца, магчыма, кавярні. На запісу можна было разабраць толькі нейкі абрыўкі словаў.

«Тэлефонны нумар, на які нібыта званіла Юлія ў дні здзяйснення «злачынства», належыць мне. Таму ва ўсіх іхных пратаколах праслушкі фігурую я, як субяседніца Юліі. Нават не пытайцеся, як яны будуць збіраць гэты тэтрыс».

Стала вядома, у чым абвінавачваюць журналіста Паўла Мажэйку

Адвакаты неаднаразова заяўлялі адвод доказам, якія не маюць дачынення да справы.

«Той жа серыял – я ўвогуле не разумею, як ён мог застацца ў матэрыялах справы яшчэ на этапе папярэдняга следства, – кажа грамадзянская жонка палітзняволенага журналіста. – Ёсць уражанне, што яны проста запаўняюць справу хоць нейкімі матэрыяламі, бо ў іх няма ніякіх наўпроставых і нават ускосных доказаў».

У справе ўсяго два сведкі. Адзін з іх – бацька Паўла, ён адмовіўся даваць паказанні. Другога сведку не могуць знайсці, у суд ён не прыходзіць.

Чарговае паседжанне на ўвесь дзень прызначана на пятніцу, 14 ліпеня.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны