БАЖ: Сужэнцаў-журналістаў трымаюць на «Валадарцы» паводле «народнага артыкулу»

Праз тыдзень пасля затрымання журналістаў Аляксандра Лычаўкі і Сняжаны Інанец  стала вядому, што сужэнцы, хутчэй за ўсё, – у СІЗА № 1 у Менску. Ім інкрымінуюць артыкул Крымінальнага кодэксу «Масавыя беспарадкі». Пра гэта паведамляе БАЖ. 

Журналісты Аляксандр Лычаўка і Сняжана Інанец былі затрыманыя 6 кастрычніка. Фота: БАЖ / baj.by

Беларуская асацыяцыя журналістаў паведамляе са спасылкай на сяброў затрыманых, што журналістаў Аляксандра Лычаўку і Сняжану Інанец вінавацяць паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаюцца з непадпарадкаваннем прадстаўнікам улады або пацягнулі парушэнне працы транспарту, прадпрыемстваў, установаў ці арганізацый пры адсутнасці прыкмет больш цяжкага злачынства»). Санкцыя за «злачынства» прадугледжвае арышт, або абмежаванне волі на тэрмін ад 2 да 5 гадоў, або пазбаўленне волі на тэрмін да 4 гадоў.

«Крымінальны артыкул нефармальна ўжо атрымаў назву «народнага», паколькі на яго падставе прыцягнутыя да адказнасці (і працягваюць затрымлівацца) шматлікія апаненты цяперашніх беларускіх уладаў», – адзначае БАЖ.

Паведамляецца таксама, што пасля затрымання ніякіх звестак датычна развіцця сітуацыі не паступала. Пра затрыманне ў Менску сужэнцаў Аляксандра Лычаўкі і Сняжаны Інанец стала вядома 6 кастрычніка. На наступны дзень у адным з тэлеграм-каналаў, блізкім да ГУБАЗіКу (падраздзяленне МУС, практычна цалкам сканцэнтравалася на барацьбе з іншадумствам) з’явілася «пакаяннае відэа». У кадры муж і жонка вымушана кажуць, што былі падпісаныя на «дэструктыўныя каналы», у жніўні 2020 года ўдзельнічалі ў масавых акцыях пратэсту.

Затрымалі беларускіх журналістаў Аляксандра Лычаўку і Сняжану Інанец

Аляксандр Лычаўка супрацоўнічаў з выданнем «The Village», захапляўся краязнаўчай журналістыкай. Сняжана Інанец працавала ў рэдакцыі інтэрнэт-рэсурсу «Onliner».

Паводле Беларускай асацыяцыі журналістаў, на сёння ў зняволенні застаюцца 33 працаўнікі медыяў.

Антон Тачняк  belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны