Боль і зруйнаваныя жыцці. Хроніка ў фотаздымках падзей у Ізраілі і сектары Газа
2023.10.12 20:49
Раніцай 7 кастрычніка пачаўся напад баевікоў ваенізаванай групоўкі «Хамас» (прызнана тэрарыстычнай у ЗША, Вялікай Брытаніі, Ізраілі, Еўразвязе, Канадзе, Аўстраліі і Японіі) на Ізраіль, які забраў жыцці больш за дзве тысячы чалавек з абодвух бакоў. «Белсат» сабраў галоўныя фатаграфіі шасці дзён вайны ў фотахроніцы.
Кібуц Кфар-Аза, невялікае ізраільскае селішча, знаходзіцца ў двух кіламетрах ад сектару Газа, недалёка ад гораду Сдэрот. Пасля нападу «Хамасу» на Ізраіль 7 кастрычніка, кібуц часова быў захоплены тэрарыстамі. Пасля вызвалення селішча ізраільскія вайскоўцы знайшлі каля 200 трупаў мясцовых жыхароў. Сярод якіх не менш за 40 непаўналетніх, у тым ліку немаўлят, у якіх адсутнічалі галовы.
Фестываль электроннай музыкі «Supernova» праходзіў 6-7 кастрычніка ў пустэльні побач з мяжою сектару Газа і быў прымеркаваны да габрэйскага свята Сукот. На тэрыторыі фестывалю пасля нападу тэрарыстаў валанцёры знайшлі не менш за 260 целаў, шмат маладых людзей выкралі і адвезлі ў якасці закладнікаў у Газу.
Кібуц Беэры, які мяжуе з сектарам Газа, у дзень нападу цягам 17 гадзін невялікі населены пункт знаходзіўся пад поўным кантролем байцоў «Хамасу». У выніку загінулі больш за 100 чалавек.
Па дадзеным на вечар 12 кастрычніка, колькасць загінулых з 7 кастрычніка ў Ізраілі ўзрасла да 1300 чалавек. У асноўным гэта мірныя жыхары, забітыя баевікамі ХАМАС у сваіх дамах і на музычным фестывалі. У сектары Газа загінулі 1417 палестынцаў, больш за 6200 чалавек атрымалі раненні.