СБУ западозрыла ў дзяржаўнай здрадзе прапагандыстку, якая ўзяла інтэрв’ю ў Лукашэнкі

СБУ паведаміла на сваім сайце, што задакументавала «новыя злачынствы пракрамлёўскай прапагандысткі Дзіяны Панчанкі». Яна – колішняя вядоўца тэлеканалаў Віктара Медведчука, а ў жніўні ўзяла інтэрв’ю ў Лукашэнкі. Панчанку цяпер западозрылі ў дзяржаўнай здрадзе.

Дзіяна Панчанка на інтэрв’ю з Аляксандрам Лукашэнкам. 17 жніўня 2023 года. Фота: president.gov.by

Паводле версіі Службы бяспекі Украіны, Дзіяна Панчанка «прапагандуе ўзброеную агрэсію Расеі супраць Украіны і дапамагае вайскова-палітычнаму кіраўніцтву Расеі ў падрыўной дзейнасці».

«Сістэматычна апраўдвае ўзброеную агрэсію супраць Украіны, падтрымоўвае і спрыяе акупацыі рэгіёнаў нашай краіны, а таксама маніпуляцыйна асвятляе вайскова-палітычную сітуацыю ва Украіне і заклікае нашых суграмадзянаў не супрацьстаяць акупантам», – гаворыцца ў паведамленні СБУ.

Панчанка публікуе ролікі на YouTube, дзе мае амаль мільён падпісальнікаў, і прасоўвае свае матэрыялы «праз сетку пракрамлёўскіх Telegram-каналаў».

У сувязі з гэтым спецслужба завяла на прапагандыстку крымінальную справу паводле артыкулу «Дзяржаўная здрада, здзейсненая ва ўмовах ваеннага становішча».

«Паколькі Панчанка хаваецца ад правасуддзя, прымаюцца вычарпальныя захады дзеля прыцягнення яе да адказнасці», – падсумавалі ў СБУ.

Раней на прапагандыстку завялі справу за выраб і распаўсюд матэрыялаў, што апраўдваюць узброеную агрэсію Расеі супраць Украіны.

Віктара Медведчука абмянялі на 200 палонных

Дзіяна Панчанка – колішняя вядоўца тэлеканалаў, што былі падкантрольныя Віктару Медведчуку, куму Уладзіміра Пуціна і былому лідару забароненай ва Украіне партыі «Опозиційна платформа – За життя».

Сёлета ў жніўні Панчанка запісала інтэрв’ю з Аляксандрам Лукашэнкам. Падчас той размовы ён кляўся, што не ведаў пра планы Пуціна атакаваць Украіну, і казаў, што Пуцін прасіў «прыкрыць яго, калі што».

«Ты прыкрый мяне, калі што». Лукашэнка пакляўся, што не ведаў пра планы Пуціна напасці на Украіну

Сяргей Крот belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны