Міжнародны дзень салідарнасці з Беларуссю адзначаюць 12 лістапада – у дзень забойства Рамана Бандарэнкі. Беларускія дыяспары ў розных гарадах правялі акцыі памяці і падзяліліся з «Белсатам» здымкамі.
У Вільні ўдзельнікі акцыі выставілі партрэты палітвязняў і ахвяраў рэпрэсіяў, павязалі бел-чырвона-белыя стужкі – сімвал грамадзянскага супраціву дыктатуры. На плошчы Вінцаса Кудзіркі выступоўцы ўзгадалі пра падзеі 12 лістапада, забойства Рамана Бандарэнкі. Прачыталі вершы, прысвечаныя смерці Бандарэнкі. У канцы акцыі адбылася хвіліна маўчання.
У Варшаве акцыю зладзіў Цэнтр беларускай салідарнасці. На кальцы Вольнай Беларусі выступілі прадстаўнікі Аб’яднанага пераходнага кабінету Павел Латушка і Аліна Коўшык, польскія палітыкі і беларускія актывісты, сястра Бандарэнкі Вольга Кучарэнка.
Беларусы зладзілі акцыі і ў іншых гарадах Польшчы. Чытачы прыслалі «Белсату» фота з Гданьску, Кракава, Любліна, Беластоку.
Супольнасць «Беларусы замежжа» сабрала ў відэа віртуальную перадачу партрэту Рамана Бандарэнкі між рознымі гарадамі свету.
У Беларусі, нягледзячы на няспынныя рэпрэсіі, ладзілі падпольныя акцыі памяці – здымкамі падзяліліся актывісты з Ваўкавыску і Рэчыцы.