(Не) да свята. Дзе можна правесці навагодні карпаратыў і колькі гэта будзе каштаваць?

Грамадскае харчаванне прапануе зладзіць карпаратыўнае святкаванне на розны густ і гаманец. Самая танная прапанова ў Менску і прадмесці – 30 рублёў на адну асобу. Калі ёсць грошы, можна патраціць і больш за 200 рублёў на асобу. Плюс 2000 долараў, калі запрасіць Аляксандра Саладуху на паўгадзінны выступ. «Белсат» вывучыў прапановы карпаратыўнага адпачынку.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: freepik.com

«The Show Must Go On». Не зважаючы ні на што, грамадскае харчаванне падрыхтавалася да святкавання Новага года. Для правядзення карпаратываў ёсць з чаго выбіраць: ад сціплай вячэры да багатых варыянтаў. Усяго ў Менску і прадмесці «Белсат» налічыў больш за паўтысячы прапановаў.

Сярэдні кошт імпрэзы – каля 50 рублёў на асобу. Гэта толькі за ежу, без алкаголю і культурніцкай праграмы. У менскай страўні, якая прапануе акурат бюджэтны карпаратыў, распавялі «Белсату», што на канец снежня яшчэ ёсць вольныя дні для замовы:

«У нас гэта будзе каштаваць ад 50 рублёў на асобу. Сюды ўваходзяць 12–14 найменняў страваў. Два – тры сервіраванні стала ў залежнасці ад таго, якую колькасць парцыённа вы замовіце. Напрыклад, рулецікі з баклажанаў, рулецікі з вяндліны, канапэ з чырвонай ікрою, блінцы з сёмгаю, дзве гарачыя стравы. Гэта без алкаголю».

«5000 рублёў на 50 асобаў – ідэальна»

У сярэднім ладны карпаратыў, за які не будзе сорамна перад канкурэнтамі, абыдзецца ў 100 рублёў на асобу. Напрыклад, бар у цэнтры Менску прапануе спецабслугоўванне за 5000 рублёў. І калі збярэцца 50 асобаў, то выйдзе 100 рублёў на аднаго. «Вельмі добра можна паесці», – запэўнілі ў рэстаране. Забавы і спіртныя напоі – таксама за асобны рахунак:

«Гэта закрыццё ўстановы цалкам пад адзін карпаратыў. Мы складаем вам меню на 5 тысячаў, гэта наагул выдатна. 50 асобаў – гэта ідэальна, бо 100 рублёў на чалавека адносна ежы – гэта дастаткова, добра, сытна. Гэта брускеты, гэта нейкія рулеты з баклажанаў, вяндліны, з цукіні, мясная нарэзка, сырныя талеркі, садавіна, салаты, гарачае. Алкаголь з бару мы прадаём паводле коштаў крамы».

Там гатовыя дапамагчы з арганізацыяй забаўляльнай праграмы. Музыкі, якія будуць спяваць тры гадзіны, возьмуць 700 рублёў.

«Мы можам прапанаваць забаўляльную праграму. Трэба дамаўляцца, што менавіта вы б хацелі. Вы самі можаце прыдумаць сабе забаву: караоке, дыджэй, вядоўца, музыкі. Мы можам дапамагчы з музычнымі калектывамі і з дыджэем. Дыджэі бяруць 50 долараў за гадзіну, музычны калектыў – 700 рублёў. Яны граюць тры гадзіны па 45 хвілінаў. А караоке бясплатна», – паведамілі ў рэстаране.

Саладуха за $ 2000

Калі ёсць імпэт, можна самастойна распрацаваць праграму і запрасіць на свой карпаратыў якога-небудзь артыста з тых, хто застаўся ў Беларусі. Напрыклад, Аляксандра Саладуху. Як стала вядома «Белсату», за паўгадзіны спеваў ён просіць 2000 долараў. За аб’ём – зніжкі, гадзіна Саладухі будзе каштаваць 3000.

Спявак Аляксандр Саладуха. Фота: Аляксандр Саладуха / Instagram

Дзяржаўныя «Песняры» прыедуць на карпаратыўнае свята за 4500 рублёў, Іна Афанасьева – за 3500, гурт «Дразды» – за 10 000. Такія расцэнкі пазначаныя на сайце агенцтва «Promoter», але спраўдзіць актуальнасці коштаў не ўдалося, бо на запыты там не адказалі.

Некаторыя ўстановы прапануюць карпаратыўныя вечары паводле сістэмы «ўсё ўлучана». За 150–200 рублёў на асобу абяцаюць і аўтарскую кухню, і феерычнае шоу, і высокі сэрвіс. Калі святкаваць беспасярэдне ў навагоднюю ноч, то за адну асобу трэба будзе выкласці і 300, і 400 рублёў.

«Не час святкаваць»

Зрэшты, вайна ва Украіне, рэпрэсіі ды эканамічная сітуацыя ў Беларусі часам адбіваюць ахвоту весяліцца. У прыватнасці, у кампаніі EPAM пачаліся спрэчкі наконт таго, ці пасуе ў цяперашніх умовах праводзіць карпаратыў. Паводле звестак выдання dev.by, шмат якія працаўнікі мяркуюць, што «ладзіць вяселле на пажарышчы недарэчна і неэтычна, лепей выдаткаваць святочныя фонды, калі яны ёсць, на дапамогу ўкраінскім калегам».

Шмат якія кампаніі наагул не ладзяць навагодніх сустрэчаў з колам калегаў, кіраўніцтва дорыць цукеркі-шакаладкі, а работнікі выпіваюць па келіху шампанскага і разыходзяцца па дамах. У некаторых фірмах, як піша выданне «Зеркало», без тлумачэнняў пастанавілі не праводзіць сёлета карпаратываў, магчыма, праз чаканне фінансавых стратаў. Бывае, што святочныя вечары ладзяцца, але частку грошай на гэта выдаткоўвае кіраўніцтва, частку – работнікі.

Летась ад карпаратываў часта адмаўляліся праз ковід. Другі год запар крыху не да свята.

Арганізаваць імпрэзу стане не так проста. Што будзе з вяселлямі, карпаратывамі і канцэртамі?

Сяргей Крот belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны