Беларускі рубель умацоўваецца. Галоўны чыннік – расейскі

З пачатку гэтага года курс беларускага рубля адносна амерыканскага долара ўмацаваўся больш чым на 4 %.  Найперш спрацавала прывязанасць да расейскага рубля, каментуе «Белсату» сітуацыю  Анастасія Лузгіна, старэйшая навуковая працаўніца даследчага цэнтру BEROC. 

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Васіль Фядосенка / Reuters / Forum

За 13 сёлетніх дзён курс беларускага рубля ўмацаваўся на 4,78 % адносна долара ЗША. Калі ў першыя дні новага года за долар на Беларускай валютна-фондавай біржы давалі 2,73 рубля, то сёння курс знізіўся да 2,6 рубля.  Еўра ўзяў такі самы трэнд –  паводле Нацбанку, 1 студзеня ён каштаваў 2,91 рубля, тады як цяпер –  2,82 рубля, змяншэнне склала амаль 3 %.

Пры гэтым нашая валюта адносна расейскага рубля патаннела на 2,12 %. У пачатку года 100 расейскіх рублёў на біржы вагаліся на адзнацы 3,78 беларускага рубля, цяпер жа за 100 расейскіх рублёў даюць 3,86 беларускага.

Замест росту – падзенне. Сусветны банк пагоршыў прагноз адносна ВУП Беларусі

У пачатку года звычайна спакойны перыяд, нізкая дзелавая актыўнасць, нават замежнагандлёвыя плыні зніжаюцца – так характарызуюць сітуацыю на валютным рынку эксперты.

«Да 9 студзеня курс увогуле быў фактычна на адным узроўні, без ваганняў. Пасля беларускі рубель пачаў умацоўвацца адносна долара ЗША, але зніжацца адносна расейскага рубля. Гэта азначае, што надалей на беларускі рынак уплывае сітуацыя на расейскім валютным рынку. Там жа былі вакацыі і нічога асабліва не адбывалася, а пасля вакацыяў пачалося ўмацаванне расейскай валюты адносна долара. Такая ж дынаміка назіраецца і з беларускім рублём», – тлумачыць Анастасія Лузгіна.

Экспертка кажа, што сёлета варта чакаць павольнага зніжэння курсаў расейскай і беларускай валюты адносна долара ЗША, калі, вядома, нічога не здарыцца надзвычайнага. Шмат будзе залежаць і ад паступлення валютнай выручкі ад экспарту ў Расеі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Васіль Фядосенка / Reuters / Forum

«Сёлета я чакаю яшчэ большай узаемасувязі расейскага і беларускага валютных рынкаў. Гэта абумоўлена і павелічэннем аб’ёмаў гандлю паміж краінамі.  Таксама паралельна расце і доля ўзаемных разлікаў», – кажа Анастасія Лузгіна.

Што да расейскага рубля, то яго курс будзе істотна залежаць ад сітуацыі з цэнамі на энерганосьбіты, адзначае экспертка. Цяпер кошты на нафту даволі нізкія, марка «Urals» прадаецца на ўзроўні 50-55 долараў за барэль. А гэта будзе ўплываць на валютную выручку Расеі, якая будзе змяншацца, таму, імаверна, расейскі рубель будзе таннець адносна долара. Тое ж будзе і з беларускім рублём», – кажа эканамістка.

На курс расейскага рубля таксама будзе ўплываць і «бюджэтнае правіла», уведзенае расейцамі, паведаміла Анастасія Лузгіна. Гэтае правіла існавала і раней, але яго дзеянне летась прыпынілі, а вось цяпер з 13 студзеня яно зноў пачынае дзейнічаць.

«Сэнс правіла ў тым, што калі экспарцёры энерганосьбітаў атрымліваюць звышпрыбыткі, то тады яны мусяць адлічваць частку прыбытку ў Фонд нацыянальнага дабрабыту. І наадварот, калі цэны на нафту нізкія, то з гэтага фонду прадаюць валюту, што спрыяе ўмацаванню рубля. Сёлета пастанавілі назапашваць у фондзе толькі юані і золата, валюту таварыскіх краінаў. З улікам таго, што цэны на нафту цяпер нізкія, Цэнтральны банк будзе прадаваць назапашаныя сродкі з фонду», – кажа суразмоўца «Белсату».

Паводле Анастасіі Лузгіной, у фондзе назапашаныя адносна невялікія аб’ёмы, але іх выдаткоўванне паспрыяе  стабілізацыі курсу рубля. Не будзе рэзкіх ваганняў. У сваю чаргу, гэта будзе ўплываць і на курс беларускага рубля.

Страцілі $ 5 мільярдаў. Вынікі знешняга гандлю Беларусі за 10 месяцаў 2022

Мікалай Каткоў belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны