Пасля таго, як у пачатку кастрычніка Аляксандр Лукашэнка заявіў пра фармаванне Рэгіянальнай групоўкі войскаў Саюзнай дзяржавы, у Беларусь пачалі прыбываць расейскія вайскоўцы і тэхніка. Адначасова з гэтым назіраюцца супрацьлеглыя працэсы – частка тэхнікі і вайскоўцаў, наадварот, пакідае Беларусь. Што гэта значыць?
Геаграфія перасоўвання тэхнікі і вайскоўцаў паміж Беларуссю і Расеяй вельмі характэрная. У Беларусь прыбываюць вайсковыя эшалоны з усёй Расеі: Маскоўская, Ніжэгародская, Кастрамская, Чэлябінская, Омская і Варонежская вобласці. А з’язджаюць – выключна ў памежныя з Украінай рэгіёны.
Паводле звестак маніторынгавай групы «Беларускі Гаюн», станам на сярэдзіну лістапада Беларусь перадала расейскай арміі 211 адзінак вайсковай тэхнікі, у тым ліку прынамсі 98 танкаў Т-72А, 40 БМП-2, 20 БМП-2 без вежаў і 54 цяжкавікі «Урал». Усё гэта – беларуская тэхніка, яна была ўзятая з 969-й базы рэзерву танкаў ва Урэччы і 288-й базы рэзерву аўтамабільнай тэхнікі ў Старых Дарогах.
Тэхніку адпраўлялі на чыгуначныя станцыі ў памежныя з Украінай Растоўскую і Белгародскую вобласці. Мінабароны Беларусі заявіла, што тэхніка накіроўваецца ў Расею на мадэрнізацыю, але гэта малаімаверна, бо прынамсі сучасныя версіі танкаў Т-72А мадэрнізаваць немагчыма. Таму, хутчэй за ўсё, яны былі адразу накіраваныя на вайну.
Вываз тэхнікі аднавіўся ў пачатку 2023 года, прычым цяпер яе вывозяць разам з расейскімі вайскоўцамі. 7 студзеня са станцыі Лясная (Баранавіцкі раён) на станцыю Падгорнае (Варонежская вобласць) адправіўся эшалон з 25 вагонаў-платформаў з колавай і гусенічнай тэхнікай, 3 крытых вагонаў з рыштункам і 9 пасажырскіх (прыкладна на 450 вайскоўцаў).
11 студзеня са станцыі Чэпіна (Віцебшчына) на станцыю Россаш (Варонежская вобласць РФ) адправіўся вайсковы эшалон з 8 пасажырскіх вагонаў (прыкладна на 400 вайскоўцаў), 3 крытых вагонаў з рыштункам і 37 вагонаў-платформаў з колавай і гусенічнай тэхнікай.
Варонежская вобласць мяжуе з Луганскай. То бок, можна выказаць здагадку, што гэтыя вайскоўцы і тэхніка будуць скіраваныя на ўмацаванне фронту пад Сватавым і Крэмінной, дзе ЗСУ ўжо некалькі месяцаў ціснуць на расейскія пазіцыі.
Да гэтага варта дадаць інтэнсіўнае перасоўванне расейскіх вайскоўцаў у межах самой Беларусі, што назіраецца цягам апошняга месяца. Расейскую тэхніку і жаўнераў заўважаюць усё ў новых і новых пунктах. Логіку гэтага перасоўвання вызначыць вельмі цяжка. 20–22 снежня быў выпадак, калі расейскія эшалоны проста ездзілі паміж станцыямі, нават не разгружаліся.
Маніторынгавая група «Беларускі Гаюн» тлумачыць усе гэтыя перамяшчэнні звычайным перагрупоўваннем і ратацыяй расейскіх сілаў, што праходзяць рыхтаванне на беларускіх палігонах пры дапамозе беларускіх інструктараў. То бок фактычна адныя расейскія мабілізаваныя прыязджаюць на трэнаванне ў Беларусі, а іншыя пасля трэнавання з’язджаюць на фронт у Луганскую ці Данецкую вобласці.
«Правядзенне ратацыі расейскіх вайскоўцаў ёсць сведчаннем таго, што ў найбліжэйшы час не варта чакаць наступу УС РФ з тэрыторыі РБ. Функцыя ж РБ у гэтым выпадку – быць трэнавальнай базай для мабілізаваных грамадзянаў РФ», – падкрэслівае «Беларускі Гаюн».
Гэтая версія мае адзін недахоп: плыні тэхнікі і вайскоўцаў з Беларусі ў РФ і з РФ у Беларусь нераўназначныя.
Калі арыентавацца на звесткі тэлеграм-каналу беларускіх чыгуначнікаў «belzhd_live» і маніторынгавай групы «Беларускі Гаюн», то атрымліваецца, што толькі за студзень у Беларусь прыбылі мінімум 173 вагоны з тэхнікай, 19 з рыштункам і 2800 расейскіх вайскоўцаў. А з’ехалі з Беларусі 62 вагоны з тэхнікай, 6 з рыштункам і прыкладна 850 вайскоўцаў. То бок прыехала ў 2,5 разу больш тэхнікі і амаль у 3,5 разу больш вайскоўцаў.
Калі падлічыць агулам за тры месяцы, то атрымаецца, што ў Беларусь перакінулі каля 13,8 тысяч вайскоўцаў, а быў зафіксаваны ад’езд толькі каля 850 з іх. То бок, калі гэта і ратацыя, яна закранае толькі невялікую частку расейскіх вайскоўцаў у Беларусі.
З тэхнікай сітуацыя больш складаная, бо не заўсёды ёсць звесткі пра яе тып. З усяго відаць, першыя эшалоны з расейскімі вайскоўцамі, што прыбывалі ў Беларусь у кастрычніку, наогул прыходзілі без цяжкой тэхнікі. А Беларусь пры гэтым перадавала сваю закансерваваную тэхніку РФ.
Аднак у снежні мінімум шэсць вайсковых эшалонаў з тэхнікай прыбылі ў Беларусь. У асноўным яны перавозілі грузавікі «Урал»: у снежні іх прыбыло ў Беларусь больш, чым з’ехала ў кастрычніку.
Была і цяжкая тэхніка – мінімум 13 танкаў Т-72Б3. Гэта відавочна менш, чым перадала Беларусь Расеі ў кастрычніку (98 адзінак Т-72А), але і якасць тэхнікі розная. Т-72Б3 – гэта сучасная мадыфікацыя танка Т-72 (у Беларусі іх было літаральна некалькі дзясяткаў), а Т-72А – адна з найбольш старых мадэляў (іх у Беларусі шмат).
Аналітыкі Інстытуту вывучэння вайны (ISW) называюць цяперашняе нагнятанне абставінаў на беларускім кірунку «інфармацыйнай аперацыяй», мэта якой заключаецца ў тым, каб адцягнуць частку сілаў ЗСУ. Перасоўванне войскаў эксперты разглядаюць менавіта з гэтага гледзішча, а новае ўварванне ва Украіну з боку Беларусі лічаць малаверагодным сцэнаром.
«Беларускі Гаюн», у сваю чаргу, мяркуе, што Расея спрабуе ўсіх заблытаць:
«Перасоўванні УС РФ чыгункай паказваюць на жаданне ўвесці ў зман і заблытаць адносна далейшых планаў ваеннай групоўкі РФ, што месціцца ў РБ».
Калі мэта ў тым, каб усіх заблытаць, гэта шмат тлумачыць: і кругазварот тэхнікі паміж Беларуссю і РФ, і тое, што расейскія вайскоўцы ездзяць паміж станцыямі ўнутры Беларусі.
Іншае пытанне, што мае схаваць такое перасоўванне. Гэтае перакідванне расейскіх вайскоўцаў у памежныя з Украінай рэгіёны мусіць пераканаць усіх, што Расея разглядае Беларусь толькі як трэнавальную базу? Ці перакідванне расейскіх вайскоўцаў у Беларусь разлічанае на стварэнне бачнасці рыхтавання наступу на Кіеў? Адказаў пакуль няма.
Глеб Нержын belsat.eu