Відэакамера ў офісе «Вясны» і 12 забароненых кніг. Рэпрэсіі за 13 студзеня

Рэпрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі супраць беларускага народу не спыняюцца ні на дзень. Увесь час прыходзяць паведамленні пра новыя затрыманні, суды ці забароны. Сабралі навіны за 13 студзеня.

КДБ абнавіў спіс «асобаў, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці» – там з’явіліся прозвішчы яшчэ трох чалавек. Гэта палітзняволены супрацоўнік EPAM Сяргей Кірэенка, а таксама Міхаіл Шакураў і Мікалай Амельчанка. Цяпер у спісе 996 чалавек, з іх 250 – беларусы.

МУС абнавіла пералік асобаў, «якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці». У яго дадалі яшчэ 30 асобаў – цяпер іх 2311. У прыватнасці, дадалі журналістку Ксенію Луцкіну, былога ўдзельніка «Дома-2» Давіда Анташвілі, кіроўцу таксі з Ліды Эдварда Вільчэўскага, экскурсаводку Аксану Манкевіч.

Праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ 12 асобаў. Гэта Дзяніс Пучак, Яўген Верхаводкін, Ілона Белавус, Людміла Бажок, Яўген Фіцаў, Аляксандр Рыбчык, Наталля Юркевіч, Сяргей Кудрыцкі, Людміла Чарніга, Глеб Юр’еў, Андрэй Краснік, Дзяніс Пішчала. Цяпер у спісе 1445 асобаў.

Новыя затрыманні

Па дарозе ў Семежаў да традыцыйнага навагодняга абраду «Калядныя цары» ў Грозаве Капыльскага раёну сілавікі затрымалі каля 80 чалавек, што ехалі на экскурсію з гідамі Алесем Варыкішам, Наталляй Жданок і Іванам Сацукевічам. Большасць людзей, акрамя экскурсаводаў, праз пяць гадзін правярання адпусцілі. Варыкіша і Сацукевіча затрымалі на 72 гадзіны.

Таксама ў Грозаве і Семежаве да таго ж знеслі крыжы ў памяць пра Слуцкае паўстанне 1920 года. Жыхары вёсак ўдзельнічалі ў баях супраць бальшавіцкага войска за незалежнасць Беларусі.

Як стала вядома, у канцы снежня затрымалі экспертку з этыкету і чальца асноўнага складу Каардынацыйнай Рады Аксану Зарэцкую. Таксама паўтара месяца таму ў Менску быў затрыманы настаўнік гісторыі Сяргей Козел. Цяпер абое знаходзяцца ў СІЗА-1 на Валадарскага.

СІЗА-1. Фота: ТК / «Белсат»

У Бабруйску з 14 снежня ў ІЧУ за выказванне ў падтрымку Украіны ўтрымліваюць дырэктара крамы Сяргея Герасiменю. Мужчыну абвінавачваюць у распальванні міжнацыянальнай варожасці. Яго трымаюць у холадзе, не даюць матрацу і падушкі.

Днём 11 студзеня каля пад’езду ў Слоніме міліцыянты затрымалі актывіста Паўла Севасцьяна. На яго склалі пратакол за захоўванне «экстрэмісцкіх матэрыялаў» і змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання, адкуль выпусцілі да суду, што адбудзецца 20 студзеня.

Крымінальныя справы

КДБ завяршыў расследавання крымінальнай справы ў дачыненні да бізнесоўца Вадзіма Пракоп’ева і яшчэ 17 асобаў. Іх вінавацяць у планаванні і здзяйсненні ў Беларусі «шэрагу актаў тэрарызму», у тым ліку нібыта нападу на дом старшыні Ліберальна-дэмакратычнай партыі, дэпутата Алега Гайдукевіча. 15 асобаў (сям’я Вайцяховічаў (Віталь, Анастасія, Уладзіслаў і Вольга), Сяргей Лісоўскі, Аляксей Міхайлаў, Зміцер Невяркевіч, Эдуард Пестрак, Вольга Петух, Мікалай Рой, Уладзімір Савянкоў, Сяргей Сакалоў, Дзяніс Філончык, Павел Чыхінскі і Пётр Юркевіч) узятыя пад варту, Вадзім Пракоп’еў, Ігар Чамякін і Дзяніс Хаміцэвіч, якія знаходзяцца за мяжой, – «завочна». У дачыненні да апошніх суд пройдзе таксама завочна.

Следчы камітэт паведаміў, што экс-кандыдата ў прэзідэнты, лідара кампаніі «Гавары праўду» Андрэя Дзмітрыева вінавацяць ва ўдзеле ў пратэстах супраць фальсіфікацыі выбараў і гвалту ў Менску ў жніўні – верасні 2020 года, шматлікіх перасячэннях дзяржаўнай мяжы і кантактах з былой дзяржсакратаркай ЗША Гілары Клінтан.

Прысуды і суды

Працягваецца суд над праваабаронцамі «Вясны», у тым ліку над нобэлеўскім лаўрэатам Алесем Бяляцкім. Праваабаронцаў утрымліваюць у кайданках і не кормяць. З матэрыялаў справы стала вядома, што ў офісе «Берасцейскай Вясны» была ўсталяваная відэакамера і ажыццяўлялася аператыўная відэаздымка.

У Менску вынеслі вырак журналістам Сняжане Інанец і Аляксандру Лычаўку. Сужэнцаў прысудзілі адпаведна да 2 і 3 гадоў «хатняй хіміі». Іх вызвалілі ў зале суду. Журналісты правялі за кратамі больш як тры месяцы. Сувязь з імі знікла 6 кастрычніка 2022 года.

У Берасці вынеслі прысуд Андрэю Пратасевічу за каментар у дачыненні камандзіра мясцовага АМАПу Максіма Міховіча. Пратасевіча затрымалі 23 верасня 2022 года ў Маскве і змясцілі пад варту. Праваабаронцам пакуль невядомы вынік суда.

Таксама ў Берасці да чатырох гадоў калоніі агульнага рэжыму асудзілі палітзняволенага Юрыя Касцюка, якога восенню 2022 года таемна вывезлі з Расеі ў Беларусь. Пяць месяцаў ён утрымліваўся ў расейскім СІЗА, яшчэ тры – у беларускіх. Касцюка судзілі за тое, што дапамагаў іншым палітвязням атрымліваць дапамогу ад фондаў.

У Горадні 13 студзеня пачалі судзіць палітзняволенага Артура Чарняўскага за «абразу» Лукашэнкі. Хлопец ужо адбывае пакаранне на «хіміі» за абразу прадстаўніка ўлады ў ПУАТ №24.

Ціск на вязняў

У калоніях для палітвязняў цяпер ужываюць не толькі жоўтыя біркі, але і жоўтыя трохкутнікі на рукаве. Пра гэта распавёў былы палітвязень Віталь Жук, які нядаўна вызваліўся з бабруйскай калоніі № 2.

Адміністрацыя калоніі № 17 у Шклове, дзе адбывае тэрмін пакарання філосаф-палітвязень Уладзімір Мацкевіч, ужо два тыдні не пускае да яго адваката, перапіска блакуецца, званкі – пад забаронай. Таксама адміністрацыя калоніі не дае сваякам ніякай інфармацыі – яны не могуць перадаць Уладзіміру Мацкевічу нават самых неабходных лекаў.

Палітвязня Андрэя Навіцкага, асуджанага да 5 гадоў калоніі, другі раз запар будуць судзіць за «злоснае непадпарадкаванне» адміністрацыі калоніі. 13 чэрвеня 2022 года яго ўжо асудзілі за гэта і прызначылі яшчэ чатыры месяцы пазбаўлення волі і ўзмацнілі рэжым адбыцця пакарання. Цяпер 17 студзеня ў судзе Ваўкавыскага раёну Навіцкага зноў будуць судзіць. Гэта першы выпадак, калі палітвязня будуць судзіць паводле арт. 411 КК другі раз запар.

У Гомлі з 9 лістапада ў закрытым рэжыме праходзіць суд у справе «Рабочага Руху», фігурантамі якой зʼяўляюцца адразу дзесяць палітзняволеных. Усіх абвінавачваюць у здрадзе дзяржаве. Адзін з фігурантаў Аляксандр Капшуль з 31 снежня абвясціў галадоўку супраць парушэння заканадаўства падчас яго ўтрымання ў СІЗА. Першыя некалькі дзён ён трымаў сухую галадоўку. Капшуля затрымалі 25 верасня 2021 года ў Расеі і перадалі КДБ Беларусі.

«Экстрэмізм»

Адразу 12 кніг прызналі «экстрэмісцкімі». У «спіс забароненай літаратуры» рашэннем суда Цэнтральнага раёну Менска трапілі:

  • «Беларусь превыше всего! (О национальной беларуской идее)», Анатоль Тарас;
  • «Год 1942 – учебный», Уладзімір Бешанаў;
  • «Забытая Беларусь», Вадзім Дзеружынскі;
  • «Запiсы таварыства аматараў беларускай гiсторыi iмя Вацлава Ластоўскага. Выклiкi «рускага свету» i Беларусь. Выпуск. 6», Анатоль Тарас;
  • «Большая кровь: Как СССР победил в войне 1941 – 1945 гг.», Сяргей Захарэвіч;
  • «Нацыянальна-культурнае жыццё на Беларусi ў часы вайны (1941 – 1944 гг.)», Леанід Лыч;
  • «Постсоветский транзит: между демократией и диктатурой: Сборник статей», Анатоль Тарас;
  • «Праблемы гуманiтарная бяспекi Беларусi: Матэрʼялы навукова-практычнай канферэнцыi»;
  • «Тень Победы», Віктар Сувораў;
  • «Страницы прошлого: статьи по истории Беларуси», Анатоль Тарас;
  • «Трансфармацыi ментальнасцi беларусаў у XXI ст. – Матэрʼялы навукова-практычнай канферэнцыi»;
  • «Кто, как и зачем убил Вильгельма Кубе», Алег Усачоў.

«Экстрэмісцкімі фармаваннямі» прызнаныя каналы былога кандыдата ў дэпутаты Алега Казлова з Хойнікаў. У тэлеграме на яго падпісаныя 36 чалавек, а на Youtube – 41. У іх актывіст дзяліўся з нешматлікімі думкамі на грамадска-палітычныя тэмы, а таксама размясціў некалькі відэа з рухам расейскай тэхнікі. Абнаўляць свае сеткі Казлоў перастаў у верасні 2022 года. Дзе ён знаходзіцца сёння, невядома.

Якуб Хруст belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны