Журналістаў Сняжану Інанец і Аляксандра Лычаўку прысудзілі да «хатняй хіміі»

Прысуд журналістам агучыў суд Першамайскага раёну Менску 13 студзеня. Сужэнцаў Сняжану Інанец і Аляксандра Лычаўку прысудзілі адпаведна да 2 і 3 гадоў «хатняй хіміі». Іх вызвалілі ў зале суду, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ).

Аляксандр Лычаўка і Сняжана Інанец. Крыніца фота: baj.by

Журналісты Сняжана Інанец і Аляксандр Лычаўка правялі за кратамі больш за тры месяцы. Сувязь з імі знікла 6 кастрычніка 2022 года, а ўжо на наступны дзень ГУБАЗіК апублікаваў так званае пакаяннае відэа. Сняжану і Аляксандра абвінавацілі ў «арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (ч. 1 арт. 342 КК). Журналісты былі прызнаныя палітвязнямі.

БАЖ згадвае, што ў няволі журналісты дэманстравалі прыклад незвычайнай вытрымкі, і цытуе ліст Сняжаны Інанец пра Пішчалаўскі замак, у якім цяпер размяшчаецца СІЗА-1.

«Шмат чытаю. Ходзім на прагулкі, стараемся дыхаць восенню. Ну і сам па сабе старажытны замак ХІХ стагоддзя – тая яшчэ дзейная асоба.

Гэта наогул дастаткова незвычайна – жыць у замку. Яшчэ і разам з мужам. Наступны раз буду фармуляваць жаданні больш асцярожна», – іранізавала ў лісце Сняжана Інанец.

Суд Першамайскага раёну Менску прызнаў сужэнцаў вінаватымі і засудзіў Сняжану Інанец на 2 гады, а Аляксандра Лычаўку на 3 гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняя хімія»).

На 13 студзеня праваабарончая супольнасць Беларусі прызнала палітычнымі вязнямі 1434 чалавекі. За кратамі беларускіх турмаў застаюцца 33 прадстаўнікі медыяў.

Святлана Ціханоўская пра вызваленне палітвязняў: Гатовыя ў любы момант пачаць перамовы з прадстаўнікамі рэжыму

Зміцер Міраш belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны