160 гадзінаў пад заваламі. У Турцыі беларускія ратавальнікі знайшлі жывога мужчыну

Міністэрства надзвычайных сітуацыяў Беларусі паведаміла пра ўратаванага ў Турцыі мужчыну, які правёў пад заваламі амаль тыдзень. Аперацыю зладзілі разам з расейскімі і кіргізскімі калегамі. Ратавальнікі пайшлі на рызыку, бо ў любы момант маглі абваліцца канструкцыі.

Выратаванне мужчыны, які правёў 160 гадзін пад заваламі пасля землятрусу ў Турцыі. Фота: МНС Беларусі / Telegram

Жывога мужчыну знайшлі ўвечары 12 лютага падчас пошуку пацярпелых у пашкоджаным шматпавярховым доме. Спачатку экскаватарам у завалах зрабілі нішу, праз якую ратавальнікі падтрымлівалі кантакт з параненым. Да яго паступова прасоўваліся пры дапамозе электраінструмента. Калі да мужчыны дабраліся, высветлілася, што яму заціснула нагу. Ратавальная аперацыя, якую зладзілі работнікі МНС Беларусі, Расеі і Кыргызстану, трывала 4 гадзіны.

«Праз 4 гадзіны супольнай працы ў цёмны час содняў з рызыкаю для жыцця праз магчымае абвальванне канструкцыяў ратавальнікі дасталі з-пад абломкаў мужчыну і перадалі яго медыкам. Той правёў пад завалам 160 гадзінаў, але застаўся жывы», – гаворыцца ў паведамленні беларускага МНС.

Супрацоўнікі беларускага ведамства ўратавалі ў Турцыі чатырох чалавек, пад заваламі знайшлі 40 загінулых. Адмысловы атрад беларускіх ратавальнікаў прыляцеў на дапамогу 8 лютага.

Паводле апошніх звестак, лік ахвяраў землятрусу ў Турцыі і Сірыі перавысіў 35 тысячаў.

Пагроза землятрусу: чаму ў Турцыі нікога не папярэдзілі

Сяргей Крот belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны