Скончылася следства ў справе палітзняволенага журналіста Яўгена Меркіса

Матэрыялы справы неўзабаве перададуць у пракуратуру, а потым – у суд, паведамляе «Гомельская вясна».

Журналіст Яўген Меркіс. Фота: DGAP / Stephan Röhl

Гомельскага краязнаўцу і журналіста Яўгена Меркіса затрымалі 13 верасня. У кватэрах журналіста, ягоных сяброў і бацькі правялі ператрусы ды сканфіскавалі тэхніку. Яўгену выставілі абвінавачванне паводле арт. 361-4 КК РБ («Спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці»). Гомельцу пагражае ад 2 да 6 гадоў пазбаўлення волі.

Надоечы стала вядома, што Меркіса на чатыры дні кідалі ў карцар гомельскага СІЗА. Палітвязня пакаралі жорсткімі ўмовамі ўтрымання за тое, што «не пагаліўся».

Яўген Меркіс – журналіст, які асвятляў акцыі пратэсту пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. Яго неаднаразова затрымлівала міліцыя, праз суды штрафавала і адпраўляла на содні. Пасля прызнання ўладамі Беларусі шэрагу незалежных медыяў экстрэмісцкімі фармаваннямі Яўген займаўся краязнаўчаю дзейнасцю.

Падтрымаць палітзняволенага журналіста Яўгена Меркіса можна, напісаўшы на адрас: СІЗА № 3, Кніжная, 1А, 246003,  г. Гомель.

На дзень 13 сакавіка 2023 года за кратамі ў Беларусі застаюцца 33 журналісты і працаўніка медыяў, паводле інфармацыі Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны