На нацыянальным прававым інтэрнэт-партале 13 сакавіка апублікавалі пастанову Савету Міністраў № 164 за 7 сакавіка 2024 года «Аб пытаннях падаткаабкладання». Сярод іншага, яна прадугледжвае часовы выхад з міжнародных пагадненняў аб пазбяганні падвойнага падаткаабкладання.
Рашэнне ўлады Беларусі прынялі «ў адказ на ўжыванне <…> шэрагам дзяржаваў у дачыненні Рэспублікі Беларусь, яе грамадзянаў і юрыдычных асобаў аднабаковых абмежавальных захадаў эканамічнага характару».
Прыпыняецца дзеянне пагадненняў аб пазбяганні падвойнага падаткаабкладання з наступнымі краінамі: ЗША, Францыя, Данія, Польшча, Швецыя, Бельгія, Літва, Латвія, Нідэрланды, Чэхія, Балгарыя, Эстонія, Румынія, Рэспубліка Кіпр, Швейцарыя, Славаччына, Аўстрыя, Вугоршчына, Харватыя, Паўночная Македонія, Італія, Нямеччына, Фінляндыя, Ірландыя, Славенія, Іспанія, Вялікая Брытанія.
Прыпыненне дзеяння пагадненняў часовае – да 31 снежня 2026 года ўключна.
Таксама гэтай жа пастановаю Савет Міністраў уводзіць з 1 красавіка 2024 года да 31 снежня 2026 года стаўку падатку на даходы замежных арганізацыяў, якія не ажыццяўляюць дзейнасці ў Беларусі праз сталае прадстаўніцтва, памерам 25 % па даходах, указаных у пп. 1.4 п. 1 арт. 189 Падатковага кодэксу Беларусі. Новая стаўка будзе дзеяць «пры ўзнікненні абавязкаў у аплаце падатку ў дачыненні замежных арганізацыяў, месца знаходжання якіх – дзяржава, уключаная ў пералік замежных дзяржаваў, якія здзяйсняюць несяброўскія дзеянні ў дачыненні беларускіх юрыдычных і (ці) фізічных асобаў». Спіс такіх краінаў Савет Міністраў склаў 6 красавіка 2022 года (пастанова № 209).
Краіны, якія, паводле ўладаў, ажыццяўляюць несяброўскія дзеянні ў дачыненні Беларусі, гэта:
Тэрмін выкарыстання захады ў выглядзе падатку памерам 25 % можа быць скарочаны «ў выпадку ліквідацыі абставінаў, якія паслужылі падставаю для яе выкарыстання ці на прапанову Міністэрства падаткаў і збораў».
Марыя Міхалевіч belsat.eu