У медычны цэнтр «Нардзін» прыйшлі працаўнікі Дэпартаменту фінансавых расследаванняў. Пра гэта паведамляе «Наша Ніва» са спасылкай на ўласныя крыніцы.
У медычным цэнтры «Белсату» пацвердзілі інфармацыю аб праверцы ДФР КДК. Пра прычыны праверкі нічога невядома.
Разам з тым, цэнтр працы не спыніў, там па-ранейшаму можна запісацца на прыём да лекара.
Пазней «Наша Ніва» паведаміла, што заснавальнік медычнага цэнтра «Нардзін» Дзмітрый Сайкоў затрыманы разам з жонкай. У самім цэнтры скончыўся вобшук, вынята дакументацыя.
Нагадаем, апошнім часам улады пачалі змагацца з прыватнымі клінікамі і медычным цэнтрамі. У студзені ціск зазналі дзясяткі стаматалагічных лякарняў. Потым надышла чарга да клінікі А1 і «Ладэ» – Мінздароўя пастанавіла спыніць іх ліцэнзію з 16 траўня. Афіцыйна там нібыта знайшліся парушэнні, што могуць «выклікаць нанясенне шкоды дзяржаўным або грамадскім інтарэсам, жыццю, здароўю, правам і законным інтарэсам грамадзянаў або стварыць пагрозу нанясення такой шкоды».
Улады таксама масава затрымлівалі артапедаў. «Белсат» рабіў пра гэта асобнае расследаванне.
На фоне правяранняў прыватных медычных цэнтраў улады рэкламуюць платныя паслугі ў дзяржаўных клініках. Паводле міністра аховы здароўя, цэны ў дзяржаўных клініках «адназначна будуць у 2–2,5 разу ніжэйшыя, чымся ў прыватным сектары».
РР belsat.eu