Забітая ў Італіі былым мужам жанчына аказалася беларускаю

Народная амбасада Беларусі ў Італіі паведаміла, што забітая былым мужам Ганна Свірыдзенка была беларускаю. У яе засталіся двое дзяцей. Пра злачынства ў Модэне італьянская інфармацыйная кампанія ANSA паведаміла 11 чэрвеня.

Ганна Свірыдзенка. Крыніца: DonnexStrada / Facebook

«Я забіў яе, цела ляжыць у машыне на вуліцы», – з такімі словамі ў паліцыю прыйшоў 48-гадовы жыхар Модэны.

Паводле версіі следства, мужчына задушыў сваю былую жонку, 40-гадовую Ганну Свірыдзенку. Праваахоўнікі пабачылі на галаве ахвяры чорны пакет, завязаны провадам.

Мужчыну арыштавалі, яго абвінавацілі ў наўмысным забойстве з абцяжарвальнымі акалічнасцямі.

Спачатку паведамлялася, што жанчына расейскага паходжання, аднак цяпер высветлілася, што яна беларуска. У яе засталіся двое дзяцей, праінфармавала Народная амбасада Беларусі ў Італіі.

Мужчына, паводле папярэдніх звестак, забіў былую жонку, калі суд пастанавіў аддаць ёй дзяцей, якім 2 і 3 гады. Ганна апошнім часам жыла ў Аўстрыі, дзе займалася навукаю. Яна спецыялізавалася ў ядравай медыцыне. Забойства адбылося, калі жанчына прыехала ў Модэну забраць дзяцей.

У Італіі гэтае злачынства называюць фемініцыдам – забойствам жанчыны толькі з тае прычыны, што яна жанчына.

Абвінавачваны ў забойстве беларускі ў Варшаве прайшоў судова-псіхалагічную экспертызу

Сцяпан Кубік belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны