Беларусы, якія выраслі ва ўмовах дыктатуры, глыбока ёю траўмаваныя

Міхаіл
Кірылюк
Юрыст

Як адрэагавалі беларускія сацыяльныя сеткі і медыя на канферэнцыю дэмакратычных сілаў мы ведаем. А вось, што пішуць пра гэта вядомыя рэсурсы Польшчы.

Польшча, нагадваю, – гэта першая эканоміка з краін-суседзяў, якія дружалюбныя Беларусі.

Wiadomosci: Кашмар Лукашэнкі насоўваецца. Часовы ўрад мае падтрымку салдатаў

Радыёзэт: Будзе створаны часовы ўрад Беларусі. У ім не будзе месца для Лукашэнкі.

Niezalezna: Беларуская апазіцыя пастулюе стварэнне ўраду ў выгнанні. У планах аперацыя «Перамога».

Усюды пазітыўна – нейтральны тон, кампліменты, словы падтрымкі. Ні пра якія «дзяльбы грантаў», «здрадзе», «шпіёнаў ФСБ», «прысваенні паўнамоцтваў штабам» і гаворкі няма. Няўжо польскія СМІ, ужо дзесяцігоддзямі незалежныя, апынуліся больш наіўнымі, чым узгадаваныя ва ўмовах дыктатуры беларускіх медыя, блогеры і лідары меркаванняў, і дазволілі падступным рускім агентам сябе падмануць?

Думаю справа ў іншым: усе мы, беларусы, якія выраслі ва ўмовах дыктатуры, глыбока ёю траўмаваныя. У тым ліку тыя, хто шчыра хоча наступлення гэтай самай дэмакратыі. Адсутнасць даверу да бліжняга – адна з праяваў гэтай траўмы. Стаўленне да жыцця па прынцыпе, як быццам вакол «усе такія ворагі, усе такія дурні» – таксама праява гэтай траўмы.

Другі дзень канферэнцыі дэмакратычных сілаў «Новая Беларусь». Вільня, Літва. 9 жніўня 2022 года. Фота: Белсат

Кожны год праводзіцца маса даследаванняў адносна эфектыўнасці вядзення бізнесу ў розных краінах. Адзін з галоўных параметраў такой эфектыўнасці – хуткасць дзелавой аперацыі. Давер бакоў бізнесу адзін да аднаго – фактар, які вельмі моцна ўплывае на хуткасць заключэння і выканання здзелак, і значыць – на хуткасць абароту і ўзровень росту эканомікі ў цэлым.

Адсутнасць даверу паміж людзьмі – пагаршае эканоміку мацней усіх астатніх вонкавых фактараў – горш за вайну, горш за санкцыі.

Масавая і вострая адсутнасць даверу паміж палітыкамі і іх прыхільнікамі – аслабляе нас і аддаляе ад перамогі мацней, чым Пуцін і Лукашэнка.

Сваю ролю тут адыграла напэўна з аднаго боку – стагоддзе савецкай эпохі даносаў на нашых землях, а з другога боку – пратэстанцкая этыка, якая сфармавала заходнюю дзелавую культуру.

Сярод нас, беларусаў, да гэтага часу турэмна-лагерныя паняцці «не вер, не бойся, не прасі», больш папулярныя, чым хрысціянскае «Прасіце – і вам дадуць, шукайце – і знойдзеце, стукайцеся – і вам адчыняць. Матфея 7:7». Да чаго гэта прыводзіць? Да такой цікаўнай уласцівасці нацыянальнага характару, які апісваецца прымаўкай, «два беларусы – партызанскі атрад, тры – атрад і здраднік». У выніку такія ўласцівасці характару прыводзяць да таго, што спачатку прыхільнікі дэмсілаў два гады заклікаюць палітыкаў аб’яднацца, а калі доўгачаканая кааліцыя здараецца – распаўсюджаная рэакцыя «гэта змова». Усе адчуваюць сябе самымі разумнымі «прамудрымі піскарамі», якія «не далі сябе падмануць« – і ўсе прайгралі. Чаму?

Адзіны рэсурс, які ёсць у беларускага палітыка ў выгнанні – гэта лік беларусаў, якія яму давяраюць. Беларускі бізнес апраўдана баіцца фінансаваць «экстрэмістаў і тэрарыстаў», еўрапейскія гранты – вылічаюцца ў дзясятках тысячах долараў – лічбы, якія гучаць значна для аднаго чалавека, але смешныя ў параўнанні з ваеннымі бюджэтамі Расеі, якая супрацьстаіць нам. Адзіная прычына еўрапейскіх палітыкаў камунікаваць з Ціханоўскай, Латушкам, Кавалеўскім – гэта колькасць прыхільнікаў беларусаў. І гэта колькасць цалкам можа быць вымераная, нават ва ўмовах вайны і дыктатуры.

Такім чынам, адзіны каму дапамагаюць «выкрывальнікі» шпіёнаў – гэта Лукашэнка. Хочам даўжэй пажыць пад яго ўладай – значыць трэба мацней атакаваць яго бліжэйшых канкурэнтаў.

/ІР

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

Падпісвайся на telegram Белсату

Больш матэрыялаў