Ва ўмовах рэпрэсіяў у Беларусі і масавай эміграцыі беларусаў у іншыя краіны востра паўстае пытанне: хто мы? Прасторныя светлыя памяшканні, за сталамі – актыўныя абмеркаванні, жывыя спрэчкі і засяроджванне ў ноўтбук. Беларусы з розных пунктаў свету аб’ядналіся на 48 гадзінаў онлайн і офлайн, каб разам прыдумаць і зрэалізаваць цікавыя ды амбітныя ідэі для развіцця беларускай культуры. Бо менавіта яна здольная адказаць на пастаўленае пытанне.
У Вільні 10 і 11 верасня прайшоў першы хакатон праектаў для культуры Беларусі «Культурны код». Арганізатары – Беларуская рада культуры ды «Imaguru Startup HUB». У хакатоне ўзялі ўдзел больш за 90 асобаў: офлайн-марафон у прасторы «Imaguru» на два дні арганічна спалучыўся з онлайн-падлучэннем камандаў.
Арганізатары паставілі сабе за мэту зрэалізаваць важныя ідэі для беларускай культуры, мастацтва, спадчыны, якія патрабуюць тэхналагічнай абгорткі. Яны адзначаюць: гэты хакатон лічбавых рашэнняў стаўся бадай першым цалкам беларускамоўным з фокусам менавіта на беларускую культуру.
«Мы паспрабавалі навесці масты паміж IT, культурай і грамадствам. Толькі ў такой сінергіі можна рухацца наперад, ствараць новае. Калі такога руху не будзе, мы рызыкуем ператварыцца ў калонію, дзе нашую будучыню
будуць вызначаць чужыя людзі. Вядома, за 48 гадзінаў адбудаваць моцную інфраструктуру ў гэтым напрамку немагчыма, але хакатон стаўся першым крокам, каб запусціць працэс. Гэта выклік і эксперымент. Але Беларусь будзе жыць, пакуль будзе зыходзіць энергія ад усіх нас», – кажа кіраўнік Беларускай рады культуры Сяргей Будкін.
Над праектамі на хакатоне працавалі 22 каманды, у якія ўваходзілі прадстаўнікі IT-сферы, культурніцкія менеджары, дызайнеры ды іншыя адмыслоўцы. Ім дапамагалі парадамі і кансультацыямі прафесійныя ментары. Напрыклад, стваральнік платформаў «Голас», «Digital Belarus», IT-прадпрымальнік Павел Лібер, IT-прадпрымальнік з экспертызай у блокчэйне і фінтэку Сяргей Казлоўскі, бізнес-аналітык і прадуктовы менеджар Ганна Хаменка ды іншыя.
Хтосьці працаваў над праектам онлайн-музею Вольнай Беларусі, хтосьці распрацоўваў праграму – гід цікавых месцаў Беларусі, якая стварае маршрут для карыстальніка і забяспечвае яго тэматычнымі падкастамі. Цікаваю падалася ідэя мабільнай праграмы – гульні для прыгатавання страваў і напояў беларускай кухні.
Дзевяць камандаў-пераможцаў працягнуць працу ў 3-месячным адукацыйным трэку, а на выхадзе маюць атрымацца паўнавартасныя жыццяздольныя праекты.
«Varta» – партал у віртуальны свет беларускай культуры, які ўяўляе з сябе агрэгацыю на адной платформе 360-фотатураў з лакацыямі ў Беларусі і за мяжою, мэтасусветаў і 3D-выставаў. Дзякуючы платформе беларусы пазнаёмяцца з беларускім мастацтвам і здолеюць сачыць за культурніцкімі падзеямі з любога пункту свету. Прататып на прэзентацыі праекту сапраўды выглядаў вельмі цікава і годна.
З гэтым праектам вельмі пераклікаецца іншы – «Культурны слой Беларусі» (AR Metaverse), які ставіць на мэце зрабіць беларускую культуру дасяжнай у фізічнай прасторы Беларусі без дзяржаўнай цэнзуры. Памятаеце гульню «PokemonGo»? Каманда хоча стварыць праграму, якая, калі наводзіць тэлефон на той ці іншы аб’ект (помнік
архітэктуры, мурал і г. д.), будзе «ажыўляць» творы і дадаваць лічбавы змест. Арганізатары хакатону параілі камандам аб’яднаць высілкі і стварыць адзіны віртуальны свет беларускага мастацтва ды культуры. Выглядае і гучыць вельмі амбітна.
Адзначым вельмі прыгожы праект «Paparać». Гэта віртуальная прастора, дзе можна зрабіцца героем беларускіх традыцыяў. Праект будзе знаёміць карыстальнікаў з беларускімі абрадамі і міфалагічнымі істотамі. Створаны VR-сусвет будзе цалкам беларускамоўны з англійскімі субцітрамі – для прыцягнення замежнай аўдыторыі. «Нашая мэта – з дапамогаю сучасных тэхналогіяў паказаць глыбіню і багацце аўтэнтычнай беларускай гісторыі», – адзначыла каманда падчас прэзентацыі.
Праект «Belarusian Book Crossing» развязвае праблему абмену беларускімі кнігамі ва ўмовах эміграцыі ды закрыцця выдавецтваў. Праект прадугледжвае стварэнне сайту для кніжнага абмену з мапаю, дзе пазначана, у якіх гарадах і краінах якія кнігі ёсць, абменам паведамленнямі паміж удзельнікамі і г. д.
Праект «Нiшо» (жывая мова). Месца онлайн-збору і публікацыі новых беларускіх словаў і выразаў, дзе кожны носьбіт мовы можа дадаць слова ці выраз, яго тлумачэнне, а іншыя ўдзельнікі змогуць знайсці патрэбнае для сябе слова, ухваліць ці адхіліць прапанаванае вызначэнне ці дадаць сваё.
«Зубрык»: інтэрактыўная мабільная праграма для вывучэння беларускай мовы дзецьмі, найперш у эміграцыі. Дзякуючы дадатку можна будзе папаўняць слоўнікавы запас, карміць і гадаваць онлайн-зубраня.
Праект «Музычны бро» ставіць сабе за мэту архівізаваць і папулярызаваць беларускую музыку. Каманда плануе стварыць паўнавартасны тэлеграм-бот, які будзе раіць беларускую музыку (выканаўцаў і канкрэтныя песні) у залежнасці ад настрою ды густу карыстальніка.
«LegendMap» – мабільны дадатак-гід для ўдумлівых экскурсіяў па беларускіх гарадах. Галоўная ідэя – самаідэнтыфікацыя праз гісторыю, міфалогію і літаратуру, праз новы погляд на свой горад, яго гісторыю, падзеі.
Іншыя ідэі таксама не застануцца без увагі: на хакатоне склаліся каманды, гатовыя супрацоўнічаць. Удзельнікі перакананыя: супольнымі высілкамі беларусы самі могуць пабудаваць новую Беларусь. Пакуль толькі віртуальна, але калісьці гэта зробіцца рэальнасцю.
СП belsat.eu