У МУС хочуць увесці адказнасць за непаведамленне аб наяўнасці замежнага ВНЖ

Міністэрства ўнутраных справаў хоча выпрацаваць механізм увядзення адказнасці за неапавяшчэнне аб наяўнасці замежнага віду на жыхарства (ВНЖ). Пра гэта 13 верасня паведаміў начальнік Дэпартаменту па грамадзянстве і міграцыі МУС Аляксей Бягун.

Літоўскае ВНЖ. Фота: delfi.lt

Па дадзеных ведамства, у органы ўнутраных справаў і органы дыпламатычнай службы паведамілі аб наяўнасці такіх дакументаў больш за 6,5 тысяч беларусаў.

«У АУС [аддзел унутраных справаў] валодаюць інфармацыяй аб людзях, якія маюць замежныя грамадзянства або від на жыхарства. Таму ў выпадку наяўнасці вышэйзгаданых дакументаў рэкамендуецца паведаміць пра гэта самастойна, каб пазбегнуць у далейшай адказнасці, увядзенне якой у цяперашні час прапрацоўваецца», – папярэдзілі ў МУС.

Нагадаем, у Беларусі з 11 ліпеня 2023 года набыў моц абноўлены закон аб грамадзянстве. Згодна з ім, грамадзяне Беларусі абавязаны апавяшчаць МУС або органы дыпламатычнай службы аб наяўнасці ў іх замежнага віду на жыхарства, грамадзянства або іншага замежнага дакументу, які дае права на льготы і іншыя перавагі ў сувязі з палітычнымі, рэлігійнымі поглядамі або нацыянальнай прыналежнасцю. Паведаміць дзяржорганы трэба на працягу трох месяцаў пры асабістым звароце, пісьмова або электронна.

Аднак пакуль адказнасці за невыкананне гэтага патрабавання не ўвялі.

Раней Аляксей Бягун распавядаў, што інфармацыя пра наяўнасць у грамадзяніна дакументаў іншай краіны нібыта патрэбная пры прыняцці рашэння аб прызначэнні на дзяржаўную службу або на пасаду, праца на якой звязаная выключна з прыналежнасцю да грамадзянства Рэспублікі Беларусь. Акрамя таго, такая інфармацыя патрэбная для статыстычнага збору, каб ацэньваць мабільнасць беларусаў і з мэтай фармавання адпаведнай міграцыйнай палітыкі.

Улады патрабуюць паведаміць пра замежнае грамадзянства або ВНЖ. Чаму гэтага не варта рабіць

Алена Рувіна belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны