Лідарка дэмакратычных сілаў і кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінету Святлана Ціханоўская адкрывае ў Бруселі Місію дэмакратычнай Беларусі. Ужо падпісаныя неабходныя паперы з урадам графства Фландрыі ў Бельгіі.
Святлана Ціханоўская атрымала ключы ад памяшкання, дзе будзе працаваць Місія дэмакратычнай Беларусі. Урад Фландрыі перадаў будынак у карыстанне дэмакратычных сілаў цалкам бясплатна. Сёння, 13 кастрычніка, у ім ужо адбылася першая імпрэза – сустрэча з дыяспарай.
Кіраўніком Місіі Святлана Ціханоўская прызначыла Уладзіміра Астапенку, намесніка прадстаўніка Аб’яднанага пераходнага кабінету ў міжнародных адносінах і аднаго з кіраўнікоў НАУ.
Місія дэмакратычнай Беларусі будзе даваць прастору беларускім арганізацыям і прадстаўнікам дыяспары, а таксама выконваць ролю амбасады свабоднай Беларусі.
Таксама Святлана Ціханоўская правяла перамовы з міністаркай замежных справаў Бельгіі пра магчымы юрыдычны і дыпламатычны статус Місіі. Пакуль памяшканне закрытае для наведванняў, але адкрыццё адбудзецца ў наступныя месяц-два.
Алена Рувіна belsat.eu